Дзіўны кантраст. Яшчэ напрыканцы мінулага тыдня ў Ветцы Аляксандар Лукашэнка запэўніваў, што ніхто на Беларусь нападаць не зьбіраецца, «у тым ліку ўкраінцы». А ўчора склікаў нараду сілавікоў пра нарастаньне пагрозаў дывэрсіяў на межах краіны, піша палітолаг Юры Дракахруст.
Праўда, і на мінулым тыдні ён казаў, што расслабляцца нельга, што могуць і напасьці. І тады меў на ўвазе, як можна было зразумець, адсутнасьць пагрозы ваеннага нападу, а сёньня размова ішла пра дывэрсіі.
Зыходзячы з агульных меркаваньняў і гістарычнага досьведу, можна дапусьціць, што калі палае агонь буйной вайны, то ў краінах, так ці інакш да яе датычных, рэзка павялічыцца актыўнасьць выведак. Так было заўсёды. Расейская выведка разам зь беларускай працуюць і ва Ўкраіне, і ў краінах NATO, асабліва памежных, а выведкі краінаў NATO і Ўкраіны не абмінаюць сваёй увагай ані Расею, ані яе саюзьніцу і саўдзельніцу агрэсіі — Беларусь.
Ці займаюцца выведкай адносна Беларусі тыя асобы, якіх затрымліваюць, абвяшчаюць шпіёнамі і паказваюць па БТ беларускія спэцслужбы? Гэта якраз не абавязкова. Усе разумеюць, што выведная актыўнасьць высокая, і таму спэцслужбам трэба рабіць справаздачы пра тое, як яны зь ёю змагаюцца. Ну, а ўжо сапраўдных шпіёнаў атрымліваецца злавіць ці не — як пашанцуе.
У 30-я гады мінулага стагодзьдзя спэцслужбы «лавілі» агентаў замежных выведак тысячамі. Многія рэпрэсіўныя практыкі тых часоў адраджаюцца цяпер на нашых вачах. Ня дзіўна будзе, калі адродзіцца і гэтая.
Што да дывэрсіяў, то на тэрыторыі Беларусі, пэўна, можна гаварыць толькі пра адну, да якой могуць быць датычныя замежныя спэцслужбы, — гэта ўдар дронамі па расейскім самалёце А-50 у Мачулішчах.
Дывэрсіі на чыгунцы са спыненьнем расейскіх вайсковых эшалёнаў ладзіліся беларусамі, і там пра нейкі замежны «сьлед» не казалі нават улады.
Учорашні падрыў беларускага цягніка з палівам адбыўся хоць і блізка ад беларускай мяжы, але на тэрыторыі Расеі. Ёсьць падставы меркаваць, што па аб’ектах на тэрыторыі Расеі і на акупаваных ёю тэрыторыях Украіны Кіеў наносіць удары даўно. Украіна сваё «аўтарства» гэтых удараў афіцыйна не прызнае, але падаецца, што гэта сакрэт Палішынэля. Адзін з апошніх — 29 красавіка — быў нанесены па нафтабазе ў Севастопалі.
Але наконт удараў па тэрыторыі Беларусі падыход Кіева, мяркуючы па ўсім, іншы. Нават з дывэрсіяй у Мачулішчах сытуацыя даволі цьмяная. Паводле выцечкі дакумэнтаў Пэнтагону, да гэтай апэрацыі мелі дачыненьне людзі СБУ, якія праявілі самадзейнасьць. Верыць у такую мудрагелістую вэрсію не абавязкова, але прыкметаў кардынальнай зьмены палітыкі Кіева адносна Беларусі пакуль ня бачна.
Да апошняга часу сутнасьцю гэтай палітыкі было не правакаваць Лукашэнку на тое, каб ён паслаў беларускае войска на вайну. Ускосна пра тое, што палітыка не мяняецца, сьведчыць даволі стрыманая рэакцыя на прыём Лукашэнкам кіраўніка анэксаванай Расеяй «ДНР» Дзяніса Пушыліна. Кіеў абмежаваўся выклікам свайго амбасадара на кансультацыі, не пайшоўшы ані на разрыў дыпляматычных адносінаў, ані нават на паніжэньне ўзроўню дыпляматычнай прысутнасьці. Такая рэакцыя слаба стасуецца з плянамі дывэрсіяў адносна Беларусі, якія нібыта выношваюць у Кіеве.
Яшчэ ў большай ступені падобныя матывы ўласьцівыя сталіцам краінаў NATO. Зьмяніць цяперашнюю грамадзка-палітычную сытуацыю ў Беларусі цяпер ня могуць ніякія дывэрсіі. Выклікаць яшчэ большыя хвалі тэрору могуць (і выклічуць). А таксама могуць справакаваць пашырэньне геаграфіі вайны (а гэта апошняе, што трэба NATO).
Так што выведная актыўнасьць суседзяў у Беларусі, сапраўды, магла павялічыцца, асабліва перад плянаваным украінскім наступам. Дывэрсійная — наўрад ці.
Але ёсьць унутраная лёгіка сыстэмы, яе эвалюцыя. Грамадзтвам, загнаным у рэжым «крэпасьці ў аблозе», зручна кіраваць. Шпіёнаманія — вельмі прыдатны інструмэнт для пабудовы такой спаруды. А ці існуюць тыя шпіёны насамрэч і ці атрымліваецца іх злавіць — хіба гэта мае вялікае значэньне?
Прыгадваецца гісторыя, якую распавядаў мне пісьменьнік, вязень сталінскіх лягераў Сяргей Грахоўскі. 1936 год. Менская турма НКВД — «амэрыканка». У набітую камэру кідаюць яшчэ аднаго вязьня. Пачынаецца размова: хто, за што. Навічок адказвае: «Я польскі шпіён». Камэра грымнула рогатам: І ўсяго толькі? Дык мы тут усе такія.
— Не, — кажа навічок, — я сапраўды афіцэр польскай выведкі. Ну, папаўся, бывае...
У камэры павісае мёртвая цішыня.
— Я вам спачуваю, — кажа ён. — Мяне, хутчэй за ўсё, проста абмяняюць на вашага. А вось вам, хлопцы...
Паводле Грахоўскага, гэтага вязьня адзінага ня білі на допытах, а неўзабаве ён увогуле зьнік. Можа расстралялі, але, хутчэй за ўсё, сапраўды абмянялі.
І на ўсім сваім доўгім гулагаўскім шляху Грахоўскі больш не сустракаў сапраўдных польскіх шпіёнаў.
Добро пожаловать в реальность!