20 сьнежня ў Беларусі адзначаецца дзень супрацоўніка органаў дзяржаўнай бясьпекі. У Беларусі з пачатку стагодзьдзя зьмянілася 5 старшыняў КДБ. Чаму гэтак часта мяняюцца кіраўнікі галоўнай спэцслужбы і куды яны ідуць працаваць пасьля адстаўкі?
Цяпер КДБ ўзначальвае Валер Вакульчык — былы шараговы супрацоўнік КДБ, які зрабіў пасьпяховую і хуткую кар’еру, узначальваючы спачатку Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры Лукашэнку , а потым новаствораны Сьледчы камітэт.
Да Валера Вакульчыка старшынём КДБ быў былы памежнік Вадзім Зайцаў, а ягоны папярэднік Юры Жадобін паводле вайсковай спэцыяльнасьці — танкіст. Раней за яго КДБ кіравалі прафэсіяналы з рознай спэцыялізацыяй: Сьцяпан Сухарэнка лічыўся дасьведчаным ў змаганьні з карупцыяй, Леанід Ерын пачынаў «чэкісткі» шлях опэрўпаўнаважаным на транспарце, а Уладзімер Мацкевіч, адмысловец ў зьнешней выведцы, прыйшоў у КДБ з камсамольскай працы.
Дзе зараз гэтыя людзі? Што стала галоўным ў іх прафэсійным лёсе пасьля адстаўкі з пасады старшыні КДБ?
У размовах пра Уладзімера Мацкевіча назіральнікі згадваюць ягоны паводзіны ў гісторыі з расьсьледаваньнем гучных зьнікненьняў. Вядома, што гэта Мацкевіч разам з былым генпракурорам Алегам Бажэлкам санкцыянаваў затрыманьне Зьмітра Паўлічэнкі, якога падазравалі ў выкраданьні былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, а таксама Віктара Ганчара і бізнесоўцы Анатоля Красоўскага.
Пасьля зьмяшчэньня Паўлічэнкі ў турму КДБ Мацкевіч і Бажэлка прыйшлі да Аляксандра Лукашэнкі з прапановай арыштаваць тагачаснага сакратара Саўбезу Віктара Шэймана як магчымага замоўшчыка палітычных зьнікненьняў, але замест гэтага апынуліся самі ў адстаўцы. Алег Бажэлка ўвогуле больш не вярнуўся на дзяржаўную працу, а вось Уладзімер Мацкевіч без справы прабыў нядоўга.
Ужо ў сакавіку 2001 году ён атрымаў агрыман на пасаду амбасадара Беларусі ў Югаславіі і з’ехаў ў Белград. Пабыўшы паслом ў краінне, якая потым зьнікла з мапы сьвету, Мацкевіч вярнуўся і з’ехаў на працу ў Расею. Як сьцвярджае аглядальнік Раман Якаўлеўскі, ў Беларусь Мацкевіч вярнуўся ў якасьці прадстаўніка моцнай расейскай структуры Северфлот.
Яшчэ няшмат часу таму спадара Мацкевіча бачылі ў прадстаўніцтве гэтай арганізацыі на вуліцы Веры Харужай, але ці працуе ён ў Менску і зараз — невядома. Чаму найчасьцей былыя адстаўнікі з КДБ едуць працаваць ў Расею? Аглядальнік Раман Яказлеўскі мяркуе, што прычына ў чэкісцкай карпарацыі, якая не зьнікла і пасьля развалу СССР.
«Усе застаюцца сябрамі ордэну мечаносцаў — ўмоўна кажучы. Гэтыя сувязі ніколі не разрываліся. А наколькі дзейнасьць некаторых адпавядае нацыянальным інтарэсам Беларусі, гэта застаецца пытаньнем.»
Паводле інтэрнэту былы старшыня КДБ Уладзімер Мацкевіч у 2008 годзе перанёс цяжкую апэрацыю ў Нямеччыне.
Пасьля скандалу з адстаўкай Мацкевіча і Бажэлкі Аляксандр Лукашэнка прызначыў кіраваць КДБ былога кіраўніка сваёй Службы бясьпекі Леаніда Ерына, які пратрымаўся на гэтай пасадзе болей за другіх — амаль 5 гадоў. Палітвязень Павал Севярынец ў 2004 годзе размаўляў з Леанідам Ерыным ў прысутнасьці ягоных намесьнікаў і журналістаў. Старшыня КДБ запрасіў апазыцыянэра на размову ў будынак КДБ дакладна з вуліцы, падчас акцыі пратэсту супроць рэфэрэндуму, які адкрываў Лукашэнку шлях да трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну.
Севярынец згадвае свае ўражаньні: не было боязьні, што з КДБ ён выйдзе не хутка, размова, якая ішла паміж імі, была сапраўдным дыялёгам. Ерын, мяркуе Севярынец, ўжо чакаў сваёй адстаўкі і хацеў паказаць сабе як чалавека, здольнага на самастойны ўчынкі. Пытаюся ў цяперашняга «хіміка» Севярынца, чаму гэтак часта мяняюцца ў Беларусі старшыні КДБ?
«Рэжым пабойваецца спэцслужбаў, як любы рэжым, які пабойваецца сілавікоў. Любую гісторыю, пачынаючы з Бібліі і канчаючы Макіявэлі чытайце і ўбачыце, што ў большасьці выпадкаў адтуль прыходзіў чалавек, які рабіў вырашальны крок у руйнаваньні рэжыму. Таму правяраюць, праводзяць ратацыі. »
Яшчэ ў канцы 2005 году стала вядома, што Леанід Ерын ўладкаваўся памочнікам Уладзімера Якуніна — кіраўніка Расейскай чыгункі. Гэтую інфармацыю тады пацьвердзілі ў кіраўніцтве галоўнай чыгуначнай установы Расеі. Зьвестак пра зьмену працы Ерыным не было.
На наступныя два гады старшынём КДБ Беларусі стаў Сьцяпан Сухарэнка. Гэты начальнік галоўнай спэцслужбы запомніўся беларусам сэнсацынфм расповядам напярададні прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году пра тое, што апазыцыянэры нібыта рыхтуюцца атруціць дохлымі пацукамі вадаправод. Зьвесткі Сухарэнкі пасьля выбараў не пацьвердзіліся. У адстаўцы Сьцяпан Сухарэнка прабыў параўнальна нядоўга і адправіўся амбасадарам ў Армэнію, дзе працуе і зараз. Нядаўна афіцыйныя мэдыі цытавалі камэнтар амбасадара Сухарэнкі адносна заяваў Грузіі аб невяртаньні ў СНД. Тон гэтага камэнтару нагадаў назіральнікам былыя выступы Сьцяпана Сухарэнкі як старшыні КДБ.
Бадай што самым незаўважным кіраўніком КДБ называюць аглядальнікі вайсковага генэрала Юрыя Жадобіна, які ўзначальваў сакрэтную ўстанову ўсяго год — з ліпеня 2007 па ліпень 2008 году. Канцом кіраваньня КДБ Жадобіным назіральнікі называюць выбух бомбы на сьвяце Незалежнасьці ў ліпені 2008 году, дзе мог пацярпець і Аляксандр Лукашэнка. Праз 10 дзён пасьля гэтага інцыдэнту быў адпраўлены ў адстаўку сакратар Саўбезу Віктар Шэйман, а Юры Жадобін заняў ягонае месца. Зараз Жадобін працуе міністрам абароны і час ад часу распавядае мэдыям пра новую зброю, што з’явілася ў войску.
У 2008 годзе зьмяніў Жадобіна на пасадзе кіраўніка КДБ былы намесьнік начальніка Беларускага памежнага камітэту Вадзім Зайцаў. Гэта яго Лукашэнка адправіў у адстаўку зусім нядаўна — ў пачатку лістападу. Менавіта пры Вадзіме Зайцаве ў турме КДБ трымалі і, паводле расповядаў палітвязьняў, катавалі удзельнікаў мітынгу пратэсту супроць фальшаваньня прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Але Зайцаў не толькі кіраваў, але і сам браў удзел ў сьледчых дзеяньнях.
Адзін з арыштаваных кандыдатаў на прэзыдэнта, Андрэй Саньнікаў, як выйшаў на волю згадваў, што яго дапытваў Вадзім Зайцаў і , паводле Саньнікава, выказваў пэўныя пагрозы яму і ягонай сям’і. Жонка апазыцыянэра журналістка Ірына Халіп не захацела варушыць балючыя для яе ўспаміны пра турму КДБ. А згадала пра тое, як адгукаліся пра Зайцава супрацоўнікі КДБ, якія ахоўвалі яе падчас «хатняга арышту».
«Зайцаў забараніў ім езьдзіць у адпачынак у тую ж Турцыю ці Егіпет. Казаў ім, што адносна іх там могуць быць правакацыі. Скардзіліся, што не могуць адвезьці туды дзяцей пагрэцца на сонцы, а жонку адну адпускаць нельга, бо ёй цяжка. І спадзяваліся, што можа калі-небудзь да іх прыйдзе нарэшце нармальны начальнік. На што я ім казала, што не, хлопцы, пры гэтым рэжыме нармальнага начальніка вам не дачакацца. І мяркуючы па іх тварах, яны з гэтым пагаджаліся».
Вадзім Зайцаў быў зьняты пасьля скандалу з заўчаснай сьмерцю палкоўніка КДБ Аляксандра Казака, якую кіраўніцтва КДБ спрабавала замаўчаць. Новай пасады былы старшыня КДБ яшчэ не атрымаў.
Чаму чалавек, які выявіў сябе здольным змагаром з апазыцыяй, быў хутка заменены? Палітоляг Віталь Чавусаў мяркуе, што новы кіраўнік КДБ Валер Вакульчык мае задачу дастаткова адрозную ад той, якая стаяла перад ягоным папярэднікам.
«Доўга на штыках не прасядзіш. Такая палітыка беспасярэдне пагражала ўстойлівасьці самога палітычнага рэжыму аднаасобнай ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Зараз эканамічны складнік рэжыму робіцца супрацьвагай сілавікам, якая неабходная Лукашэнку, каб захоўваць функцыю вярхоўнага арбітра. І перавод Вакульчыка ў КДБ азначаў перавод гэтай ўстановы з рэжыму надзвычайнай працы да рэжыму працы важкай, істотнай, але ўвязанай ў сыстэму стрымак і супрацьвагаў у межах атачэньня Лукашэнкі».
Добро пожаловать в реальность!