Адстаўка старшыні КДБ Вадзіма Зайцава застаецца галоўнай навіной. Эксперты працягваюць каментаваць кадравую сенсацыю.
Генерал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб мяркуе, што прызначэнне Леаніда Мальцава сведчыць пра тое, што існуюць падазрэнні больш сур’ёзныя, чым тыя, пра якія кажуць адкрыта.
«Мальцаў — былы міністр абароны. У свой час быў зняты з пасады міністра за тое, што на ўрачыстасцях ён быў нецвярозы. Потым быў памілаваны, зноў прыцягнуты на пасаду міністра абароны. Потым стаў дзяржсакратаром Савету бяспекі. Лукашэнка давярае Мальцаву, але не давярае нікому з кіраўнікоў дзяржбяспекі»,-- заявіў Мечыслаў Грыб "Радыё Свабода".
Спадар Грыб згадвае, што менавіта пры Зайцаву арыштавалі і судзілі следчую па асабліва важных справах Генпракуратуры Святлану Байкову. А таксама трапілі пад пераслед чыноўнікі Міністэрства ўнутраных спраў. Зразумела, што з усяе сілы Зайцаў змагаўся і з апазыцыяй.
«Ён кіраваў затрыманнямі, правядзеннем следства па справе 19 снежня 2010 году. Сам веў допыты, пагражаў... ».
Экс-кандыдат у прэзідэнты Ўладзімір Някляеў бачыць дзве прычыны ў адстаўцы Зайцава. Гэта ўнутрывідавая барацьба: у КДБ ня любяць прышлых. Хаця Зайцаў і апекаваўся сынам Лукашэнкі ў памежных войсках.
«Другая — плошча. Многія папракаюць апазіцыю, што яна не была падрыхтаваная да плошчы належным чынам. Так, я згодны. Але яшчэ меней была падрыхтаваная да плошчы ўлада. І калі б не мароз, які выратаваў Лукашэнку, як Сталіна пад Масквой, то невядома, ці застаўся б ён у сваёй рэзідэнцыі. Але хоць Зайцаў і адпраўлены ў адстаўку, я не спяшаўся б ставіць крыж на яго кар’еры. Ёсць шмат прыкладаў, з тым жа генералам Мальцавым, якога Лукашэнка публічна з ганбай проста выгнаў з арміі. А цяпер генерал Мальцаў хто? Але цяпер гэты генерал Мальцаў цалкам абавязаны за ўсё толькі Лукашэнку. І будзе каля нагі. Гэтаксама каля нагі можа аказацца і генерал Зайцаў».
Зняццё з пасады старшыні КДБ Вадзіма Зайцава -- заканамерны вынік, -- лічыць старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.
Зайцаў быў зняты, па афіцыйнай версіі, у сувязі з апошнімі падзеямі, звязанымі з Камітэтам дзяржаўнай бяспекі. Гэта самазабойства, а не выключана, забойства падпалкоўніка КДБ Аляксандра Казака і шэраг іншых скандалаў. Па словах Анатоля Лябедзькі, гэта -- толькі вяршыня айсбергу.
- Не так проста чалавек сыходзіць з жыцця. У апошні час, КДБ не толькі займаецца палітычным сыскам і вядзе змаганне з апазіцыяй, ён у значнай ступені кантралюе эканоміку і фінансавыя патокі. Я думаю, там трэба глядзець, ёсць шмат цікавага, -- заявіў Анатоль Лябедзька Радыё "Рацыя"
Па словах Анатоля Лябедзькі, у сістэме кіравання, створанай у Беларусі, існуе яўная дамінанта сілавых структур. "КДБ у апошнія гады стала суперведамствам з неабмежаванымі паўнамоцтвамі, з карт-бланшам на любыя дзеянні ў адносінах да асобы і ўласнасці. І тады з'яўляюцца велізарная спакуса, каб дзейнічаць, не звяртаючы ўвагі на закон, Канстытуцыю, мараль. У выніку ўзнікаюць праявы, на якія Лукашэнка вымушаны адказваць пастаяннай зменай кіруючых кадраў", -- лічыць Анатоль Лябедзька. Да таго ж, калі няма грамадскага, парламенцкага кантролю за дзейнасцю сілавых ведамстваў, там заўсёды ствараецца глеба для парушэнняў закону.
"Адстаўка Зайцава была запраграмавана, - лічыць Анатоль Лябедзька. -- Стварэнне на базе КДБ суперведамства з неабмежаванымі паўнамоцтвамі і карт-бланш на дзеянні або бяздзейнасць -- гэта прамы шлях да прававога бязмежжа. Спакуса распараджацца па сваім меркаванні чалавечымі лёсамі і маёмасцю ў такой сітуацыі заўсёды будзе душыць усё астатняе. Праблема не ў Зайцаве, а ў сістэме, якую стварыў, выпесціў Лукашэнка".
Добро пожаловать в реальность!