Здаўна бытуе крылаты выраз: «Не блытайце божы дар з яечняй!» Гэтыя мудрыя словы з’яўляюцца крытэрыем у аналізе любых з’яў, падзей, а таксама прадугледжваюць прынцыповую, праўдзівую ацэнку кожнага чалавека, яго адукаванасці, культуры, характару, паводзін, вынікаў дзейнасці.
Калі акідваеш позіркам і думкамі сучасны свет, то прыходзіш да высновы, што вялікіх і проста значных палітыкаў у ім няма. Эра аўтарытэтных лідараў нацый скончылася. Дзякуючы ўсемагчымым падтасоўкам, недасканалым, непразрыстым выбарчым сістэмам, хітрым паліттэхналогіям, настырнаму піяру, да вышэйшай улады цяпер прыходзяць даволі пасрэдныя асобы, а часам нават неадукаваныя, некультурныя людзі.
Прыйшоў час так званых «харызматыкаў». Але іхнія харызмы складаюцца не з дадатных якасцяў, а з цынічнага нахабства, несумленнасці, хлуслівай дэмагогіі, прагнасці ў прысабечванні народнага багацця, з гатоўнасці дзеля ўтрымання ўлады прымяняць жорсткую сілу, душыць разумныя, карысныя захады смелых, ініцыятыўных і прагрэсіўных грамадзян.
Постсавецкія Беларусь і Расія наступілі на старыя граблі, бо аўтарытарызм у любым часе захоўвае сваю адмоўную сутнасць. Выкарыстанне чыноўнікамі службовых пасад без усялякай аглядкі на законы, на мараль паўтараецца, але махлярства і сквапнасць набылі гіганцкі маштаб.
Ніжэйшы ўзровень улады характарызуецца выключнай прымітыўнасцю, Божы дар сярод гэтага кантынгенту адсутнічае. Людзі, якія страшэнна задаволены пасадай кіраўніка нейкага прадпрыемства або невялікай адміністратыўнай адзінкі, і не прэтэндуюць на большае, нацэлены на адно — нацягаць паболей грошай, дабра ў сваё гняздо. Галоўнае — аблізвай вышэйшага начальніка, кляніся ў вернасці самаму галоўнаму босу, і ўсё будзе выдатна. Калі падзаляцеў, то перавядуць на іншую «хлебную пасаду». У выключных выпадках бывае, што некаму прышчамляюць хвост, хапаюць за руку, але таксама не пакрыўдзяць — заплаці частковую кампенсацыю нанесенага ўрону і можаш красці далей. Накіраваўся, накраўся, а там пенсія, і канцы — у ваду!
Што тычыцца вышэйшага звяна, то тут сітуацыя складаней. Несумненна, што ў гэтым выпадку маштабы прысваення багацця адкрыты непараўнальна большыя. Але часта важнейшай становіцца сама ўлада. З даўніх часоў (паказальны прыклад — забіты прэтарыянцамі рымскі імператар Калігула, які патрабаваў ушанавання сябе, нібыта Бога) вышэйшы пост захоплівалі людзі, якім хацелася такім чынам вылечыцца ад псіхічнай траўмы, асабістай драмы, пераадолець комплекс няпаўнавартасці, нешта некаму даказаць. Яны не могуць заваяваць народную павагу розумам, ведамі, высокай культурай, а таму абапіраюцца на папулізм, грубую сілу, абуджаюць у грамадстве дзікія, ганебныя інстынкты. Класік рускай літаратуры У. Караленка даў дакладную характарыстыку гэтай з’яве: «Всякое насилие неминуемо привлекает к себе морально неполноценных…»
Маніякальная прага ўлады прыводзіць да парушэння законаў, да знішчэння людзей, аднак пры дапамозе дэмагогіі ўсе злачынствы хаваюцца. Цытую словы вядомага англійскага пісьменніка Д. Оруэла: «Гітлеры і сталіны лічаць забойства неабходнасцю, але і яны не пахваляюцца сваёй задубеласцю, не кажуць прама, што гатовы забіваць: з’яўляюцца «ліквідацыя», «ухіленне» і іншыя супакойваючыя эўфемізмы».
Сучасныя аўтакраты таксама не расказваюць пра свае «штукарствы», а бяруцца чытаць усяму свету лекцыі на тэму дэмакратыі. Аказваецца, яны з усіх сіл імкнуцца да ўсталявання ў сваіх краінах народаўладдзя, толькі не трэба іх прыспешваць: дайце яшчэ пакіраваць, і мы такую дэмакратыю вам збацаем, што ахнеце!
Выраз наконт «божага дару і яечні» згадваецца, калі чуеш арыгінальнае «адкрыццё» тутэйшага кіраўніка пра тое, што беларусы ўжо жывуць пры самай дасканалай дэмакратыі і не менш заможна, чым насельнікі Заходняй Еўропы, калі слухаеш бездапаможныя апраўданні У. Пуціна, які падхапіў «беларускі вірус» і хоча правіць бясконца. Прэтэндэнт на «карону» ахайвае сваіх папярэднікаў, але «забываецца», што ў 80-х гадах ХХ стагоддзя цана аднаго барэля нафты была 6 долараў, а ў час яго праўлення і пераемніка Д. Мядзведзева — 110 — 115 «зялёных». Ёсць розніца? Аднак расійскае жыццё паказвае, што без «божага дару» далёка не заедзеш нават на агромністых запасах нафты і газу…
Калі назіраеш за мясцовымі прыўладнымі СМІ, за расійскімі і ўкраінскімі заангажаванымі журналістамі, што любяць ваяжы ў «сінявокую», за прыкормленымі тутэйшым рэжымам «экспертамі» з Германіі, Аўстрыі, Польшчы, Літвы, Латвіі і ЗША, якія не стамляюцца расхвальваць даўно пабляклы «беларускі цуд», то ўспамінаецца герой рамана І. Ільфа, Я. Пятрова «Двенадцать стульев» А. Бэндэр, яго падхалімаж у ацэнцы халаціка Элачкі-Людаедкі: «Он закрыл глаза и сделал шаг назад.
— Прекрасный мех! — воскликнул он.
— Шутите! — сказала Эллочка нежно. — Это мексиканский тушкан.
— Быть этого не может. Вас обманули. Вам дали гораздо лучший мех. Это шанхайские барсы. Ну да! Барсы! Я знаю их по оттенку. Видите, как мех играет на солнце!.. Изумруд! Изумруд!
Эллочка сама красила мексиканского тушкана зеленой акварелью, и потому похвала утреннего посетителя была ей особенно приятна».
Аўтакраты і самі не ўпускаюць трыбунныя, тэлевізійныя магчымасці, каб выдаваць яечню за божы дар. Прытым пахвальба вядзецца ў найвышэйшых ступенях: мы — самыя-самыя! Былі б яшчэ лепшымі, каб не шматлікія ўнутраныя і знешнія «ворагі». А тутэйшыя боўдзілы і пустадомкі, развесіўшы вушы, слухаюць хлусню і ганарацца сабою.
Мне давялося быць у многіх краінах, а таму ведаю, што беларуска-расійска-казахскія каштоўнасці і менталітэт адрозніваюцца ад еўрапейскіх або амерыканскіх як неба і зямля. Махлярскі капіталізм нам не дапаможа. Усё залежыць ад адукаванасці, стараннасці, сумленнасці кожнага чалавека. Любая, нават самая дасканалая тэхналогія рэалізуецца канкрэтнымі людзьмі і заўсёды набывае «мясцовы акцэнт». Паглядзіце, як адрозніваецца якасцю бытавая тэхніка, сабраная практычна з аднолькавых дэталяў у Германіі, Аўстрыі — і ў Кітаі! Постсавецкім людзям трэба хутчэй вучыцца нармальна працаваць і жыць…
Усе ведаюць, што яечня — самая простая страва, якая гатуецца на хуткую руку. У. Пуцін у нядаўнім інтэрв’ю прызнаўся, што сучасная Расія сшыта «на жывую нітку». Што тычыцца Беларусі, то ў яе яшчэ больш сціплыя вынікі, нават родную мову загубілі. Ідэалагічныя і эканамічныя «куры» дзвюх краін не знеслі пакуль нічога новага. Палітычныя кухары выкарыстоўваюць нясвежыя «яйкі» — сталінскія, хрушчоўскія, брэжнеўскія.
Беларусы і расіяне нахабна пазбаўлены адкрытых, свабодных выбараў на аснове сумленнай канкурэнцыі, што выклікае справядлівы гнеў. Хоць чыноўнікі пастаянна сцвярджаюць: «У нас нет сильного возбуждения снизу», ды ў Беларусі амаль штодзённа праводзяцца пратэстныя акцыі, а ў Расіі пашыраецца рух пад заклікамі: «Фиктивные выборы — вне закона!», «Проголосуем против воровской власти!».
Нармальныя людзі справядліва лічаць такую ўладу над сабою вялікай абразай. Разам з імі і я хачу жыць так, каб не было сорамна за сваю краіну, за тых, хто ёй кіруе.
Сяргей Законнiкаў.
…Ад рэдакцыі: кнігі С. Законнікава «Шалёная Куля», «Дол» (вершы і паэмы), «Насустрач» (публіцыстыка, эсэ) ёсць у кнігарні «Акадэмічная кніга» (пр. Незалежнасці, д. 72).
Подпишитесь на
канал ex-press.live
в Telegram и будьте в курсе самых актуальных событий Борисова, Жодино, страны и мира.
Добро пожаловать в реальность!
Добро пожаловать в реальность!
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите
Ctrl+Enter