Намеснік камандуючага Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны — начальнік авіяцыі Леанід Давідовіч у каментары дзяржтэлебачанню расказаў пра пагрозы, якія, на яго думку, могуць узнікнуць падчас выбарчай кампаніі ў 2025-м.
— Імкненне разгайдаць краіну знутры заўсёды прадыктавана тым, што гэта, як правіла, нашмат танней, чым ваяваць. Акурат у часе ўсяго гэтага перадвыбарчага працэсу, думаю, мы можам сутыкнуцца з правакацыямі, у тым ліку ў паветранай прасторы. Нас цяпер прамацваюць і будуць далей працягваць прамацваць, каб ацаніць нашы магчымасці, — цытуе Салідарнасць Давідовіча.
Ён прывёў варыянт магчымай правакацыі:
— Калі на нашу тэрыторыю заляціць які-небудзь грамадзянскі самалёт, мы, вядома, будзем змушаныя ўжыць па ім зброю. Гэта сцэнар, які абкатваўся ўжо неаднаразова. З наступнымі абвінавачваннямі ў забойстве мірных грамадзян, мірных пасажыраў, якія выпадкова заблукалі. Бо гэтыя сцэнары нам вядомыя. Мы пра іх ведаем, мы рыхтуемся да такіх правакацый.
Не выключана, што палкоўнік Леанід Давідовіч прывёў у прыклад сітуацыю, вельмі падобную да інцыдэнта над Сахалінам у 1983-м, калі савецкі Су-15 збіў карэйскі пасажырскі «Боінг». Той моцна адхіліўся ад курса, чым пасля савецкі бок абгрунтоўваў правамоцнасць сваіх дзеянняў.
Гэта быў напружаны час: савецкія войскі ваявалі ў Афганістане, авіяносныя групы ВМС ЗША зайшлі ў акваторыю Ахоцкага мора.
Выказванні начальніка вайсковай авіяцыі Филин абмеркаваў з палітычным аглядальнікам «Радыё Свабода» Юрыем Дракахрустам.
— Гэта нейкі новы ўзровень, калі ваенныя начальнікі праводзяць такія аналогіі, ды яшчэ прывязваюць іх да беларускіх падзей? Ці гэта ўсё тая ж накачка, якую мы назіраем апошнія месяцы?
— Цяжка сказаць, якая прычына ў канкрэтна гэтых заяваў. Магчыма, яна палягае ў агульным кантэксце. Вы слушна сказалі, што ідзе накачка.
Па публічных каналах увесь час гаворыцца, што ворагі не спяць, што яны паспрабуюць на нас напасці і на гэтых выбарах, і на выбарах у наступным годзе.
І гэта ўздзейнічае на людзей. Акрамя таго, людзі ў пагонах імкнуцца прадэманстраваць, што яны гатовыя, што яны выконваюць гэтыя загады і ўстаноўкі. І часам, зразумела, іх нясе далей, чым варта было б.
Можна прыгадаць, як у 2020 годзе гаварылася пра тое, што замежныя войскі гатовыя ўварвацца. Лукашэнка пра гэта казаў не адзін раз, што на мяжы стаяць варожыя войскі на нізкім старце. Маўляў, пратэстоўцы планавалі захапіць пэўныя аб’екты, запрасіць сюды войскі НАТА.
Быў яшчэ адзін не вельмі ўцямны зліў пра тое, што расійскія войскі выйдуць на пазіцыі ў Беларусі і дадуць бой натаўцам, калі тыя ўмяшаюцца ў беларускі грамадзянскі канфлікт.
Гэтыя абсалютна фантастычныя ўяўленні пра намеры другога боку актуальныя, яны прысутнічаюць у галовах.
Што тычыцца цывільных самалётаў, то пасля справы Пратасевіча ў 2021-м яны больш не лятаюць над Беларуссю. Усё, палёты спыніліся. Тут нават пры жаданнi няма каго збіваць.
Дарэчы, я думаю, заявы гэтага вайскоўца могуць стаць яшчэ адным аргументам для заходніх краінаў не здымаць авіяцыйныя санкцыі.
Супраць іх было шмат аргументаў, выказваліся розныя палітолагі, эксперты, нават палітыкі. Маўляў, гэта пагаршае становішча для грамадства, для простых беларусаў, каторых такім чынам адразаюць ад Еўропы.
Што не пазбаўлена слушнасці. Але калі Захад мае справу вось з такімі людзьмі, з такой логікай, такім мысленнем, то тут можна толькі развесці рукамі — людзі ўласнаручна ўзмацняюць гэтыя санкцыі.
Такое ўражанне, што гэта жаданне выслужыцца. Вось ёсць афіцыйная ўстаноўка — глядзіце, пільнуйце, магчымыя розныя варыянты. А я гатовы пайсці далей за гэтыя ўстаноўкі. Таму і кажу, што мы гатовыя нават цывільныя самалёты збіваць.
Гэта нагадвае леташнюю гісторыю, калі першы намеснік дзяржсакратара Савета бяспекі Павел Муравейка заявіў, што супраць нас уведзеныя санкцыі, што санкцыі — гэта вайна. Што нас пазбавілі магчымасці прадаваць свой калій. І таму мы павінны як мінімум разгледзець магчымасць прасекчы «жыццёва важны для нас калідор сілай зброі».
Гэта прыклад таго, што ёсць устаноўка пра тое, што санкцыі — гэта кепска. І ваеннага чалавека тут панесла трошкі далей, чым патрабавалася.
Тым больш, што Муравейка — гэта ўзровень Мядзведзева ў Расіі, які займае пасаду намесніка старшыні Савета бяспекі РФ. А куды яго заносіць, добра вядома. Ён ужо некалькі разоў Еўропу «знішчаў» ядзернай зброяй.
Відаць, лічыцца, што з гэтай пасады так можна рабіць. Па ідэі, пасада начальніка авіяцыі не прадугледжвае паўнамоцтвы вырашаць, каго можна збіваць, а каго нельга, але маем, што маем.
— Калі адштурхнуцца ад таго, што такія заявы не адпавядаюць пасадзе, але яны ўсё адно гучаць усё часцей, то да чаго гэта ўсё можа прывесці ўрэшце? Ці не занадта часта ваенныя начальнікі пераступаюць гэтую рысу?
— Зразумела, што ў перспектыве гэта можа скончыцца дысфункцыяй гэтай сістэмы. Так, тут кепскі досвед Расіі. Мяцеж Прыгожына паказаў, што людзі са зброяй могуць прад’яўляць нейкія прэтэнзіі.
Але я не думаю, што так будзе ў Беларусі. Думаю, што ваенныя тут пад кантролем. Кантроль гэты, натуральна, пераследуе кепскія мэты. Але яны ўсё ж пад кантролем.
А ўжо гэтае балбатанне, кшталту, мы тут усіх парвём, гэта як заявы Азаронка пра тое, што Варшава патоне ў крыві. Так, чамусьці лічыцца, што вайсковыя людзі так могуць гаварыць, прынамсі, некаторыя. Могуць сабе дазволіць у такой танальнасці апісываць будучыню.
Добро пожаловать в реальность!