Анісіi 25 гадоў, яна юрыстка, праваабаронца ўжо 9 гадоў, зараз працуе ў арганізацыі «Письма в клеточку». Дзяўчына распавяла EX-PRESS.BY, чаму пакiнула Беларусь i як наладжвае жыццё за мяжой.
— Гэта было звязана з маёй працай, таму што я праваабаронца, — пачынае размову беларуска. — Пасля вялікай аблавы на «Вясну» і іншыя праваабарончыя арганізацыі для мяне было небяспечным знаходзіцца ў Беларусі. Была вымушаная з’ехаць.
На допытах пачалі пытацца пра дзейнасць беларускi, была вялікая рызыка затрымання.
— Я была ў Горадні на канцэрце. Маю калежанку затрымалі, і яна перадала, што мне лепей з’ехаць. Прыехала ў Менск, 7 гадзін правяла ў сваёй кватэры, збірала рэчы. Гэта была сярэдзіна жніўня 2021 года.
Анiсiя думала, што едзе літаральна на месяц, таму ўзяла з сабой ноўтбук, здымач, джынсы, цiшоткі, бялізну i зубную шчотку. Планавала ў вераснi вярнуцца:
— Думала, што еду на месяц. Ехала толькі з заплечнікам, але ўжо паўгады ў іншай краіне. Раней шмат гуляла па Менску і шмат яго здымала. Плёнкавы «Зенiт» быў абсалютна не дарэчны да майго камплекту рэчаў, але вельмі мне дарагі. З сабой яшчэ забрала сцяг, які шыла сама.
«Я больш эфектыўная на свабодзе, чым у няволі»
— Падрыхтавацца не паспела. Думала, прыеду і разбяруся на месцы. Аказалася — не хутка гэта робiцца. Выбару куды ехаць асабліва не было, таму што за некалькі месяцаў да гэтага скончылася віза. Зрабіць яе не паспела, бо думала, што мне трэба будзе адзін відавочны варыянт — Украіна, улічваючы, што я ехала перачакаць.
Тут вялікая колькасць сяброў і тых, хто эміграваў з маіх знаёмых, калег па праваабарончым цэху, актывістаў з розных арганізацый, якія моцна падтрымлівалі. Іншую краіну не разглядала, куды магла эміграваць.
Мне наўпрост сказалі, што ў Следчым камітэце гучыць маё імя. Не было выйсця. Канешне, можна было застацца, але мне здаецца, што я больш эфектыўная на свабодзе, чым у няволі.
«Мае 180 дзён хутка скончацца»
Зараз Анiciя працуе ў арганізацыі «Письма в клеточку». Яна займаецца ліставаннем з палітвязнямі, дапамагае людзям перапісвацца з імі:
— У нас ёсць сайт, дзе любы жадаючы можа выбраць адрасата, напісаць ліст, дадаць малюнак, фотаздымак або яшчэ нешта. Мы гэта пакуем і дасылаем. Я працавала так яшчэ ў Менску. Гэта праца на адлегласці, таму не развіталася з тым, што рабіла.
На пытанне, цi ёсць цяжкасцi на новым месцы, якiя трэба вырашаць, адказвае:
— Цяжкасці пачынаюцца зараз, таму што беларусам легальна можна знаходзіцца ва Украіне 180 дзён. Мае 180 дзён хутка скончацца. Я прапусціла тэрмін падачы на часовы від на жыхарства. Спрабую падаць дакументы на працяг тэрміну легальнага знаходжання.
Вельмі вялікія чэргі мігрантаў, шмат беларусаў, якія з дапамогай валанцёрства ва ўкраінскіх арганізацыях спрабуюць застацца, каб не падавацца на бежанства. Некаторыя людзі разумеюць, што гэта складана, нічога не робяць. Думаюць, прасцей потым заплаціць штраф.
Пра жыллё
Гераiня прызнаецца, што было вельмі цяжка адшукаць жыллё:
— Напэўна, у любой краіне арэндадаўцы хочуць, каб у іх здымалі на год і больш. Калі ты просіш на паўгады або некалькі месяцаў, большасць адмаўляе.
— Тут вялікая «камуналка». У Беларусі за сваю аднапакаёвую кватэру плаціла максімум 60 рублёў, тут прыходзіцца аддаваць 2800 грывен (каля 250 рублёў). Вельмi адчувальная частка расходаў. Я зняла кватэру, у якой да мяне яшчэ ніхто не жыў. Жыву, як у Каменнай Горцы, у «Чалавейніках». Тут добра развітая інфраструктура, але не зручна жыць на 19 паверсе. Я ніколі не жыла ў шматпавярховіках.
Шмат кватэраў прапаноўваюць без рамонтаў. На любы кошт можна адшукаць. Ведаю хлопца, які здымае за 5000 грывен, але далёка ад метро.
Ёсць і такія кватэры, якія каштуюць ад 2000 еўра за месяц. Прычым, гэта будзе аднушка-студыя.
Дзяўчына прыехала ў той час, калі студэнты засяліліся; выбар жытла быў невялікі, але ўсё роўна можна было знайсці:
— Шчыра кажучы, не памятаю, дзе адшукала. Тады пералапаціла шмат рэсурсаў. Для мяне было важна адшукаць кватэру без рыэлтараў, таму што тут за першы месяц плаціш яму за паслугі 100% кошту. Плаціш ты, а не ўладар кватэры, які звярнуўся па гэтую паслугу. Вялікая частка варыянтаў не падыходзіла. Не хацелася аддаваць такія вялікія грошы. Зараз я аддаю за кватэру 10 тысяч грывен (каля 1 000 беларускіх рублёў).
Пра адпачынак
— Тут вельмі шмат розных цікавостак, галерэяў, клубаў, бараў — на любы густ. Я наведваю беларускія бары «Карма» і «Торвальд». Мы там нават некалькі разоў праводзілі вечары салідарнасцi з беларускімі палітвязнямі. За гэты час хадзіла толькі на беларускія канцэрты, напрыклад, на гурт «Петля Пристрастия». Хутка будзе выступаць гурт «Кассиопея», таксама на яго пайду.
Ва Украіне ёсць мора, горы. У вераснi з маім хлопцам паспелі акунуцца ў мора. На мой дзень народзінаў мы ездзілі ў горы на некалькі дзён. Гэта даступна. Квіткі недарагія, арэнда жытла таксама. Гэта як у нас у Горадню зганяць. Ну можа крыху больш.
Кошты на ежу высокія, на прадукты таксама. Вялікую частку бюджэту займаюць гэтыя траты.
Анiсiя кажа, што яшчэ не знайшла кавярню, дзе б прыгатавалі смачную пасту:
— У гэтым сэнсе я вельмі сумую па Менску, дзе я ведала месца са смачнай пастай. Увогуле стараюся гатаваць сама дома. Я працую дома, жыву на левым беразе, таму зрэдку выбіраюся з кватэры. Час ад часу выходзім кудысьці. За 500 грывен можна схадзіць удваіх на добрую вячэру.
Пра мясцовых
Пакуль у беларускi толькі станоўчы досвед у размове з мясцовымі. Яна выкарыстоўвае рускую і беларускую мовы, але хоча вывучыць украінскую, каб разумець людзей, да якіх прыехала:
— У Менску я ўжо пачынала яе вучыць. Лічу, што гэта знак павагі да краіны, якая цябе прыняла. Не ўзнікае ніякіх канфліктаў. Калі даведваюцца, што ты з Беларусі, адчуваецца вельмі станоўчае стаўленне. Напрыклад, гаспадары кватэры, дзе я жыву, толькі з-за гэтага дазволілі зняць на паўгады. Мы зараз працягваем дамову і будзем жыць у ёй далей.
Мяне вельмі здзівіла тое, што ўкраінцы вельмі кепска разумеюць, што ў нас адбываецца насамрэч. Пытаюцца: «Почему вы выходите из-за этой домохозяйки? Почему считаете ее лидером? Она обычная женщина». Пачынаеш тлумачыць, яны робяць круглыя вочы і прызнаюцца, што ў іх пра гэта не кажуць.
Электрык да нас прыходзіць і кажа: «Бацька маладзец, мадэрнізацыю зрабіў». Кажаш яму пра катаванні, пра палітвязняў. Ён: «Ну свабоды ніколі не будзе дастаткова». Бессэнсоўна спрачацца. Моладзь больш цікавіцца сітуацыяй. Уважліва слухаюць, але не заўсёды.
З дыяспарай Анiciя падтрымлівае сувязь. Яна праводзіла вечары напісання лістоў палітвязням, якія потым дасылала:
— У тым жа «Торвальдзе» праходзяць беларускія імпрэзы. Я вельмі мала прымаю ўдзел, бо не хапае часу.
Пра непаразуменнi
— Ёсць рэчы, якія я не разумею. Напрыклад, нельга аплаціціь беларускай карткай праезд, толькі ўкраінскай. Аднойчы забыла праязны, прыйшлося ехаць зайцам, бо не магла інакш набыць квіток.
Вельмі шмат неарганізаванага гандлю. Цяжка прызвычаяцца. У Беларусi гэта неяк кантралюецца. Тут часам не зручна прайсці, няма месца. Усё застаўлена, засцелена шапкамі, майкамі, пробнікамі духоў, марынаванай капустай. Вельмі не зручна.
Людзі вельмі добразычлівыя і адкрытыя. Вельмі рэдка трапляла ў сітуацыі ў Беларусі, калі да цябе падыходзяць і знаёмяцца. Пачынаем абмяркоўваць нейкую тэму. Людзі тут вельмі проста ідуць на кантакт.
«Сумую па кату»
Анiсiя падкрэслiвае, што вельмі сумуе па дому i па бацьках:
— Калі гэта не твой выбар — ехаць з дому, а вымушаная сітуацыя, гэта больш востра адчуваецца. Сумую па сваім Менску, дзе я ведала, куды пайсці пад настрой; калі хачу набыць прыгожыя паштоўкi, то магу пайсці ў кнігарню. Шмат часу прайшло, калі знайшла, дзе ва Украіне набыць прыгожыя паштоўкі. У аддзяленнях паштовых няма, толькі ў Галоўным паштамце. Я сумую па тэатрах, па Цэнтральнаму, па заварных пірожных. Сумую па колеру, які робіцца на раёне, калі сонца заходзіць увесну. Сумую па кату.
Я вельмі хачу вярнуцца. Гэта будуць абставіны, калі будзе для мяне больш бяспечна або калі нешта зменіцца.
У мяне гэта другі досвед эміграцыі. У 2020 годзе я таксама часова з’язджала. Цяжка перажывала. Потым вярнулася амаль на год і паспела прынесці карысці грамадству.
Трэба заставацца да апошняга, але вельмі цвяроза ацэньваць пагрозу. Калі ёсць рызыка пагрозы, — пакідаць краіну. Любы чалавек значна карысны на волі.
Добро пожаловать в реальность!