Герману 24 гады. З мiнулай вясны ён жыве ў Кiеве. Трапiў туды пасля прымусовага зачынення крамы «Symbal.by», дзе працаваў два гады. EX-PRESS.BY пагутарыў з беларусам, які пакінуў краіну дзеля сваёй бяспекі.
Гэта быў сакавік 2021 году. Тады былі вымушаныя зачыніць краму, якая займалася папулярызацыяй рэчаў і з’яў, прысвечаных беларускай мове, культуры і гісторыі.
«Я разумеў, як развіваюцца падзеі ў Беларусі, — кажа Герман. — Вырашыў часова пакінуць Радзіму, у тым ліку, з-за мэты бяспекі. Трэба было шукаць новую працу».
Так наш суразмоўца пераехаў ва Ўкраіну на некалькі месяцаў, каб паглядзець, як будзе развівацца сітуацыя ў Беларусi. І вось два месяцы працягваюцца ўжо амаль год.
Герой разумеў, што можа знайсці працу ў Беларусі. Гэта не было праблемай. Але тое, што адбываецца ў Беларусі з палітычнага пункту гледжання, непакоіла. Пакінуў краіну ў мэтах бяспекі, каб адчуваць сябе камфортна і не баяцца, што да цябе у любы момант могуць прыйсці.
«Калі не Беларусь, не Мінск, то — Кіеў. Ён мне даспадобы»
У Германа быў час падумаць, ён разглядаў розныя варыянты:
— Гэта было цалкам маё рашэнне, цалкам узважанае. Меў час падрыхтавацца, зрабіць неабходныя справы ў Беларусі. Не было такой сітуацыі, што было некалькі дзён, каб з’ехаць. У гэтым быў мой плюс — я сам рыхтаваў сябе да пераезду. Быў да гэтага ва Ўкраіне каля 10 разоў, нават больш, асабліва ў Кіеве.
Калі не Беларусь, не Мінск, то — Кіеў. Ён мне да спадобы. Шмат хто абірае Варшаву або Вільню. Я там таксама быў некалькі разоў, але гэта не маё. У Кіеве былі сябры, у якіх я мог пажыць, нейкія сувязі таксама былі, але яны мне не спатрэбіліся.
Шчыра кажучы, нават не было людзей, якія казалі заставацца. Нават бабуля і дзядуля сказалі, што лепш пераехаць. Лепей яны мне будуць тэлефанаваць. Блізкія прынялі цалкам маё рашэнне.
«Я думаў, што гэта будзе на некалькі месяцаў»
Герману нават не прыйшлося рыхтавацца да пераезду, Адзінае — ён удакладняў iнфармацыю наконт каранавіруса, як пераехаць мяжу, зрабіць страхоўку.
Самыя галоўныя рэчы хлопец ўзяў, астатняе можна было набыць:
— Я думаў, што гэта будзе на некалькі месяцаў, таму браў вясеннія рэчы, цёплыя не браў. Шмат хто бярэ сцягі ці сымбалі, цішоткі або світшоты з надпісамі «Мінск» і іншымі. Лічу, што яны павінны быць у Беларусі. Я вырашыў паехаць у турыстычную вандроўку, але яна расцягнулася амаль на год.
Мне пашчасціла, што я вельмі хутка знайшоў працу без нерваў і спробаў. Сустрэўся з адным знаёмым беларусам, далучыўся да яго праекту, які звязаны з Беларуссю. У прынцыпе сфера засталася тая ж самая. Праз некалькі тыдняў сустрэўся яшчэ з адным беларусам, і да яго праекту далучыўся. Атрымлівалася, што праекты самі знаходзіліся. Мне нават прапаноўвалі далучыцца да іншых праектаў, але іх ўжо было шмат. Адмаўляўся.
Герман кажа, што цяжка знайсці афіцыйную працу ва Ўкраіне, з-за гэтага шмат хто выкарыстоўвае краiну, як перавалачны пункт, потым з’язджае ў Польшу, Літву, бо там прасцей уладкавацца, калі ты не айцішнік.
«Беларусу келіх піва могуць наліць проста так»
За 10 месяцаў хлопец не сутыкаўся з негатыўным стаўленнем з боку ўкраінцаў. Не было ніякіх негатыўных сітуацый. Як толькі чулi, што ён беларус, адразу падтрымлівалi, келіх піва маглi наліць проста так:
— Адзінае можа быць, што ў палітычных спрэчках могуць сказаць, што беларусы такія спакойныя, а мы вось, украінцы, так не рабілі, мы адразу ўзяліся б за «іншыя рэчы».
Праблем з камунікацыяй няма. У Кіеве шмат хто размаўляе па-руску, і для Германа не праблема на той жа мове размаўляць. Калі да яго звяртаюцца па-украінску, адказвае па-беларуску. Адзін аднаго разумеюць.
— Былі моманты, калі не разумелі ўкраінцы. Яны думалі, што за дзіўная ўкраінская. Перапытвалі. Казаў, што беларуская. Яны адказвалі, што прыгожая і зразумелая.
«Знайсці кватэру — праблема ў Кіеве, бо хутка разбіраюць»
Першыя месяцы хлопец жыў з беларусам. Усе тэхнічныя моманты дапамагалі вырашаць землякі. Гэтая фраза «Беларус беларусу беларус» працуе за мяжой:
— Тут вельмі шмат сувязяў з Беларуссю. Хтосьці служыў у войску, у кагосьці бацькі з Беларусі ці самі былі ў Мінску. Пра Беларусь усе дакладна ведаюць, ставяцца добра. Хто не былі, кажуць, што хочуць прыехаць.
Наш суразмоўца напісаў у чаце тэлеграмма, што шукае працу і жыллё. Адразу адгукнуўся чалавек, які прапанаваў далучыцца да яго, стаць суседам, бо ад яго паехаў іншы беларус, з якім ён здымаў спачатку кватэру. Здымалі на дваіх трохпакаёвую кватэру, недалёка ад цэнтру, метро «Вакзальная». Плацілі 550 даляраў на дваіх плюс камуналка. У выніку выходзіла крышку больш, чым 300 даляраў:
— Я ведаю, што знайсці кватэру — праблема ў Кіеве, бо шмат попыту. Хутка разбіраюць. Кіеў стаў дарагі апошні час ў коштах на кватэру. Якасныя і добрыя варыянты за тыдзень можна знайсці.
Ёсць мінус, што ў сакавіку і кастрычніку няма ацяплення, калі здаецца не зіма, але ж халодна. Гэта нязручна. Ведаю, што тыя, хто ў цэнтры здымаць, шмат аддаюць на камуналку — больш за 100-200 даляраў. У параўнанні з Беларуссю — гэта зусім іншыя кошты.
«Тут пах свабоды ў паветры лунае»
На пытанне, як бавіць час ва Ўкраіне, суразмоўца адказвае:
— Ва Ўкраіне цяжка не бавіць час. Выходзь на вуліцы (асабліва, калі гэта цёпла) і прыгоды — амаль на кожным кутку. Украінскія гарады не даражэй за Беларусь. Зараз прыязджае вельмі шмат музыкаў. Амаль кожны тыдзень праходзяць імпрэзы, адкрываюцца рэстарацыі. У тым жа Кіеве беларускіх канцэртаў і імпрэзаў больш, чым у Беларусі.
Беларусам ёсць шмат што знайсці. Украінцы таксама шмат чаго робяць. Сярэдні канцэрт каштуе каля 40 рублёў. Тут кошты вышэй, асаліва на фестывалі (каля 40 даляраў), але па якасці яны лепей, чым у Беларусі.
Здзіўляе ў прыемным сэнсе свабода. У параўнанні з Беларуссю яна заўсёды адчувалася. Разуменне, што тут пах свабоды ў паветры лунае. Усе беларусы, што прыязджаюць, адчуваюць адразу гэта.
Україна разнастайная і ў плане прыроды, і ў плане людзей. Мне гэта падабаецца. Ты можаш паехаць і на мора, і ў горы, пабачыць людзей на Ўсходзе і на Захадзе. Мінусаў няма.
«Самы цяжкі момант — ты не ведаеш, колькі застанешся ў гэтай краіне»
— Разумееш, што гэта не твая краіна, якой бы добрай яна ні была. Не разумееш, калі будзе магчымасць вярнуцца ў Беларусь. Напэўна, гэта самы цяжкі момант. Ты не ведаеш, колькі застанешся ў гэтай краіне. Я хачу вярнуцца ў Беларусь. Радзіма для мяне бліжэй. Спачатку прыязджаеш як турыст, першыя месяцы як у адпачынку, але потым прыходзіць асэнсаванне, што адпачынак скончыўся, і тваё жыццё звязана з іншай краінай.
Вельмі часта ўзгадваю сяброў, падарожжы па Беларусі. Важна, што сябры прыязджаюць, і гэтая сувязь не губляецца. Шмат беларусаў зараз ва Ўкраіне, новыя знаёмыя знаходзяцца. Ты не так губляеш сувязь з роднай краінай, бо ты заўсёды ў кантэксце, заўсёды звязаны з ёй.
«Мне цяжка ўявіць, які зараз Мінск»
— Я вельмі люблю Мінск. Раней я ніколі не з’язджаў з Беларусі больш, чым на тры месяцы. Апошні раз мяне вельмі цягнула да Мінску, да Беларусі. Калі пакiдаў у гэты раз, думаў, што захачу вярнуцца ў Мінск, у сваю кватэру, на сваю вуліцу, але неяк на дзіва, няма такога фізічнага жадання. Я яго люблю.
Але калі ты сочыш за навінамі, якія адбываюцца ў Мінску, ты разумееш, што гэта ўжо не той горад, які ты любіш. Табе нават не хочацца вяртацца, бо ёсць адчуванне, што ўжо не пабачыш ні тых сяброў, ні тых усмешак Мінску. Гэта нават балюча. Мне цяжка ўявіць, які зараз Мінск.
Больш за ўсё сумую па вандроўках па Беларусі, у якія я ездзіў кожныя выходныя з сябрамі. Мы аб’ехалі амаль усю Беларусь. Мне гэтага не хапае.
Калі ўявіць, што я зараз у Беларусі, я б аказаўся не ў Мінску, а паехаў бы куды-небудзь у вандроўкі па Беларусі. Вельмі шмат у нас файных месцаў.
Герман плануе і марыць вярнуцца на Радзіму. Кожны дзень штосьці робіць, каб гэта хутчэй спраўдзілася. Ён думае, што гэта будуць тыя абставіны, пры якіх шмат беларусаў вярнуцца. Спадзяецца, што гэта будзе як мага хутчэй. Як толькі гэта вакенца магчымасцяў з’явіцца, калі можна будзе спакойна вярнуцца і адчуваць сябе добра ў роднай краіне, ён вернецца.
Тым, хто вагаецца, пакідаць Беларусь ці не, раіць узважыць усе плюсы і мінусы, разумець, што часцей за ўсё гэта шлях у адзін канец:
— Калi знаходзішся шмат месяцаў у іншай краіне, ты пачынаеш уладкоўваць жыццё там. Сапраўды, шмат хто ехаў на некалькі тыдняў, але не вярталіся, бо пачыналася новае жыццё. Іншая краіна — гэта заўсёды складана. Гэта не родны дом. Рашэнне павінна быць узважанае, не на эмоцыях, асабліва, калі яно па ўласным жаданні, а не па нейкіх знешніх прычынах.
Добро пожаловать в реальность!