Як стала вядома Нашай Ніве, затрыманы вядомы бізнесовец Віталь Сініцкі. Ён кіруе кампаніяй «Сігмаполюс», якой належаць мінскія бізнэс-цэнтры «Тытан», «Цівалі», «Арлан», «Хваля» (яе арандуе Wargaming), «Анкор», гандлёвы цэнтр «Трум», прамбаза на Гурскага і гэтак далей.
Таксама Сініцкі займаецца забудовай участка насупраць тэатра Музкамедыі на Нямізе. У свежым рэйтынгу паспяховых і ўплывовых бізнэсменаў ад «Ежедневника» Сініцкі займае 38 месца.
Паводле інфармацыі крыніц, Сініцкі, назіраючы за сітуацыяй з бізнэсамі ў пытанні гэтак званага «драблення бізнэсу» (у прыватнасці за кампаніяй «21vek»), вырашыў падстрахавацца і напісаў на сябе заяву ў падатковую з просьбай правесці праверку яго справаў.
— Маўляў, падазраю, што ў мяне таксама могуць быць нейкія выпадкі, якія вамі могуць трактавацца як драбленне. Праверце і патлумачце, як прывесці ўсё ў адпаведнасць з законам, — расказваюць нашы суразмоўцы.
Праверка па выніках заявы адбылася. На мінулым тыдні Сініцкі чакаў агучвання вынікаў. Але на сувязь ён не выходзіць ужо з серады 22 верасня.
Жонка Сініцкага сказала, што не хоча каментаваць інфармацыю пра арышт мужа.
Добро пожаловать в реальность!