«У сваіх лістах палітвязням я пішу тое, што думаю і адчуваю, расказваю пра свае сумневы і перажыванні, — напісала EX-PRESS.BY жыхарка Жодзіна. — Адказаў атрымліваю менш. Але тое, што атрымліваю, гэта мне вельмі дорага. На мінулым тыдні атрымала адказ ад Паўла Севярынца. Там, у турме, Павел склаў віктарыну да 200-годдзя Фёдара Дастаеўскага. І некалькі пытанняў з яе задаў мне».
Жыхарка Жодзіна хоча падзяліцца з чытачамі EX-PRESS.BY зместам ліста і пытаннямі віктарыны:
«Дарагая ХХХХХХ!
Дзякуй Вам велізарны за ліст, канверт, добрыя словы, спачуванне, малітвы і добрае сэрца.
Вельмі добра разумею Вас, бо і сам перажываў штосьці падобнае. Зрэшты, мы верым не ў іерархаў, а ў Ісуса Хрыста нашага (якога як раз тагачасныя іерархі асудзілі на смерць) — і толькі праз яго раны ўваходзім у Валадарства нябеснае.
Спадзяюся, што так пайшоў на неба і мой тата, чалавек глыбокі і светлы, бо веру: светлыя душы Гасподзь бярэ да сябе.
Да 200-годзя Дастаеўскага, генія-верніка родам з Беларусі (11 лістапада), склаў віктарыну з 33 пытанняў. Некаторыя з іх дасылаю Вам.
— 27-гадовы Фёдар Дастаеўскі трапіў у таемны сацыялістычны гурток Спешнева. Гурток быў раскрыты, Дастаеўскі быў арыштаваны і прысуджаны. Да якой кары?
Раніцай 22 снежня 1849 года 28-гадовы Дастаеўскі ўзыходзіць на эшафот. Стоячы на парозе смерці, з мяшком на галаве, пад барабанны дроб, ён многае перадумаў. У апошні дзень, загадам імператара Мікалая І, дастаўленым праз кур'ера, смяротнае пакаранне было заменена на 4 гадамі катаргі і 6 гадамі салдацкай службы. У гэты момант, згадвае Дастаеўскі, у яго знялі з галавы мяшок і прамені сонца раптам асвяцілі... ШТО?
— Свой першы вялікі раман «Злачынства і пакаранне» Фёдар Дастаеўскі пісаў у 1863-66 гадах, у той жа самы час, што і іншы геніяльны пісьменнік, сваю галоўную геніяльную кнігу. ЯКУЮ?
— А гэты раман пра гульню Дастаеўскі нават не напісаў, а надыктаваў стэнаграфістцы ўсяго за 4 месяцы, каб разлічыцца з даўгамі. ЯКІ РАМАН?
Зычу Вам, дарагая ХХХХХХ, здароўя, сілаў, радасці і вялікай Божай Ласкі ў сэрцы!
«Святло ў цемры свеціць і цэмра не агарнула яго» (Евангелле паводле Яна 1:5).
Шчыра, Ваш удзячны брат у Хрысце Павел».
Павел Севярынец — палiтвязень, апазіцыйны палітык, сузаснавальнік партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, пісьменнік. Быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі 7 чэрвеня 2020 года па дарозе дадому. Яго асудзiлi на 7 гадоў.
Добро пожаловать в реальность!