Дзень маці ў Беларусі супадае з праваслаўным святам — Пакровам Прасвятой Багародзіцы — і святкуецца 14 кастрычніка. Да гэтага дня ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы Жодзіна на абанеменце мастацкай літаратуры прадстаўлена выстава «Мы любові тваёй галінкі». У аснову экспазіцыі пакладзены вершы і лісты беларускіх паэтаў і празаікаў да сваіх маці.
Вось некаторыя з iх:
«Я кожны вечар, калі малюся, прашу ў мамы прабачэння, каб яна мне даравала маю няўвагу. Мне здавалася, што мама вечная. Цяпер я зразумеў, што трэба было кожную хвіліну думаць пра маму». (Рыгор Барадулін)
«Кветка тут уначы расцвітае,
Водар мяккі пялёсткі льюць...
І яе па роднаму краю
«Кветкай матчынай» людзі завуць». (Верш з першага зборніка паэзіі Уладзіміра Караткевіча)
«Незабыўная, Мілая маці, матуля,
Маё сонца, і песня мая, і вясна,
Да цябе ў дзіўных мроях заўсёды ляту я,
Ты на свеце святая-святая адна». (Міхась Пазнякоў)
Таксама на выставе прадстаўлены творы Ніла Гілевіча, Максіма Танка, Уладзіміра Ліпскага.
Яшчэ адна выстава ў бібліятэцы — для маладых мам. Яна называецца «Кніжны букет для мамы» — тут прадстаўлены выданні, у якіх сабраны парады і рэкамендацыі па выхаванню дзяцей, пра здаровы лад жыцця, пра добраўпарадкаванне і стварэнне камфорту ў доме.
Таксама ў бібліятэцы зрабілі віншавальныя паштоўкі з Днём маці, якія чытачы могуць узяць сабе.
Добро пожаловать в реальность!