У сераду, 9 студзеня, у межах курсаў па беларускай мове «Мова нанова» адбыўся майстар-клас па саламянаму павуку.
Рэдактар і паэтка Аля Сідаровіч, якая зараз працуе ў Цэнтры традыцыйнай культуры ў Барысаве, распавяла шмат цiкавых фактаў пра гэтае майстэрства i правяла майстар-клас, на якiм кожны мог зрабiць чароўнага саламянага павука.
Нагадаем, што бясплатныя сустрэчы адбываюцца кожны тыдзень у Ірландскім пабе. Пачатак а 19:00.
Нашы продкі ведалі, як трэба варажыць і калядаваць, таму на курсы «Мова нанова» таксама завіталі калядоўшчыкі. Яны праспявалі святочныя калядкі, сабралі смачныя рэчы для казы, а маленькі буслік падзёўб усіх на шчасце.
Перад майстар-класам таксама традыцыйна прайшлі заняткі па граматыцы.
«Саламяны павук чымсьці нагадвае ткацкі станок, — распавядае Аля Сідаровіч. — Ён мае адносіны да каляднага часу, які яшчэ на Беларусі часта называюць Крывыя або Святыя вечары. Гэта два тыдні, за якія лічыцца, што ствараўся свет. Дарэчы, павук можа быць і велікодны. Чаму так? Раней лічылася, што нараджэнне света адбылося ўвесну, таму нашы продкі рабілі павука на год, потым палілі яго і рабілі новы».
На Барысаўшчыне таксама быў вясельны павук, яго вешалі перад маладымі. Цікава, што некаторыя павукі занесены ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны.
Добро пожаловать в реальность!