Кірыл Стаселька, які напісаў кнігі «Дзіцячы Маніфест» і «Marginalis», прыязджаў у Барысаў год таму. Пісьменнік пакінуў Барысаў на салодкае, таму прэзентацыі спачатку адбыліся ў Мінску і іншых гарадах краіны, а таксама ў Вільнюсе, Варшаве i Будапешце.
Творы Кірыла ўваходзілі ў спісы шэрагу літаратурных прэмій. У прыватнасці, «Дзіцячы Маніфест» увайшоў у шорт-ліст Прэміі імя Максіма Багдановіча і лонг-ліст Прэміі імя Ежы Гедройца. Раман «Marginalis» некалькі гадоў уваходзіў у спісы бэстсэлераў, у тым ліку, крамы OZ.by.
Малады аўтар нарадзіўся і скончыў школу ў Барысаве. Зусім нядаўна ён напісаў новы раман «Дзевяць жыццяў Віта Морэ».
Пісьменнік з задавальненнем распавёў EX-PRESS.BY пра новую кнігу.
Кірыл кажа, што новая кніга — гэта захапляльны, непрадказальны, эксперыментальны твор, які гарманічна сумяшчае розныя літаратурныя жанры і філасофскія канцэпцыі ў адно цэлае:
— Распавесці пра сюжэтныя рэчы ці пра нейкіх канкрэтных герояў складана, таму што кніга, як і «Marginalis», досыць насычаная, канцэптуальна яна складаней, тут ёсць некалькі частак. Кожная частка адпавядае таму ці іншаму ўзросту героя, таму ці іншаму перыяду гісторыі, той ці іншай краіне, філасофскай канцэпцыі. Самая галоўнае тое, што кожная частка напісана ў сваім жанры. Ёсць казка, ёсць дэтэктыў і гэтак далей. Тут шмат розных і больш складаных, чым у мінулых тэкстах, адсылак, алюзій, яны на структурным і сюжэтным узроўнях складаней. Чытач акунецца ў шэраг гістарычных перыядаў і падзей, кантынентаў і краін — ад Беларусі да Егіпта, вялікіх твораў — ад Дантэ да Кафкі, ідэй і канцэпцый — ад ніцшэанства да прагматызму.
— Кірыл, падзеліцеся якімсьці сакрэтам, што цікавага чакае чытачоў у кнізе?
— Памятаеце, быў конкурс з раманам «Marginalis», дзе трэба было знайсці ці прапанаваць версію, хто можа быць галоўным героям рамана? Імём гэтага чытача я абяцаў назваць аднаго з персанажаў наступнай кнігі, і адпаведна ў гэтай новай кнізе «Дзевяць жыццяў Віта Морэ» адзін з персанажаў носіць імя чытача. Гэта дзяўчына.
На пытанне журналісткі, ці ёсць Барысаў у кнізе, Кірыл адказвае:
— Калі ў рамане «Marginalis» Барысаў ёсць, і ён мяне таксама падштурхнуў да напісання кнігі, то ў новай кнізе майго роднага горада і барысаўчан няма.
Як стаць персанажам наступнай кнігі, і колькі гэта каштуе?
— Зараз працягваецца краўндфандынг — збор сродкаў на новы раман. Фактычна гэта перадзамова, калі кожны можа замовіць кнігу, атрымаўшы яе праз сайт «Talaka», таксама ёсць іншыя бонусы за падтрымку. Гэта і падзяка ў кнізе, і нататнікі, і розныя іншыя падаруначкі.
Аўтар кажа, што па аб’ёме кніга будзе недзе каля 400 старонак, дастаткова немаленькая ў параўнанне з папярэднімі:
— Краўдфандынг — гэта адна з інфанагодаў, каб можна было ў медыяпрасторы агучыць інфармацыю пра кнігу на ўзроўні, калі яе яшчэ нават няма. Ёсць жарты, калі можна набыць персанажа або імя галоўнага героя, або назваць яго як табе заўгодна. Гэта фанавыя рэчы, з якімі можна пагуляцца і пажартаваць ў сферы літаратуры, дзе звычайна ўсё вельмі сумна. Галоўны герой каштуе 50 тысяч даляраў. Калі назваць маленькую суму, гэта было б вельмі верагодна.
Каля 7 тыдняў «Talaka» не працавала, але цяпер платформа зноў працуе, і новы раман можна падтрымаць па спасылцы: https://www.talaka.org/projects/3039/fund.
Пісьменнік кажа, што плануецца шмат розных конкурсаў, квэстаў, якія будуць звязаны з новай кнігай. Магчыма зноў будзе сцікерпак для тэлеграма, нататнікі і іншыя рэчы.
Напрыканцы размовы Кірыл Стаселька паабяцаў, што хутка прыедзе ў Барысаў:
— У сувязі з тым, што былі праблемы з сайтам «Talakа», зацягнулася краўндфандынгавая кампанія, тэрміны трошкі пасунуліся, але абавязкова будзе некалькі цікавых сустрэч у Барысаве, якія звязаны з новай кнігай «Дзевяць жыццяў Віта Морэ».
Добро пожаловать в реальность!