
Кніга «Marginalis» Кірыла Стаселькі трапіла ў беларускі спіс рэкордаў, які пачала весці інтэрнэт-пляцоўка Kufar.by. У адносна невялікім па памерах рамане маладога беларускага пісьменніка налічылі аж 136 персанажаў.
Кніга только напачатку лістапада выйшла ў выдавецтве «Галіяфы» накладам 500 асобнікаў. Раман яшчэ недаступны шірокому колу чытачоў. Але пэўнае ўяўленне пра змест кнігі можна атрымаць з анонса выдавецтва:
«Marginalis — насычаны і захапляльны філасофскі раман, дзеянне якога ахоплівае больш за чатырыста гадоў, паўтары сотні персанажаў і дзясяткі краін. Гэта пазл з мноства сюжэтных ліній, філасофскіх ды псіхалагічных матываў, якія складаюцца ў адно цэлае.
Падзеі ў рамане разгортваюцца вакол уладальнікаў старажытнай загадкавай кнігі. У пошуках сябе і свайго «я» героі рамана прыходзяць да разумення, што часам не меншае значэнне мае тое, што знаходзіцца на палях — па-за цэнтрам, па-за межамі. Па-за межамі гісторыі, жыцця, увагі…»
Для барысаўцаў асаблівую цікавасць выклікае тое, што 26-гадовы аўтар большую частку свайго жыцця правеў менавіта ў нашым горадзе.
Журналіст ex-Press.by пагутарыў з пісьменнікам. Вытрымкі з гэтай размовы мы прапануем нашым чытачам.

Кірыл Стаселька
«Асяродак рускамоўны, але былі нюансы»
Скончыў 22-ую школу, што ля чыгуначнага вакзала. Вырас за паркам на вуліцы Чарняхоўскага. Там ёсць такія шматкватэрныя аднапавярховые баракі зялёнага колеру, пабудаваныя напачатку мінулага стагоддзя. Беларускамоўнага асяродка вакол не існавала. Але было некалькі нюансаў.
Адзін нюанс — сустрэча з Уладзімірам Арловым, які прыязджаў у Барысаў. Мне было тады 16 год, вучыўся ў дзевятым класе. Менавіта Арлоў натхніў мяне на цікавасць да гісторыі, а праз гэта і да мовы.
А другі нюанс — мая цёця, Маргарыта Віктараўна Галдовіч, якая працавала і працуе зараз у 22-й школе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. І таму мне было прасцей да яе звяртацца па розных пытаннях. А школа ў прынцыпе рускамоўная, бацькі рускамоўныя і асяродак таксама.
«Настаўнікі па жыцці ў Барысаве былі»
Настаўнікі па жыцці былі. Гэты тычыцца нават не беларушчыны ці беларускай мовы. Гэта, у прыватнасці, муж маей цёці Уладзімір Львовіч Галдовіч, які, на жаль, ужо пайшоў з жыцця. Ён таксама працаваў настаўнікам у маёй школе, выкладаў фізіку. Вельмі адукаваны чалавек, вельмі цікавая асоба. Ён прайшоў дзіцянём вайну, і ў Афрыцы працаваў: у Алжыры, Эфіопіі… У Барысаве быў дырэктарам школы, і ў гарана працаваў. Паважаны чалавек. Я сёння забраў асобнік кнігі ў выдаўца, там ёсць старонкі, прысвечаныя і Уладзіміру Львовічу. Яго асоба падштурхнула да напісання гэтай кнігі.
«Спакусы пісаць на расейскай мове не было»
Праца з тэкстам пачалася яшчэ ў школе. У дзевятым-дзясятым класе я наведваўся ў газету «Адзінства». Там працаваў гурток для школьнікаў «Студыя журналістыкі». У гэтай газеце былі мае першыя публікацыі. Але я прыйшоў у гурток, калі ўжо скіраваўся да роднай мовы, таму першыя мае тэксты журналісцкія былі ўжо па-беларуску. З гэтага і пачаўся мой шлях у літаратуру.
Вагаўся, на журфак ісці ці яшчэ кудысьці? Але разважыў: каб быць журналістам, неабавязкова мець адпаведную адукацыю. Я ў гэтым упэўніўся праз тое, што многія вядомыя журналісты не маюць такой універсітэцкай адукацыі. Сустракаўся і з такой думкай, што журфак у Беларусі наадварот, хутчэй кепскага журналіста зробіць, чым высокапрафесійнага. Таму вырашыў, што гэтаму можна навучыцца самастойна: праз практыку і гэтак далей, а паралельна яшчэ нешта атрымаць. Таму пайшоў вучыцца на сацыялогію, на факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ.
«Задаволены выбарам прафесіі»
Я цалкам задаволены сваім выбарам, ні пра што не шкадую. Было вельмі цікава вучыцца, атрымаў пэўны бэкграунд фундаментальнай адукацыі. Пасля універсытэта скончыў магістратуру Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў пры Акадэміі навук. А цяпер навучаюся ў аспірантуры Інстытута сацыялогіі Акадэміі навук, пішу кандыдацкую дысертацыю па сацыялогіі літаратуры. Спачатку ў мяне быў накірунак у сацыялогію палітыкі падчас навучання ў БДУ і магістратуры. Але паступова акцэнт перамясціўся з палітыкі на культуру.
«Жадання трапіць у спіс рэкордаў не было»
Калі пісаў раман, не думаў, зразумела, аб тым, каб трапіць у спіс рэкордаў Куфару. На той час і праекту таго не існавала. Зусім выпадкова ўбачыў яго максімум месяц таму, калі ўжо кніга рыхтавалася да выдання. Падумаў, што неблага было б выкарыстаць такую магчымасць. Я сам падлічыў сваіх герояў і даслаў кнігу, каб маглі спраўдзіць. Па сутнасці, там не 136 персанажаў, як напісана на Куфары, а болей. Але тут узнікае пытанне, каго лічыць персанажам рамана? Калі вельмі строга падыходзіць да гэтага вызначэння, то іх нават менш, а калі больш вольна — то недзе каля 150. Вялікая іх колькасць абумоўлена самой канцэпцыяй кнігі.
«У меньшай ступені грунтуюся на ўласным жыццёвым вопыце»
Калі выйшла мая першая кніга «Дзіцячы маніфест», яна трапіла ў намінацыі шэрагу літаратурных прэмій, у прыватнасці, у шорт-ліст прэміі «Дэбют» і ў лонг-ліст «прэміі Гедройца». Пабачыла свет яна ў мінулым годзе, і калі былі рэцэнзіі ў штодыднёвіку «Літаратура і мастацтва» і іншых выданнях, то аўтары звярталі ўвагу на такую асаблівасць: у першай кніжке пісьменніка звычайна распавядаецца пра яго ўласнае жыццё, а ў мяне якраз гэтага няма. Там больш філасоўскіх рэчаў. І ў новай кнізе, канешне, ёсць таксама асабісты вопыт, але гэта не аўтабіяграфічны твор, а больш, як бы мовіць, інфармацыйны.
«Кнігі не ёсць камерцыйныя праекты»
Мае кнігі, канешне, ніякіх грошай не прыносяць. Гэта хутчэй самаразвіццё, пэўная камунікацыя з іншымі людзьмі праз творы. Сёння за кошт літаратуры нават на Захадзе могуць пражыць нямногія пісьменнікі. Зарабляю іншым. Гэта сацыялагічныя даследаванні, журналісцкая і дызайнерская дзейнасць, займаяюся таксама стварэннем графічных, відэа-, анімацыйных матэрыялаў для беларускіх СМІ, працую па арганізацыі розных мерапрыемстваў. Увогуле, у мяне шірокае кола інтарэсаў і занятку.
Прэзентацыя ў Барысаве будзе
Раман «Marginalis» будзе прадавацца як у дзяржаўных крамах (і ў Барысаве, канешне), так і ў невялікіх прыватных крамах у Менску: «Логівнаў», «Кніжная шафа» і іншых. А таксама кнігу можно будзе замовіць па інтэрнеце ў «Арт-сядзібе», выдавецтве halijafy.by, на сайце knigi.by. Будзе і прэзентацыя. Спачатку ў Менску, з удзелам пісьменнікаў, і, магчыма, музыкаў. А потым і ў рэгіянальных гарадах, абласных цэнтрах. Калі атрымаецца, дык і за межамі Беларусі, там дзе ёсць беларускія суполкі. У Барысаве таксама будзе прэзентацыя рамана, але дата яшчэ не вызначана.
еx-Press.by атрымаў згоду Кірыла Стаселькі на тое, што ён у першаю чаргу паведаміць пра прэзентацыю ў Барысаве свайго рамана «Marginalis» наведавальнікам нашага сайту.
Подпишитесь на
канал ex-press.live
в Telegram и будьте в курсе самых актуальных событий Борисова, Жодино, страны и мира.
Добро пожаловать в реальность!
Добро пожаловать в реальность!
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите
Ctrl+Enter