Барысавец Сяргей Мяшкоў, які хоча, каб яго дзеці навучаліся на беларускай мове ў школах па месцу жыхарства, атрымаў адказ Упраўлення па адукацыі, спорту і турызме райвыканкаму.
Нагадаем, Сяргей Мяшкоў прапанаваў правесці ў Барысаве агульнашкольныя бацькоўскія сходы, на якіх даць магчымасць зацікаўленым асобам выступіць перад бацькамі вучняў з мэтай заахвочвання да навучання дзяцей на беларускай мове і дадатковага набору такіх дзяцей у клас з беларускай мовай навучання і выхавання.
Сяргею паведамілі, што агульнашкольныя бацькоўскія сходы для бацькоў навучэнцаў першых і другіх класаў пройдуць бліжэйшым часам у трох навучальных установах, якія знаходзяцца ў правабярэжнай частцы гораду.
Першы сход адбудзецца сёння, 12 лістапада, ў СШ №11 у 18.00.
На сходзе збіраецца выступіць барысаўскі журналіст, педагог, былы выкладчык беларускай мовы Іван Белы, сваяк народнага паэта Беларусі Якуба Коласа.
Цікава, што бацькі дзяцей першага класа гэтай школы распавялі EX-PRESS.BY, што ўжо атрымалі ад класнага кіраўніка ў Viber паведамленне, што на агульнашкольны сход хадзіць неабавязкова.
Наступныя агульнашкольныя сходы, згодна адказу Упраўлення па адукацыі, спорту і турызме, пройдуць 15 лістапада ў СШ №8, а 21 лістапада ў школе №3. Пачатак таксама ў 18.00.
Дадаткова Сяргею Мяшкову паведамілі, што ў гарадскіх установах дашкольнай адукацыі ў другім паўгоддзі 2018/2019 навучальнага года будуць праведзены сходы з законнымі прадстаўнікамі выхаванцаў старэйшых груп, дзе будзе агучана інфармацыя аб магчымасці навучання на беларускай мове.
У выпадку выяўлення жадання законных прадстаўнікоў дзяцей, якія пражываюць у новай (правабярэжнай) частцы Барысава, навучацца на беларускай мове, будзе разгледжана пытанне аб адкрыцці класаў з беларускай мовай навучання і выхавання на базе сярэдняй школы №8 пры наяўнасці неабходнай колькасці заяў.
Колькі менавіта складае неабходная колькасць, у адказе не паведамляецца.
Добро пожаловать в реальность!