Сяргей Мяшкоў амаль год змагаецца за адкрыццё першага класа з беларускай мовай навучання ў школах Барысава, у прыватнасці, у новай частцы гораду.
Спачатку здавалася, мясцовыя ўлады пайшлі яму насустрач і абвесцілі ўтварэнне такога класа ў 8-й СШ, куды павінна была пайсці вучыцца дачка Сяргея. Але напярэдадні навучальнага года адмовіліся ад гэтай ідэі, матывуючы тым, што заяву на навучанне на беларускай — адной з дзвюх дзяржаўных моў нашай краіны — атрымалі толькі ад Мяшковых.
Беларускамоўная дзяўчынка вымушана была пайсці ў верасні бягучага года ў першы клас 11-й СШ, дзе навучанне вядзецца на рускай мове.
Шматлікія звароты ў вышэйшыя інстанцыі пакуль што поспеху не прынеслі. Мяшковым прысылаюць адказы, у якіх сцвярджаецца, што педагагічнымі работнікамі СШ №8, Упраўленнем па адукацыі, спорту і турызму Барысаўскага райвыканкаму праведзена вялікая праца па схіленню бацькоў будучых першакласнікаў абраць для сваіх дзяцей беларускую мову, але выніку гэтыя высілкі не далі.
Сяргей Мяшкоў хацеў бы даведацца, ці так гэта ёсць на самай справе, і накіраваў зварот ва Упраўленне па адукацыі, спорту і турызму з прапановай правесці бліжэйшым часам агульнашкольныя бацькоўскія сходы, на якіх даць магчымасць зацікаўленым асобам выступіць перад бацькамі вучняў з мэтай заахвочвання да навучання дзяцей на беларускай мове і дадатковага набору такіх дзяцей у клас з беларускай мовай навучання і выхавання.
Аўтар звароту лічыць, што дадзеная магчымасць адпавядае артыкулу 50 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, у якім дзяржава гарантуе свабоду выбару мовы выхавання і навучання.
Добро пожаловать в реальность!