Усё часцей улады ці то запалохваюць, ці то папярэджваюць: хочаце жыць як у Еўропе — будзеце за ўсё плаціць, як еўрапейцы. Прынамсі, у 2016 годзе, паводле разлікаў урада, мы мусім выйсці на поўную аплату паслуг ЖКГ.
Ці вытрымаюць кашалькі беларусаў стопрацэнтную аплату ўсяго: "камуналкі", транспарту, медыцынскага абслугоўвання, адукацыі? "Тут і цяпер", не чакаючы абяцанага тры гады, падлічыла гэта ўжо сёння.
Танна і дрэнна, альбо дорага і без гарантый
Колькі насамрэч каштуе абслугоўванне нашых квадратных метраў — сакрэт, які і не сніўся мадрыдскаму двару. Нават прыведзеныя на сайце Мінгарвыканкама расцэнкі істотна адрозніваюцца па розных пунктах: "ільготныя" ці поўныя, звышнарматыўныя ці эканамічна абгрунтаваныя, для насельніцтва ці прыватных прадпрымальнікаў, у зімовы ці летні перыяд, для газавых ці электрычных пліт, ды яшчэ ў залежнасці ад добраўпарадкаванасці дома, зоны пражывання і колькасці прапісаных.
Калі ж верыць афіцыйным асобам, то працу камунальнікаў мы цалкам ніколі не аплачвалі і не аплачваем. У 2009 годзе беларусы, паводле слоў намесніка міністра ЖКГ Генадзя Ляпунова, кампенсавалі ўсяго 29,8% кошту жыллёва-камунальных паслуг. У крызісным 2011-м, пасля чарговага павышэння тарыфаў, гэты працэнт вагаўся ад 16,6 (за карыстанне газам у зімовы перыяд) да 104 (за абясшкоджванне цвёрдых бытавых адходаў).
А якая сітуацыя была летась і адзначаецца сёлета? Зноў мы ўсім навокал вінныя, праўда, крыніцы блытаюцца ў сведчаннях, колькі менавіта. Міністр ЖКГ Андрэй Шарэц расказаў "Народнай газеце", што "сёння мы плацім за камунальныя паслугі ўсяго толькі 13,7% ад усяго кошту", а яшчэ адзін "праваднік і рупар" афіцыйнай прапаганды — "СБ. Беларусь сегодня" — прыводзіць лічбы 13,1% для зімовага перыяду і 17,7% для летняга. Нават калі дапусціць, што "профільны" міністр ведае лепш, усё адно атрымліваецца, што беларусы знахабнелі — плацяць за абслугоўванне кватэр менш за чвэрць і яшчэ наракаюць на дарагавізну!
Нярвовых просім пайсці за валяр'янкай — падлічым, у колькі ж абыдзецца канкрэтным суграмадзянам 100%-ная аплата "камуналкі". Пенсіянерка Вольга Юркевіч пражывае з мужам у аднапакаёўцы ў сталічным Уруччы. За студзень 2013-га старыя заплацілі 188 тысяч беларускіх рублёў. А мусілі б больш за 1,372 мільёна! "Ох, — хапаецца за сэрца Вольга Аркадзьеўна, — гэта ж амаль уся мая пенсія! А мужавай нам на лекі і прадукты наўрад ці хопіць. Хіба толькі калі на дапамогу дзяцей спадзявацца, але ж ім самім грошы патрэбны — унукаў падымаць трэба...". Пры гэтым, заўважым, на стопрацэнтную якасць выплачаных паслуг разлічваць не выпадак — хутчэй за ўсё, у кватэры Юркевічаў як "палілі" батарэі ўзімку, так і будуць...
Вось яшчэ некалькі разлікаў для нагляднасці. Поўны комплекс паслуг для 4-пакаёвай кватэры (6 прапісаных чалавек) за студзень каштаваў 510 тысяч рублёў, а пры стапрацэнтнай аплаце — 3,722 мільёна. Сярэднестатыстычная двухпакаёўка, "48 квадратаў" з 1 прапісаным жыхаром, абышлася ў 225 тысяч рублёў, для 2 чалавек — у 290 тысяч, пры стапрацэнтным пераразліку было б, адпаведна, 1,642 і 2,116 мільёна. А вось за 1-пакаёўку ў Сухарава, дзе ніхто не прапісаны (хоць фактычна і пражываюць наймальнікі), знаёмы заплаціў больш за 420 тысяч. Значыць, пры пераходзе на 100%-ную аплату будзе аддаваць каля 3 мільёнаў? Колькі ж тады пацягне арэнда для "немясцовых" ці маладых сем'яў, і ўявіць страшна.
Натуральна, можна суцяшаць сябе, што да 2016 года яшчэ ёсць час і што-небудзь, напэўна, зменіцца. Толькі наўрад ці ў лепшы бок. І што тады рабіць пенсіянерам і малазаможным — выконваць заклік "сысці ў зямлянкі"?
Мы паедзем, мы памчымся на аленях...
За грамадскі транспарт мы, скнары гэткія, таксама не даплачваем. Праўда, менш, чым за камунальныя паслугі, але ўсё адно за ўласны кошт ездзім толькі на трэць. І з кожным годам, мяркуючы па разліках адмыслоўцаў ДУ "Сталічны транспарт і сувязь", фактычна плацім усё менш і менш (а нам падавалася — наадварот). Прыкладам, у 2011 годзе, калі адзін талончык у Мінску каштаваў 950 рублёў, а сабекошт паездкі складаў 2,5 тысячы, насельніцтва "выплачвала" грамадскі транспарт на 45%. Сёлета ж, калі, паводле слоў дырэктара вышэйзгаданай установы Валерыя Шкуратава, сабекошт паездкі перавышае 5000 рублёў, пасажыры плацяць усяго 1700 — прыкладна 30%. Як адзначыў Шкуратаў, "калі пералічыць у доларавым эквіваленце і ў дачыненні да сярэдняга заробку, то ў нас атрымліваецца самы танны ва ўсім свеце квіток на праезд". Праўда, у найбліжэйшы час (цягам першага кварталу) адбудзецца падаражэнне праезду. Але пакуль што прымем лічбу 30% як рабочую ўмову задачы высветліць, колькі насамрэч каштуе праезд у сталічным аўтобусе, тралейбусе, трамваі ці метро.
Атрымліваем: квіток на адну паездку — 5100 рублёў, праязны на адзін від транспарту — 243 тысячы (а не 72 900, як цяпер), на 2 віды — 325 тысяч (супраць цяперашніх 97 500), на 4 віды — 438 000 (пры сённяшніх 131 400). У сусветным маштабе быццам бы ўсё адно выходзіць нядорага — крыху больш чым паўдолара за паездку. Але калі ўявіць, што ў сям'і як мінімум двум дарослым неабходны праязны "на ўсе віды", адмінусуем 876 тысяч, альбо 20% сярэдняга студзеньскага заробку па краіне. На гэтыя грошы можна набыць больш як 110 літраў 95-га бензіну і, як ужо робяць некаторыя, скаапераваўшыся з суседзямі-калегамі, дабірацца на працу на асабістым транспарце. У апошнім варыянце ёсць і свае мінусы, але гэта ўжо зусім іншая тэма.
Лепш быць багатым і здаровым
Артыкул 45 Канстытуцыі РБ гарантуе грамадзянам сінявокай права на ахову здароўя, уключаючы бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных установах аховы здароўя, а дзяржаву абавязвае ствараць умовы для даступнага для ўсіх грамадзян медыцынскага абслугоўвання. Ну і што? Ужо кожны школьнік ведае, што айчынная медыцына — умоўна-бясплатная. Кожны мае права: альбо гадзінамі стаяць у чарзе да тэрапеўта (ці месяцамі — да вузкіх спецыялістаў), альбо, заплаціўшы пэўную суму, трапіць на прыём (часта да таго ж самага ўрача, але ў камерцыйным медыцынскім цэнтры), альбо адшукаць, таксама не бясплатна, неабходнага (добрага, рэдкага, вопытнага — патрэбнае падкрэсліць) доктара праз знаёмых...
Усё можна, толькі не трэба часта па ўрачах цягацца. А то вунь таварышы ва ўрадзе хвалююцца, што пацыенты дактароў загрузілі зусім: паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, на аднаго жыхара Беларусі прыпадае больш як 13 візітаў у паліклініку цягам года, у той час як у Заходняй Еўропе — усяго 5-7. Спачуваючы цяжкай долі медыкаў, віцэ-прэм'ер Беларусі Анатоль Тозік нават прапаноўваў наватарскі падыход: браць з кожнага пацыента па 5 тысяч рублёў за візіт у раённую паліклініку. А што, капеечка да капеечкі, і атрымаецца ў год з аднаго беларуса 65 тысяч рублёў, а з цэлай краіны — 617,5 мільярда. Гэта ж як медыкі пабагацеюць! Калі, зразумела, убачаць гэтыя грошы. А беларусы на сабе адчуюць, наколькі лепш быць багатым і здаровым, чым хворым і бедным. Хто звяртаецца ў паліклініку раз на год па даведку для вадзіцельскага пасведчання ці яшчэ па нейкую драбязу, той дадатковых выдаткаў і не заўважыць. А вось цяжарныя жанчыны, пацыенты з хранічнымі захворваннямі і старыя з "букетам" хвароб вельмі нават адчуюць. "Я толькі за гэтую зіму была ў паліклініцы 9 разоў і яшчэ двойчы выклікала ўрача дамоў, — дзеліцца віцяблянка Аксана Кавалеўская. — А як інакш, калі двое дзяцей — сын-школьнік і маленькая дачушка — хварэлі то па чарзе, то абодва разам. Толькі адзін паправіцца, другая вірус з садка прыносіць, і так па крузе. На лекі больш мільёна аддала. Атрымліваецца, трэба яшчэ 55 тысяч даплаціць за сустрэчы з урачом?".
Да паўнавартаснай страхавой медыцыны беларусам, на жаль, яшчэ далёка. Альтэрнатывай зневажальным паборам на сёння могуць стаць праграмы кшталту "асабісты тэрапеўт", якія ўжо дзейнічаюць у шэрагу паліклінік Мінска. Пацыент заключае з раённай паліклінікай гадавую дамову медыцынскага абслугоўвання, за гэты перыяд 10—12 разоў наведвае тэрапеўта — у зручны час, без чаргі, згодна з папярэднім запісам па тэлефоне, — а таксама праходзіць комплекс неабходных абследаванняў і аналізаў. Каштуе такая паслуга ад 1,2 да 2 мільёнаў на чалавека. Быццам бы і нядорага — для аднаго, але гэта без уліку кансультацый, лячэння ў "вузкіх" спецыялістаў і лячэння зубоў, якое можа пацягнуць на мільёны рублёў і тысячы долараў...
Дзеткі — кветкі. Плаціце садоўнікам!
Тыя, у каго дзяцей няма і не плануецца, могуць смела прапусціць гэтую частку. Астатнім яна ў калькуляцыі "стапрацэнтных выдаткаў" спатрэбіцца, пачынаючы ab ovo — з дзіцячых садкоў. Бацькоўская плата за садок складае ў сярэднім 100—120 тысяч рублёў. Гэтай сумы, паводле падлікаў чыноўнікаў з Мінадукацыі, хапае толькі на аплату 40% харчавання дзяцей у дашкольных установах. "Канечне, мы хацелі б, каб бацькі аплачвалі поўны кошт хаця б харчавання сваіх дзяцей. Гэта будзе вырашацца паэтапна, а ў найбліжэйшы час трэба выходзіць хаця б на 60—70% аплаты харчавання", — выказаўся на студзеньскім выязным пасяджэнні калегіі Мінадукацыі неўтаймоўны віцэ-прэм'ер Беларусі Анатоль Тозік. Не спадзеючыся на паўмеры, падлічым адразу 100%-ны кошт харчавання дзяцей у садках — атрмыліваецца каля 300 тысяч. На адно дзіця — зусім нямнога, на дваіх — ужо больш адчувальна, а на траіх і больш прадугледжана 50%-ная льгота, так што ўсё не так страшна. Калі б не адно "але". Гаворка вышэй ішла выключна пра харчаванне. А ў цэлым утрыманне аднаго дзіцяці ў садку абыхозіцца дзяржаве ў 1,2 мільёна рублёў, таму менавіта гэтую суму варта лічыць поўнай аплатай сада.
Зрэшты, аддаваць у садок дзіця да школы альбо не — цалкам выбар бацькоў. А вось сярэдняя адукацыя ў Беларусі абавязковая і бясплатная. На паперы. А ў рэальнасці існуе, напрыклад, такая рэч, як школьныя абеды — ад 10 тысяч рублёў на чалавека, альбо ад 200 тысяч за месяц. "Маю дачку не тое каб прымушалі есці ў школе, — расказвае мінчанка Алена Вайцюшэнка. — Аднак спачатку класная доўга ўгаворвала і мяне, і яе "хадзіць есці з класам", спасылаючыся то на рэкамендацыі медыкаў, то на загадкавыя распараджэнні адміністрацыі. Вымушана была занесці пісьмовую адмову, каб ад нас адчапіліся. Але і зусім без перакусу дачка таксама не вытрымлівае, даводзіцца ўсё ж такі або браць у школьнай сталоўцы штосьці найменш неапетытнае, або купляць па дарозе "сухамятку".
Яшчэ адзін артыкул выдаткаў — факультатывы і гурткі. Часы, калі ўсе гэтыя дадатковыя заняткі былі бясплатнымі, засталіся ў савецкім мінулым, цяпер большасць факультатываў каштуе ад 10 тысяч за гадзіну. А ў перспектыве Мінадукацыі рыхтуе пералік "сацыяльна значных факультатываў", якія будуць бясплатнымі для школьнікаў; усе ж астатнія заняткі будуць праходзіць за кошт бацькоў. У якую суму гэта выльецца для сямейнага бюджэту, застаецца толькі здагадвацца.
Абняць і плакаць
Цяпер, як кажуць бухгалтары, "малюем баланс". 100%-ная аплата камунальных паслуг, транспарту і медыцыны складзе для ўмоўнай беларускай сям'і з двух чалавек сама меней 4,25 мільёна рублёў, пры наяўнасці хаця б аднаго дзіцяці — 4,5 мільёна і больш. Для супастаўлення: па звестках Нацыянальнага статыстычнага камітэта, сярэдняя намінальная налічаная зарплата беларусаў у студзені 2013 года склала 4,368 мільёна рублёў. Пры гэтым, шчыра кажучы, за МКАДам, дзе таксама ёсць жыццё, для многіх названая лічба перавышае рэальны атрыманы заробак у 1,5—2 разы. Пасля стапрацэнтнай аплаты ўсіх паслуг у гэтых людзей не застанецца грошай нават на прадукты, не кажучы ўжо пра такую раскошу, як бытавая хімія, новая вопратка і абутак, паходы ў лядовыя палацы ці кінатэатры, мабільная сувязь і, прабачце, інтэрнэт...
Мо пры аплаце паслуг "па-еўрапейску" беларусы мусяць атрымліваць і еўрапейскія заробкі альбо плаціць меншыя падаткі?
— Сапраўды, у развітых краінах плацяць за жыллёва-камунальныя паслугі поўную цану, — пагаджаецца прафесар доктар эканамічных навук Барыс Жаліба. — Але і заробкі там адпаведныя: скажам, у Германіі, Італіі гэта ў сярэднім ад 2 да 3 тысяч еўра. І, выдаткаваўшы на ЖКГ 20% даходу сям'і, немцы застаюцца з прыстойнай сумай на руках. Беларусы ж зусім не гатовы да гэтага з той простай прычыны, што нашы заробкі ў некалькі разоў ніжэйшыя. А сярэднюю зарплату, большую за 500 долараў, наша эканоміка няздольная забяспечыць, і няхай нават да канца года гэта будзе 600 долараў, як абяцаў прэзідэнт, усё адно пакупніцкая здольнасць у гэтых грошай зусім не тая, што была раней. Сённяшнія 500 долараў — гэта 415—420 долараў узроўню 2010 года. Другая важная прычына: у нас усе гэтыя паслугі празмерна дарагія: дарагая энергія, нягледзячы на тое, што газ мы набываем па цэнах, значна ніжэйшых за сусветныя. І пакуль мы не створым умовы для памяншэння кошту паслуг, я не бачу магчымасці выйсці не тое што на 100%, нават на 50%-ную аплату паслуг ЖКГ. Плюс, безумоўна, непразрыстасць, манапалізм у гэтай сферы адыгрываюць сваю адмоўную ролю. А вынік адзін — збядненне народа, пастаянная яго абдзіралаўка. Мы заўсёды будзем недаплачваць і заўсёды будзем вінныя дзяржаве. Няхай бы паспрабаваў той вынаходнік, хто прыдумаў нарматыў 150 кВт электраэнергіі на сям'ю, сам са сваёй сям'ёй у яго ўкласціся!
— Ого, якая сума ў вас атрымалася! — зацікавіўся вядомы эканаміст і палітычны дзеяч Яраслаў Раманчук. — А вы лічылі ў дзеючых тарыфах і працэнтах, якія нам агучваюць чыноўнікі? Тады не дзіўна, што выйшла "страшылка", такая выгадная для дзяржавы — быццам бы эканамічныя рэформы эквівалентныя беднасці і галечы. Насамрэч неабходна зусім іншая сістэма разліку, але рэальныя лічбы сёння хаваюцца за сямю замкамі. Прыкладам, кошт уласна паліва ў канчатковым кошце гігакалорыі цяпла складае ўсяго 15%, з чаго таго складаюцца астатнія 85? І так па ўсіх пунктах. Гэта частка палітыкі — запалохванне насельніцтва, утойванне рэальных лічбаў і махінацый на рынку жыллёва-камунальных паслуг, дзе, па сутнасці, дзейнічае адзін манапаліст. І ён не зацікаўлены, натуральна, упускаць канкурэнтаў, пабочныя арганізацыі, якія маглі б прапанаваць аналагічныя паслугі танней. Так што мы аплачваем далёка не столькі, колькі нам гавораць — гэта па-першае. А па-другое, калі б у Беларусі дзейнічаў нармальны рынак, падаткі ў нас былі б меншымі, а цэны шмат на якія тавары — ніжэйшымі, чым цяпер. На прадукты з сямейнага бюджэту выдаткоўвалася б не 45%, а, скажам, 20. Значыць, больш грошай у насельніцтва заставалася б на аплату паслуг ЖКГ, медыцыны, адукацыі.
Подпишитесь на
канал ex-press.live
в Telegram и будьте в курсе самых актуальных событий Борисова, Жодино, страны и мира.
Добро пожаловать в реальность!
Добро пожаловать в реальность!
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите
Ctrl+Enter