Так, прыдушаную, запалоханую краіну ямчэй кантраляваць, але па вялікім рахунку такая логіка -- пагібельная для Беларусі. Яна вядзе ў перспектыве або да крывавага бунту з туманным фіналам, або да ціхага паглынання Расіяй.?
Заўважце: дазвол на шэсце ў гонар чарговай гадавіны БНР у Мінску ўлады далі, калі Аляксандр Лукашэнка быў з візітам у Маскве. Мо проста супала, але не выключана, што менавіта расійскае кіраўніцтва параіла не глушыць людзей дручкамі. Дарэчы, нашумелыя мітынгі на Балотнай плошчы ды праспекце Сахарава, шэраг іншых акцый праціўнікаў Пуціна былі санкцыянаваныя. І неба на зямлю не ўпала.
Пры тым што пуцінскі рэжым далёка не ліберальны, тамтэйшыя кіроўныя вярхі дзейнічаюць болей тонка. На пачатку сакавіка расійскі амбасадар Аляксандр Сурыкаў заявіў, што ў ягонай краіне надышоў час палітычнай мадэрнізацыі. Дыпламат прызнаў: “Мы сціснулі палітычны абсяг перад пагрозай распаду Расіі ў 90-х. Зараз трэба расціскаць”.
На гэтым тыдні Дзярждума завяршае працу над законам аб палітычных партыях, які ўнёс прэзідэнт Мядзведзеў. Для стварэння партыі дастаткова будзе мець 500 сябраў, а не 40 тысяч, як зараз; спрашчаецца рэгістрацыя партый (фактычна ўводзіцца заяўны прынцып). Гэта пэўна ж дасць штуршок партыйнаму будаўніцтву, фарміраванню слоя новых палітыкаў. Другі законапраект Мядзведзева скасоўвае збор подпісаў выбаршчыкаў для ўдзелу кандыдатаў у любых выбарах, акрамя прэзідэнцкіх (на якіх рэзка знізяць колькасць неабходных подпісаў). Звыш таго, Крэмль паабяцаў вярнуць выбары губернатараў.
Не варта, канечне, думаць, што заўтра ў Расіі надыдзе дэмакратычны рай. Крытыкі палітычнай рэформы кажуць пра яе касметычны характар, падводныя камяні. Але, ва ўсякім разе, трэнд мае месца. Між іншым, нядаўняя гісторыя дае прыклады трансфармацыі аўтарытарных рэжымаў цераз рэформы зверху (Турцыя, Бразілія, Чылі) ці шляхам дамовы між кіроўнай элітай ды апазіцыяй (Іспанія, Польшча, Венгрыя, Паўднёвая Карэя). А вось рэвалюцыі, як ні парадаксальна, вельмі рэдка прыводзяць да дэмакратыі.
Зазначу таксама, што да рэформ, хай сабе і абмежаваных, расійскі тандэм змусіла нечаканая хваля пратэстаў -- “снежная рэвалюцыя”. Вярхі вырашылі: лепей акуратна выпускаць пару, чым кацёл выбухне. Так што першы ўрок ляжыць на паверхні: улада ідзе на саступкі, калі яе падпіраюць знізу. Але ў сённяшняй Беларусі, прыціснутай асфальтавым катком рэпрэсій пасля 19 снежня 2010 года, масавых пратэстаў чакаць не выпадае.
Яшчэ больш наіўна спадзявацца на запуск рэформы зверху (тым болей што рэжым персаналісцкі, няздольны нават на такую перапасоўку ўлады, як між Пуціным ды Мядзведзевым). Хіба што той самы Пуцін так возьме за жэбры (не за дыктатуру, а дзеля сваёй “еўразійскай інтэграцыі”), што давядзецца зноў распачынаць гульні з Еўропай ды нешта такое імітаваць.
Раней пэўныя персоны з атачэння падштурхоўвалі Лукашэнку хаця б да кіраванай дэмакратыі “а-ля рюс”. І нават кіраўніца ЦВК Ярмошына некалькі разоў казала пра магчымы пераход да выбараў па партыйных спісах. Але брутальны фінал 19 снежня відавочна стаў траўматычным шокам для афіцыйнага кіраўніка. Зараз ён баіцца нават гамеапатычных доз лібералізацыі. Наадварот, дыпламатычная вайна з Еўрасаюзам дыктуе логіку далейшага сціскання ўнутрыпалітычнага абсягу.
Так, прыдушаную, запалоханую краіну ямчэй кантраляваць, але па вялікім рахунку такая логіка -- пагібельная для Беларусі. Яна вядзе ў перспектыве або да крывавага бунту з туманным фіналам, або да ціхага паглынання Расіяй.
Дзяржаўная прапаганда дзяўбе, што заходнікі хочуць зладзіць тут пераварот, рэвалюцыю таго ці іншага колеру. Насамрэч Еўропа прапануе схему паступовай, мяккай, бяскроўнай дэмакратызацыі. Між іншым, менавіта “гнілая дэмакратыя”, не абяцаючы раю, акурат і дазваляе назаўжды скончыць з рэвалюцыямі. Зірніце ў тэлевізар: еўрапейскія сталіцы скаланаюць маніфестацыі, нашмат большыя за Плошчу-2010, але ўрады ад гэтага не падаюць. Народ вырашае іх лёс культурна, без гвалту, цераз выбарчыя скрыні.
Загваздка ў тым, што цяперашняя беларуская вярхоўка хоча панаваць вечна. Але так не бывае. Беларусь жа як краіна не выжыве без палітычнага класа. Палітыкаў не створыш у прабірцы, нібы гаманкулусаў. Такую эліту трэба фарміраваць -- хай сабе і асцярожным, паступовым пашырэннем палітычнага поля. Сёння ж такой эліты -- скажам наўпрост -- няма. Лукашэнка, як правадыр-харызматык, выпальвае абсяг вакол сябе, каб быць адзінай фігурай. Называць палітыкамі прызначаных зверху малавыразных функцыянераў Нацыянальнага сходу можа толькі вялікі гумарыст. Апазіцыя ж выбіта з рэальнага палітычнага жыцця, яе дзеячы дэ-факта -- маргіналы, дысідэнты.
Нават калі ўявіць сабе нейкія масавыя забурэнні (што само па сабе малаімаверна: беларуса хоць на цвік пасадзі…), то не думаю, што гэтую хвалю здольныя асядлаць персоны са старой тытульнай апазіцыі -- здрабнелыя, з 17-гадовым шлейфам параз. Карацей, голы васэр. (Дарэчы, мяне дзівіць самаўпэўненасць тых апазіцыйных дзеячаў, што ў сваіх стратэгіях паводле змаўчання выстаўляюць опцыю: пасля Лукашэнкі -- мы. Хто вам сказаў?)
Менавіта брак палітычнага класа прывёў да адкату ва Украіне пасля рамантычнай “памаранчавай рэвалюцыі”. А вось вам іншы прыклад: пасля таго як пад Смаленскам разбілася амаль што ўсё кіраўніцтва Польшчы ўключна з прэзідэнтам, палітычны лад краіны не пахіснуўся, ніводзін дзяржаўны механізм не даў збою, а месцы загінуўшых лідараў занялі падрыхтаваныя палітыкі другога эшалона. У Беларусі ж не толькі другога, але і першага эшалона няма.
Між тым ніводзін правадыр не вечны. Поспех аперацыі “Пераемнік” таксама не гарантаваны. Таму ў нейкую гадзіну Х “апошняя дыктатура Еўропы”, ужо друзлая, гнілая, можа апынуцца без руля і без ветразяў. І дзе гарантыя, што ўладу, якая валяецца ў брудзе, не падхопіць спрытны авантурыст? Вялікая таксама імавернасць, што наменклатура ціха прасуне свайго кадра, і ў выніку беларусы, не паспеўшы вокам міргнуць, атрымаюць аўтарытарызм нумар два -- меней брутальны, але такі ж балотны, пагібельны для перспектыў краіны.
А самы небяспечны варыянт -- калі ў такі момант на сінявокую Беларусь пасадзіць свайго кадра Масква. І хто рыпнецца, хто адаб’е імперскі план? Ні паўнавартасных палітычных інстытуцый, якія могуць дзейнічаць на аўтапілоце, ні з’яднанай палітычна спелай эліты -- няма. Выбіваецца адно звяно -- і дзяржава ў паралічы.
Цяперашні правадыр баіцца выпусціць з рук хоць каліва ўлады. А ў выніку можа быць бяздарна аддадзена ў чужыя рукі цэлая краіна.
Добро пожаловать в реальность!