Яўген Літвінаў, мастак з Жодзіна, выпадкова натрапіў на кнігу Марсі Шор «Украінская ноч: вельмі асабістыя гісторыі рэвалюцыі». Паводле яго слоў, гэтая кніга дапамагла яму лепш зразумець, што адбываецца з Беларуссю і Украінай, чаму ва Украіне рэвалюцыя перамагла, а ў Беларусі — не, і чаму многія беларусы адчуваюць віну за тое, што Лукашэнка дазволіў Пуціну напасці на Украіну з нашай тэрыторыі.
— Мне 40 гадоў, і я ніколі не думаў, што можа існаваць такая неверагодная радасць, такія моцныя пачуцці і такія сапраўныя чалавечыя адносіны. Такія, як я адчуў у 2020 годзе, калі пасля так званых «выбараў Лукашэнкі» мы выйшлі на вулічныя пратэсты, — распавядае Яўген Літвінаў, мастак з беларускага горада Жодзіна, які быў вымушаны пакінуць радзіму з-за палітычных пераследаў.
Больш за тры гады Яўген жыве ў Польшчы. Па яго словах, «ніводзін дзень у эміграцыі не мінаў без вяртання, хоць бы на хвіліну, да тых дзён лета і восені 2020 года».
— Мне здаецца, што ўсе людзі, якія перажылі рэвалюцыі, ужо ніколі гэтага не забудуць... Наша жыццё тады падзялілася на «да» і «пасля». І ведаеце, у той час мяне моцна зачаплялі працы беларускіх мастакоў, паэтаў, пісьменнікаў пра нас, пра нашы спадзяванні, надзеі, сімвалы... Але з цягам часу ўсё часцей задумваюся: што ж на самой справе адбывалася з намі? Чаму мы так адчувалі, і што гэта значыць для нас цяпер? Хочацца ведаць.
«Гэта ўсе мае пытанні пра той час»
Цікава, што калі сяброўка дала мне пачытаць кнігу Марсі Шор «Украінская ноч: вельмі асабістыя гісторыі рэвалюцыі», я спачатку не адчуў вялікага інтарэсу да яе. Але кніжка невялікая, і я падумаў: дай прабягу яе «па дыяганалі». Адкрыў, гартаю і знаходжу вось гэта:
«Украінская рэвалюцыя на Кіеўскім Майдане, хоць і звязаная з канкрэтнай гісторыяй, адначасова агаліла ўніверсальныя, вечныя пытанні: пра прыроду індывідуальнасці, пластычнасць тэмпаральнасці і лёс праўды. Калі пратэст пераходзіць нябачную мяжу і становіцца рэвалюцыяй? Што збліжае бацькоў і дзяцей, а што раздзяляе пакаленні? У якіх абставінах знікае страх? Чым рэвалюцыйны час не падобны на «бытавую» штодзённасць? Як змяняецца адчуванне часу і прасторы? Чаму знікае адрозненне паміж днём і ноччу? Як салідарнасць перамагае адасобленасць? Чаму людзі здымаюць сябе на відэа, калі па іх страляюць? Якія ўмовы дазваляюць сцерці мяжу паміж рэальнасцю і вымыслам?»
— Гэта ўсё мае пытанні пра той час і пра тое, што з намі здарылася! Менавіта іх я, як кажуць, «адпраўляю ў Сусвет»... Карацей, так я пачаў чытаць.
Феномен «homo sovieticus»
Мастак распавядае, што яго адразу захапіў адзін момант, які дазволіў лепш зразумець агульныя рысы постсавецкіх грамадстваў. У кнізе ўзгадваецца феномен «homo sovieticus» — людзей, прызвычаеных да несвабоды і падпарадкавання, якіх лёгка ператварыць у «зомбі».
— Нават мне, саракагадоваму, гэтая тэма блізкая і зразумелая. І хоць кніга найперш прысвечана Украіне, але яна і пра 2020 год у Беларусі. Гэта ўсё пра тое, што барацьба са спадчынай савецкага мінулага і за права быць свабодным актуальная для ўсіх постсавецкіх краін.
Я быў у эміграцыі, калі ў лютым 2022 года Лукашэнка дазволіў Пуціну напасці на Украіну з нашай тэрыторыі. Гэта асэнсаванне разрывала мяне знутры. Тады я думаў пра тое, што украінцы на Майдане змагаліся са зброяй у руках, а мы разлічвалі, што рэжым зваліцца пад цяжарам агульнага незадавальнення. А у кнізе ёсць адказ для мяне:
«Філасофскім стрыжнем украінскай рэвалюцыі было супрацьстаянне паміж суб’ектнасцю і «произволом», годнасцю і прадажнасцю. А стрыжнем беларускай рэвалюцыі стала супрацьстаянне паміж дзвюма мадэлямі сілы: вертыкальнага гвалту і моцы гарызантальнага клопату адзін пра аднаго».
— Гэтыя словы дапамаглі мне інакш зірнуць на нашу рэвалюцыю: мы змагаліся не менш, але выбралі свой шлях — шлях салідарнасці і ўзаемнага клопату. Я глядзеў на тое, што адбываецца ва Украіне, і не мог пазбавіцца думкі: калі б мы тады змаглі скінуць рэжым, калі б наша барацьба ў жніўні 2020 года скончылася перамогай, гэтай трагедыі, магчыма, не было б. Але мы не змаглі. Пачуццё бяссілля і віны доўга мяне пераследавала. Потым я зразумеў: «Беларусь ужо акупаваная Расіяй тэрыторыя, і мы не перамаглі менавіта таму». А у кніжцы вось што напісана:
«Украінцы сапраўды ведаюць, за што яны ваююць; іх абарона Радзімы — гэта, апроч усяго іншага, барацьба супраць нігілізму. Яны змагаюцца за Украіну і за тую «Еўропу», якая была пастаўлена на карту на Майдане, за платанічную, ідэальную сутнасць Еўропы — свабоду, права на самавызначэнне, правы чалавека, годнасць».
— Маё, пасля Беларусі, жыццё ў Еўропе — па-сапраўднаму свабоднае і спакойнае. Але я часта ўглядаюся ў людзей, у еўрапейцаў, чытаю навіны, назіраю і пытаюся ў сябе: мы сапраўды гэтага хацелі? Чытаю кнігу і лепш разумею гэтыя пытанні.
«Адкуль ты ўзялася, мая нянавісць»
Яўген падкрэслівае, что кніга адрозніваецца ад звычайных гістарычных даследаванняў. Аўтарка Марсі Шор перадае украінскую рэвалюцыю праз асабістыя гісторыі людзей, іх эмоцыі, страхі і надзеі. Па яго словах, гэта робіць падзеі больш чалавечымі і рэальнымі.
— Мне вельмі падабаецца, што ў кнізе шмат гісторый, якія дапамагаюць асэнсаваць важныя рэчы. Я заўсёды любіў, напрыклад, «Акіян Эльзы», Славу Вакарчука, яго музыка мне вельмі блізкая... І яго перажыванні я адчуў у гэтай кнізе:
«Слава напісаў верш. "Адкуль ты ўзялася, мая нянавісць", — так ён пачынаўся. За ўсе свае сорак шэсць гадоў ён ніколі, ні разу не зведаў гэтага пачуцця».
Гэтая думка выклікала ў мяне супярэчлівыя пачуцці. Я таксама ніколі раней не адчуваў такой нянавісці… Але! Мабыць, менавіта ў гэтым і ёсць галоўны выклік — барацьба не толькі за свабоду, але і за сваю сутнасць. Вельмі важна не згубіць сябе, калі навокал усё змяняецца.
Кранула думка адной з гераінь, якая сказала:
«У барацьбе за свабоду галоўнае — захаваць чалавечнасць».
«Перамога» літаральна азначае выхад па-за межы магчымага»
Мастак таксама адзначае, што кніга стала для яго важным пунктам разумення таго, як асобныя людзі здольныя ўплываць на вялікія падзеі.
— Адзін з удзельнікаў падзей, якога цытуе Шор, адзначае, што
«рэвалюцыя пачынаецца ўнутры, а не на плошчы».
Гэтая фраза падкрэслівае, што пратэст — гэта не проста палітычная з’ява, а ўнутраны выбар, адвага ісці за праўдай і змагацца за годнасць. На мой погляд, для многіх беларусаў гэта асабліва важна: змагацца за свабоду можна ў любой форме і ў любым месцы.
Другі герой кнігі ўзгадвае, як ён, страціўшы працу і звыклы лад жыцця, пачаў успрымаць рэвалюцыю як працэс унутранага абнаўлення. Мне здаецца, такія асабістыя гісторыі могуць дапамагчы беларускім эмігрантам, даць адчуванне, што яны не адны, і што іх досвед з'яўляецца часткай больш шырокага руху.
Увогуле, гэтая кніга пра Украіну, пра Расію, пра Беларусь, пра Польшчу і пра ўсю Еўропу... Раю яе тым, хто цікавіцца гісторыяй, палітыкай і чалавечай годнасцю. Выдатны твор. Мне б хацелася абмеркаваць яго з сябрамі, таму не пераказваю — спадзяюся, у нас будзе яшчэ добрая нагода для ўспамінаў, для дыскусій і для чагосьці яшчэ, што дазволіць глыбей зразумець беларускія падзеі і рабіць правільныя высновы.
Дазволю сабе апошнюю цытату з «Украінскай ночы», вельмі мяне ўразіла:
«Украінцы здзяйсняюць бясконца неверагоднае. Сёння яны не кажуць "пасля вайны", яны кажуць "пасля перамогі". "Перамога" павінна стаць часткай новай універсальнай мовы», — прапануе польскі тэатральны рэжысёр Кшыштаф Чыжэўскі. Этымалагічна яна адрозніваецца ад англійскай "victory", польскага "zwycięstwa" або расійскай "победы". Прыстаўка "пера-" паказвае на пераход, а "мога" азначае "магу". "Перамога" літаральна азначае выхад па-за межы магчымага».
Вельмі спадзяюся, што мы, беларусы, зможам знайсці свой шлях да Перамогі ў нашым жыцці, як бы нам зараз цяжка не было.
Ад рэдакцыі
Кніга Марсі Шор «Украінская ноч» прадаецца на сайце GutenbergPublisher.eu.
Падпісвайцеся на праект у Instagram @gutenbergpublisher або TikTok @gutenbergpublisher.
Па ўсіх пытаннях звяртайцеся:
📍 Адрас кампаніі:
ul. Wspólna 62, 00-684 Warszawa, Polska
📞 Тэлефон: +48 22 123 4567
Добро пожаловать в реальность!