З нагоды 30-годзьдзя падпісаньня Будапэшцкага мэмарандуму МЗС Украіны выступіла з заявай, у якой канстатавала, што, «маючы за плячыма горкі досьвед Будапэшцкага мемарандуму, мы не пагодзімся ні на якія альтэрнатывы, сурагаты ці замены паўнапраўнага сяброўства Ўкраіны ў NATO», бо толькі гэта зьяўляецца «адзінай такой гарантыяй бясьпекі» для краіны, піша палітолаг Валер Карбалевiч на "Свабодзе".
Выснова, выпакутаная трыма гадамі крывавай вайны супраць расейскай агрэсіі. І канстатацыя заканчэньня пэўнай эпохі ў гісторыі рэгіёну Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропы. А можа, і ўсяго сьвету.
А як усё добра пачыналася!.. Трыццаць гадоў таму ўпершыню ў гісторыі тры краіны (Беларусь, Казахстан, Украіна), няхай і пад двайным ціскам з боку Расеі і Захаду, адмовіліся ад ядзернай зброі. Узамен атрымалі гарантыі бясьпекі ад ядзерных дзяржаў.
Здавалася, вось ён, «дывідэнд міру», які атрымаў сьвет ад заканчэньня «халоднай вайны». І, як зазначаў амэрыканскі філёзаф Фрэнсіс Фукуяма, «канец гісторыі».
Насамрэч Будапэшцкі мэмарандум аб гарантыях бясьпекі складаецца з трох па сутнасьці ідэнтычных палітычных пагадненьняў, падпісаных на канфэрэнцыі АБСЭ ў Будапэшце (Вугоршчына) 5 сьнежня 1994 году. Беларусь, Казахстан, Украіна далучыліся да Дамовы аб нераспаўсюджваньні ядзернай зброі. А Расея, ЗША і Вялікая Брытанія гарантавалі, што будуць устрымлівацца ад пагрозы сілай або яе прымяненьня супраць тэрытарыяльнай цэласнасьці або палітычнай незалежнасьці гэтых краін, а таксама не прымяняць эканамічнага прымусу, паважаць іх незалежнасьць і сувэрэнітэт у існых межах. Яны абяцалі, што абавязваюцца ніколі не выкарыстоўваць зброі супраць гэтых краін, за выключэньнем выпадкаў самаабароны або іншых выпадкаў у адпаведнасьці са Статутам ААН.
І вось мінула 30 гадоў. Адна зь дзяржаў-гарантаў (Расея) ажыцьцявіла агрэсію супраць Украіны, а астатнія ядзерныя дзяржавы не змаглі ёй перашкодзіць. З гэтай трагедыі вынікае некалькі важных высноваў і урокаў.
1. Дамовы, прынятыя і зафіксаваныя ў адну гістарычную эпоху, перастаюць працаваць у іншы час, у які дзейнічаюць іншыя суадносіны сілаў, правілы і ўмовы. Новая міжнародная сыстэма, палітычны клімат, які моцна зьмяніўся за тры дзясяткі гадоў, патрабуюць абнаўленьня прававых рамак. Любыя пагадненьні дзейнічаюць толькі ў рамках той сыстэмы міжнародных каардынат, у якіх былі прынятыя. Вечных дамоваў не бывае.
2. Любыя дамовы функцыянальныя толькі ва ўмовах існаваньня ўсімі прызнанага міжнароднага права, інакш кажучы, сусьветнага парадку, пабудаванага на падставе правілаў. Калі адна ці некалькі вялікіх дзяржаў (напрыклад, сяброў Рады Бясьпекі ААН) адмаўляюцца прызнаваць такі парадак, то ўся сыстэма міжнародных адносін разбалянсоўваецца.
Да таго ж статус дакумэнтаў, падпісаных 30 гадоў таму ў Будапэшце, з прававога гледзішча, скажам так, своеасаблівы. Гэта ня столькі дамова, якая строга абавязковая для ўсіх краін-падпісантаў, колькі дэклярацыя аб добрых намерах. Будапэшцкі мэмарандум не ратыфікаваўся парлямэнтамі. Гэта было хутчэй джэнтльмэнскае пагадненьне. Ва ўсялякім разе, так яго трактуюць цяпер ядзерныя дзяржавы.
Таму не выпадкова Ўкраіна цяпер патрабуе ад вялікіх дзяржаваў больш цьвёрдых гарантый сваёй бясьпекі пасьля заканчэньня вайны. І найважнейшай гарантыяй лічыць паўнавартаснае сяброўства ў NATO.
3. Вядомы пастулят, што дамовы, не падмацаваныя сілай (мячом, ружжом ды інш.), маладзейсныя, цалкам датычныя да сытуацыі са згаданым мэмарандумам. Акрамя фактару сілы, варта яшчэ згадаць чыньнік палітычнай волі. Калі б у 2014 годзе, пасьля захопу Расеяй Крыму, Захад адрэагаваў бы так, як ён гэта зрабіў пасьля 24 лютага 2022 году, то новай вайны, хутчэй за ўсё, не было б. Агрэсар прызнае толькі сілу.
4. Вайна Расеі супраць Украіны нанесла моцны ўдар па рэжыме нераспаўсюджваньня ядзернай зброі. Напрыклад, калі б Украіна валодала такой зброяй, Крэмль тысячу разоў падумаў бы, перш чым пачынаць гэтую «спэцапэрацыю». Будапэшцкі мэмарандум зрабіў украінскую дзяржаву ў гэтым пляне безабароннай. І гэта будзе падштурхоўваць іншыя дзяржавы да таго, каб авалодаць ядзернай зброяй. Але менавіта сваёй зброяй, а не чужой, як гэта робіць рэжым Аляксандра Лукашэнкі, які ініцыюе разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. Такі варыянт, які спрабуе рэалізаваць афіцыйны Менск, толькі павялічвае небясьпеку ўцягваньня краіны ў чужую вайну.
5. Гарантыі з боку Расеі ня дзейнічаюць, РФ нічога гарантаваць ня можа. Расейская агрэсія супраць Украіны прадэманстравала поўнае ігнараваньне Масквой міжнароднага права, Будапэшцкага мэмарандуму, Статуту ААН, цэлага комплексу расейска-ўкраінскіх дамоваў.
На гэтым тле дамова паміж Беларусьсю і Расеяй аб гарантыях бясьпекі, якую мяркуецца падпісаць падчас плянаванага візыту Ўладзіміра Пуціна ў Менск, з самага пачатку выглядае вельмі сумнеўнай. Калі краіна, якая не хавае сваіх агрэсіўных намераў, нешта гарантуе, то гэта павінна выклікаць асьцярогу. Каб клапаціцца пра бясьпеку Беларусі, варта мець дамоўленасьці з усімі бакамі геапалітычнага супрацьстаяньня. Хоць, як паказвае гісторыя Будапэшцкага мэмарандуму, і гэта не зьяўляецца поўнай гарантыяй ад агрэсіі ваяўнічага суседа.
Добро пожаловать в реальность!