Якія наступствы для Беларусі можа мець чарговая эскалацыя паміж Расіяй і Захадам? Пра гэта ў каментары Филину разважае аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст.
— Вакол гісторыі з дазволам Вашынгтона прымяняць далекабойную зброю па тэрыторыі Расіі яшчэ шмат няяснага. Тым не менш, ужо вядома, што Пуцін зацвердзіў новую ядзерную дактрыну. Абноўлены дакумент дазваляе ўжываць ядзерную зброю ў адказ на ўдары канвенцыйнай зброяй.
Якія рызыкі гэта ўсё нясе Беларусі? Ці варта, на вашу думку, чакаць вяртання ў Беларусь расійскіх войскаў у вялікай колькасці?
— Як яно будзе, мы не ведаем. Тут цяжка штосьці прагназаваць. Тым не менш, я думаю, што акурат Беларусь гэта ўсё не вельмі закаране, хіба што ўскосна. Бо вы маеце рацыю — яснасці пакуль што няма, ці ўвогуле прынятае такое рашэнне.
Афіцыйна нічога не паведамляецца. The New York Times апублікавала на аснове сваіх звестак, што нібыта такі дазвол дадзены. Але потым было патлумачана, што дазвол дадзены на ўдары па тэрыторыі толькі Курскай вобласці.
Казаць, што гэта кардынальна новае, кардынальна іншае рашэнне, я б не стаў. Часткова — так. Але я б не сказаў, што гэта рашэнне ўжо без абмежаванняў.
Акрамя таго, дазвол на ўжыванне ў Курскай вобласці — гэта ў пэўнай ступені адказ на эскалацыю з другога боку. Расія запрасіла і прывезла паўночнакарэйскіх салдатаў, якія ўжо ваююць.
І гэта таксама быў крок за нейкія чырвоныя лініі, але яны ваююць менавіта ў Курскай вобласці — фармальна кажучы, на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Адпаведна, Злучаныя Штаты далі дазвол на ўжыванне зброі, зрабіўшы гэта ў адказ на вось гэты крок за чырвоную рысу.
Што тычыцца іншых партнёраў Вашынгтона па НАТА, то мы бачым, якая тут сітуацыя. Спачатку Le Figaro паведамляе, што Францыя таксама дае дазвол, а потым перапісвае артыкул на ўласным сайце.
А французскі міністр замежных справаў кажа, што мы пакуль яшчэ думаем. І гэта яшчэ адно змяншэнне маштабу гэтага рашэння.
Я б тут не выключаў і фактар жорсткай палітычнай гульні з улікам сітуацыі ўнутры саміх Злучаных Штатаў. Фармальна кажучы, гэтае рашэнне прыняў прэзідэнт, якому кіраваць засталося два месяцы.
Так, гэтыя два месяцы ён яшчэ будзе паўнапраўным прэзідэнтам. Можна сказаць, што рашэнне прыняла Амерыка. Але з іншага боку, рашэнне прыняў прэзідэнт, які праз два месяцы ім не будзе. І з другога боку мы бачым рэакцыю не самога Трампа, але людзей з ягонага атачэння.
Яго сына, яго партнёра Ілана Маска. Прызначага ім на пасаду дарадцы па нацыянальнай бяспецы Майка Уолтца. Усе яны ў адзін голас кажуць, што гэта няправільнае рашэнне. І што тычыцца Уолтца, то раней ён гэта падтрымліваў, а цяпер не.
Іншымі словамі, магчыма, 20 студзеня 2025-га Трамп проста адменіць гэтае рашэнне. Прынамсі, ён гэта можа зрабіць. Хор галасоў людзей з ягонага атачэнне сведчыць пра тое, што такі сцэнар цалкам магчымы.
І гэта ў пэўным сэнсе стрымлівае Пуціна. Рабіць у такой сітуацыі абсалютна неабарачальныя крокі, а сярод расійскіх гарачых галоваў выказваліся прапановы ўдарыць па Жэшуве, Лондане і Парыжы, абсалютна недарэчна. Нават у межах расійскага z-дыскурсу.
Уцягвацца ў глабальную вайну, магчыма, Трэцюю сусветную? З-за рашэння, якое, магчыма, добра калі пратрывае два месяцы? Наўрадці. Прынамсі, гэта наўрадці будзе тычыцца краінаў НАТА. А па Украіне могуць. І пэўнай зброяй па ўласнай Курскай вобласці.
Ну, па Украіне мы ўжо бачым. Справа ў тым, што некаторыя класы ракетаў расійскія войскі даўно ўжо не ўжывалі. Прымяняліся ў асноўным дроны. А вось днямі быў вельмі моцны менавіта ракетны ўдар. І тое самае можа быць і далей.
Ізноў жа, расійскія эксперты абмяркоўваюць верагоднасць дэманстратыўнага ўдару па Банкавай, па Вярхоўнай Радзе. Вось такое невыключана. А эскалацыя далей — наўрадці. Наўрадці чакаецца нейкае ўвядзенне войскаў у Беларусь. Бо дзеля чаго?
Я чуў меркаванне эспертаў пра ўмацаванне групоўкі тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі. Але гэта, насамрэч, black box. Бо толкам ніхто не ведае, ніхто не бачыў, не паказалі пальцам, што вось недзе пад Баранавічамі стаяць расійскія войскі. Вось яны прыехалі і стаяць на варце «саюзнай дзяржавы».
Некаторыя эксперты задаюцца пытаннем у стылі Горкага — а ці быў той хлопчык? Ці былі тыя ракеты? Пра гэта было абвешчана, Лукашэнка казаў, маўляў, усё — ужо прыехалі. Але іх ніхто не бачыў. ЦРУ можа і бачыла, але публіцы нічога не паказалі.
Так, у якасці жэсту Расія можа заявіць пра ўмацаванне канкрэтна гэтай групоўкі ў Беларусі. Але гэта будзе піяр, бо гэта не праверыш. Умоўна кажучы, удар па Жэшуве праверыш, бо гэта будзе немагчыма не заўважыць.
Але мне падаецца, што Байдэн, як вопытны палітык, расстаўляе пасткі як для Пуціна, так і для Трампа. Для Пуціна гэтая пастка ў тым, каб перарэагаваць на рашэнне, якое будзе дзейнічаць, магчыма, толькі два месяцы.
Я думаю, што ў Маскве, нягледзячы на ўсю аўтарытарнасць рэжыму, будуць гучаць галасы пра тое, што давайце мы проста пачакаем гэтыя два месяцы. Бо той дазвол наўрадці за гэты час зменіць кардынальным чынам сітуацыю на фронце.
Я не думаю, што ўкраінцы знясуць усю расійскую абарону, калі атрымаюць дазвол на ўжыванне адпаведных узбраенняў. Тым больш, што 6 верасня на чарговым «Рамштайне» міністр абароны ЗША Лойд Осцін даволі кісла казаў пра тое, што далёкабойныя ракеты ўмацуюць украінскія войскі, але хаду вайны гэта не зменіць.
Магчыма, ён такім чынам проста апраўдваў тагачасную палітыку. Але слова было сказанае. І калі яму верыць, то што, уласна кажучы, змянілася з пачатку верасня? Не думаю, што ракеты за гэты час сталі такімі, што цяпер яны могуць змяніць хаду вайны.
Таму гэта такі жэст, развітанне Байдэна. Колькі месяцаў і нават гадоў ён гэтае рашэнне не прымаў, а цяпер вось прыняў. Хоць і вельмі дазаванае.
І ў гэтым сэнсе казаць пра нейкае задзейнічанне Беларусі — а дзеля чаго? Тым больш, што эксперты адзначалі адрозненне Паўночнай Карэі ад нашай краіны.
Таварышу Кіму ўсё адно, колькі паляжа паўночнакарэйскіх вайскоўцаў. Заб’юць украінцы хоць усе дзесяць тысяч? Ну, то гэта страты дзеля бацькаўшчыны, дзеля партыі і Кіма. Гэта ў сітуацыі КНДР ні на што не паўплывае. А ў Беларусі паўплывае. Тут нават сотня загінулых — гэта прамая пагроза ўстойлівасці рэжыму.
А якая рускім радасць дэстабілізаваць рэжым у Беларусі? У іх хапае салдат, яны плацяць добрыя грошы, ужо і з Паўночнай Карэі салдат падвезлі.
Акрамя таго, у выпадку з Карэяй імавернасць удару ў адказ ёсць. І той жа прыгаданы мной Уолтц гэта адзначыў: маўляў, калі мы будзем гуляць у такі пінг-понг эскалацый, то можам выклікаць вайну паміж Карэямі.
Тым не менш, уявіць сабе, што з-за таго, што Кім перакінуў дзесяць тысяч сваіх салдат у Курскую вобласць, можа разгарэцца канфлікт на 38-й паралелі, што Паўднёвая Карэя пачне баявыя дзенянні з Паўночнай? Гэта малаімаверна.
Удзел КНДР у вайне лакалізаваны. Ён не будзе мець рэха там, у Карэі. А ў Беларусі, прынамсі, можа мець. Калі, умоўна кажучы, увесці войскі з Беларусь, напасці адтуль на Украіну. Або прымусіць беларусаў ваяваць.
У 2022-м ваеннага адказу па Беларусі не было з боку Украіны. А цяпер можа і быць. І таму — навошта? Тым больш, памятаеце размовы ў 2022-м пра дэфіцыт жывой сілы ў расейцаў, які можна закрыць за кошт беларускай арміі?
Яны гэтую праблему вырашылі. І не за кошт беларускай арміі, а дзякуючы мабілізацыі. Цяпер мы не чуем гэтых размоваў, няма ў іх дэфіцыту. Яны добра плацяць, ёсць каму служыць. І проста няма матываў неяк далучаць Беларусь да гэтага. Акрамя таго самага піяр-кроку, калі можна зрабіць заяву нібыта пра ўмацаванне расійскай ядзернай групоўкі на беларускай тэрыторыі .
— Ёсць меркаванне, што Лукашэнка вырашыў раней правесці перапрызначэнне, каб паспрабаваць патрапіць на перамовы па Украіне. Вось гэты паварот з заходняй зброяй і адпаведная рэакцыя Крамля — ці гэта тое, пра што мог марыць афіцыйны Мінск? Як да гэтага можа паставіцца Лукашэнка?
— Канечне, яму гэта не падабаецца. У першую чаргу таму, што гэта пагражае эскалацыяй і падвышае няпэўнасць сітуацыі. Хто, што, які будзе адказ? Як гэта паўплывае на перспектывы міру паводле Трампа?
Усё гэта — туман. Яно і раней усё было ў тумане. А зараз яго паболела. Гэта не азначае, што такая сітуацыя будзе захоўвацца і далей. Яшчэ раз кажу — пасля 20 студзеня карэта можа ператварыцца ў гарбуз.
Але калі той жа Пуцін вырашыць ударыць па Польшчы або Румыніі, па шляхах паставак узбраенняў для Кіева, то для Трампа ўзнікне новая сітуацыя. У такім выпадку пра мір будзе вельмі складана размаўляць, бо гэта будзе факт нападу на краіну НАТА.
Калі ён гэтага не робіць, то я не выключаю, што Трамп будзе рэалізоўваць тую праграму, з якой ён ішоў на выбары. Што ў яго з гэтым атрымаецца, складана сказаць. Ведаючы ягоную натуру, характар, я думаю, што гэта будуць перамовы ў вузкім коле.
Гэта будуць перамовы паміж Трампам, Зяленскім і Пуціным.
А можа і ўвогуле паміж ім і Пуціным. Так, гэта вельмі падобна на Мюнхенскую дамову 1938-га, калі ў чэхаў таксама нічога не спыталі. Спадзяюся, што такога не здарыцца. Але сказаць, што я такое цалкам выключаю, што такое адбыцца не можа, не магу. На жаль, можа.
І ў гэтым сэнсе я думаю, што ён наўраді за гэты стол перамоваў дапусціць хоць каго. Не толькі Лукашэнку, але і Макрона, Стармера, Шольца. Трамп не хоча дзяліць лаўры. Калі яны, канечне, будуць. Ён не будзе ладзіць венскі кангрэс з удзелам дзясяткаў сусветных лідараў. І таму за такім сталом Лукашэнку проста не будзе месца.
Магчыма, калі яму будзе патрэбны пасярэднік, такую ролю сыграе венгерскі прэм’ер Віктар Орбан. Тым больш, што ён ведае дарогу і ў Маскву, і ў Вашынгтон, і ў Кіеў. Але гэта тады, калі такі пасярэднік спатрэбіцца. Я пакуль не бачу з таго боку патрэбы ў такой ролі.
Дарэчы, нельга сказаць, што ў гэтай сітуацыі Лукашэнка робіць нейкія зусім ужо вар’яцкія заявы. Ёсць пэўныя гістарычныя паралелі, якія нядаўна і Ціханоўская прыводзіла. Той самы Рыжскі мір, які Масква падпісала нават без удзелу БССР.
Сёння кепска тое, што д’ябал хаваецца ў дробязях. Могуць быць нейкія сюжэты ў гэтым мірным пагадненні, звязаныя з Беларуссю, якія можна адстаяць, калі ты сядзіш за гэтым сталом.
Таму што ў галоўных гульцоў за гэтым сталом будзе шмат праблем, і ў пэўны момант яны могуць махнуць на штосьці рукой. А што, калі за гэтым сталом не будзе нікога ад Беларусі, калі яе інтарэсы будзе прадстаўляць той жа Пуцін?
Тым больш, што мы бачым, якія гэта інтарэсы. На нядаўняй сустрэчы з губернатарам Смаленскай вобласці Лукашэнка зрабіў вельмі дваістую заяву.
Нібыта Пуцін ніколі не казаў яму, што «нам трэба жыць у адной дзяржаве». Але, маўляў, такія галасы ў Расіі гучаць. Але мы гэта ўсё абсякаем, бо гэта няправільна.
Наконт таго, што Пуцін такога ніколі не казаў, проста няпраўда. У чэрвені 2002 года ён прамым тэкстам казаў, гледзячы ў вочы Лукашэнку: травень 2003-га — рэферэндум аб аб’яднанні, пачатак 2004-га — выбары прэзідэнта адзінай дзяржавы.
Так, ён урэшце перадумаў. Але казаць, што Пуцін ніколі такога не гаварыў — а вось гаварыў. Даўно, так. І тым не менш. Але ў дадзенай сітуацыі я не акцэнтаваўся б на тых далёкіх успамінах. Сёння Лукашэнка сам кажа, што вакол Крамля такія думкі сапраўды гучаць.
І калі Пуцін будзе адзін сядзець за тым сталом, то ў яго можа ўзнікнуць такая спакуса. Гэта, канечне, не азначае, што яму проста аддадуць Беларусь на сподачку. Але яшчэ раз паўтаруся: д’ябал хаваецца ў дробязях. І ў гэтым выпадку яны могуць быць істотнымі.
Добро пожаловать в реальность!