Падчас апошняй выбарчай кампаніі, якая працягваецца ў Беларусі, зьнікла свабода выбару нават на афіцыёзна-прапагандысцкім узроўні. Гэтыя выбары сталі пэўным рубяжом, які фіксуе эвалюцыю рэжыму, пераход яго ў іншую стадыю, пiша палiтолаг Валер Карбалевiч.
Прымусовы збор подпісаў
Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў яго падтрымку ўжо сабрана больш за 700 тысяч подпісаў. Улады не хаваюць, што гэтым працэсам займаецца дзяржаўны апарат, хоць гэта парушэньне закону. Кіраўнік Віцебскай вобласьці Аляксандар Субоцін прызнаў, што пры зборы подпісаў за Лукашэнку «традыцыйна спаборніцкі эфэкт у абласьцях прысутнічае». Кіраўнік лукашэнкаўскай адміністрацыі Дзьмітрый Круты кажа, што трэба працягваць зьбіраць, бо «людзям трэба даць магчымасьць падтрымаць свайго лідэра».
І раней падчас папярэдніх прэзыдэнцкіх кампаній у дзяржустановах і на прадпрыемствах подпісы за Лукашэнку зьбіралі ў «добраахвотна-прымусовым» парадку. Аднак тады толькі пужалі непрыемнымі наступствамі на адрас тых, хто адмаўляўся.
Цяпер усё інакш. Прымус стаў галоўным чыньнікам. У выніку масавых рэпрэсіяў, якія цягнуцца ўжо чатыры гады, чыстак за неляяльнасьць рэжыму ўсе разумеюць, што пагрозы пакараньня — не пустыя. У некаторых установах тых, хто адмаўляецца падпісвацца за Лукашэнку, уносяць у адмысловы «чорны сьпіс». Прычым кампанія закранула ня толькі дзяржаўныя ўстановы, бюджэтныя арганізацыі, дзяржпрадпрыемствы, але і прыватныя фірмы.
Новы сэнс слогана «Надо!»
Цяпер па-новаму ўспрымаецца заклік «Надо!». Прапагандысцкая кампанія пад такім лёзунгам пачалася як флэшмоб, які нібыта запрашаў Лукашэнку ўдзельнічаць у выбарах. А цяпер гэта стала слоганам усёй прэзыдэнцкай кампаніі, сэнс якога палягае ў абавязковай падтрымцы цяперашняга ўладара. У самім лёзунгу закладзены прымус. Звычайна электаральныя кампаніі ў сьвеце грунтуюцца на слоганах, якія заклікаюць выбарцаў галасаваць за нейкую партыю ці кандыдата: «Галасуй, або прайграеш!», «Галасуй за сваю будучыню!» і інш. А тут мы бачым слоган, які дэтэрмінуе прымус, ён не прадугледжвае ніякай свабоды выбару: «Надо!» — і ўсё тут. І ніхто не пытае, чаго ты насамрэч хочаш.
То бок у Беларусі 2024 году зьнікла свабода выбару нават на афіцыёзна-прапагандысцкім узроўні. Гэтыя прэзыдэнцкія выбары сталі пэўным рубяжом, які фіксуе эвалюцыю рэжыму, пераход яго ў іншую стадыю.
Эвалюцыя да таталітарызму
Клясычны таталітарызм паводле сваёй прыроды патрабуе актыўнай падтрымкі і мабілізацыі з боку грамадзтва. Што якраз цяпер і адбываецца. Гэта новая зьява, яскравая прыкмета эвалюцыі краіны да таталітарнай сыстэмы.
Бо да 2020 году ўлады праводзілі супрацьлеглую палітыку, арыентаваную на дэмабілізацыю і дэпалітызацыю грамадзтва. Рэжым трымаўся ня столькі за кошт падтрымкі насельніцтва, колькі дзякуючы апатыі, апалітычнасьці, абыякавасьці, фаталізму, няўдзелу людзей. Гэта цалкам задавальняла ўлады. Нават выбары праходзілі як тэхнічная працэдура па-за ўласна палітычнай прасторай.
Цяпер усё памянялася. Улады ўзялі курс на штучную палітызацыю, палітычную мабілізацыю. Яны маглі б проста ўказаць любую колькасьць нібыта сабраных подпісаў і не чапляцца да людзей, не прымушаць іх. Але не. Цяпер уладам патрэбная прымусовая легітымнасьць, публічная дэманстрацыя ляяльнасьці. Маўклівае ўхіленьне ад палітыкі, імкненьне жыць сваім прыватным жыцьцём стала рызыкоўнай справай. Патрабуецца актыўная падтрымка ўладаў.
Праўда, у клясычнай таталітарнай сыстэме моцным чыньнікам мабілізацыі была ідэалёгія. Яна была неабходным дадаткам да палітычнага тэрору. У рэжыму Лукашэнкі ніякай ідэалёгіі няма.
Але рэпрэсіі без мабілізуючай ідэалёгіі ня могуць дасягнуць сваёй мэты, то бок стварыць сыстэму, у якой народ шчыра давярае і падтрымлівае ўладу не за страх, а за веру ў яе справядлівасьць. Аднак гэта ня моцна турбуе рэжым, які робіць стаўку на голы гвалт. Улады дзейнічаюць паводле прынцыпу: ня трэба нас любіць, дастаткова, каб баяліся. Але ці можна на адным страху будаваць стабільную сыстэму?
Магчыма, пройдуць гэтыя «выбары», і ўлады адчэпяцца ад людзей, ня будуць штодзённа патрабаваць дэманстрацыі ляяльнасьці. Да наступнай прэзыдэнцкай кампаніі. А за пяць гадоў можа шмат што памяняцца...
Іншыя кандыдаты — нонсэнс для гэтай сыстэмы
Аднак у гэтую простую, зразумелую, у чымсьці прымітыўную кампанію пад слоганам «Надо!» з прапагандай культу асобы Лукашэнкі ўлады самі запусьцілі вірус, ускладнілі яе тым, што дапусьцілі яшчэ некалькі кандыдатаў. У выніку атрымаўся пэўны дысананс, аксюмаран. Таталітарызм не прадугледжвае нейкага плюралізму, нават фармальнай варыятыўнасьці ці разнастайнасьці. Тут адзін народ, адзін правадыр. І таму абывацель не разумее лёгікі. Калі кандыдатура Лукашэнкі абвяшчаецца адзіна магчымым выбарам народу, ва ўмовах палітычнага адзінства і згуртаванасьці, то ніякай альтэрнатывы ня можа быць паводле вызначэньня. Зьяўленьне ў гэтай сыстэме нейкіх іншых кандыдатаў — нонсэнс. Тым больш людзі ведаюць, што за падтрымку іншых прэтэндэнтаў у 2020 годзе шмат грамадзян пакаралі.
Не выпадкова Лукашэнка прызнаў, што «людзі ня вельмі ідуць на тое, каб ставіць подпіс за іншага кандыдата». І каб выйсьці з недарэчнай сытуацыі, рэалізаваць першапачатковы сцэнар зь некалькімі прэтэндэнтамі на прэзыдэнцкую пасаду, сабраць подпісы, улады вымушаныя ажыцьцяўляць таксама прымус, задзейнічаць дзяржапарат дзеля падтрымкі іншых кандыдатаў. Вонкава ўсё гэта выглядае даволі камічна.
Добро пожаловать в реальность!