Хутчэй за ўсё, у наступным годзе ў Беларусі ня будзе ня тое што сапраўдных канкурэнтных выбараў, але нават такіх, якія былі з 2001 па 2020 гады, пiша палiтычны аналiтык Юры Дракахруст на "Свабодзе".
Але якое значэньне гэты электаральны рытуал усё ж будзе мець, якія дылемы будуць зьвязаныя зь ім?
Першая дылема — ці будзе Аляксандар Лукашэнка ўдзельнічаць у выбарах наступнага году? Станоўчы адказ на гэтае пытаньне і раней выглядаў адназначным, а цяпер гэта робіцца яшчэ больш відавочным. Лукашэнка асабіста актыўна вядзе выбарчую кампанію, ніякай выразнай кампаніі прасоўваньня нейкага іншага пэрсанажа не назіраецца. УНС, вакол стварэньня якога было столькі шуму, упаў у палітычную сьпячку. Словам, няма ніякіх прыкметаў таго, што на выбары 2025 году ад улады пойдзе нейкая іншая фігура.
А вось адносна выбараў 2030 году інтрыга ёсьць. І ня выключана, што ці адразу пасьля кампаніі наступнага году, ці празь нейкі непрацяглы час пачнецца паступовы транзыт улады. Бо ўласная дылема Лукашэнкі на пэрспэктыву 5 гадоў — гэта не «кіраваць вечна» альбо «сысьці». Гэта выбар паміж кантраляваным, плаўным адыходам на падрыхтаваныя пазыцыі з захаваньнем пэўнага кантролю за сытуацыяй — і стратай здольнасьці кіраваць, вымушаным біялягічнымі ці палітычнымі прычынамі раптоўным сыходам і наступнай бойкай за ўладу паміж «слупамі» рэжыму.
Зьвесткі пра пагаршэньне здароўя Лукашэнкі, магчыма, адно плёткі. Але на лыжах ці на хакейнай пляцоўцы яго ня бачна ўжо даўно. Ва ўсіх перад вачыма моманты рэзкага пагаршэньня ягонага фізычнага стану. Дый ягоныя ўласныя развагі пра тое, што беларусам давядзецца прызвычайвацца да думкі пра іншага прэзыдэнта — гэта не абавязкова сынонім канстатацыі, што ўсе мы (і ён таксама) некалі памром. Больш імаверна, што гэта плян — не каротка-, але сярэднетэрміновы, на ня вельмі блізкую, але аглядную пэрспэктыву, не на 2025-ы, а на 2030-ы.
Выбары 2025 году — зручны пункт для абвяшчэньня пачатку плаўнага транзыту. Зразумела, зусім ня факт, што яны гэтым пунктам стануць. Больш за тое, ня выключана, што калі і стануць, то бліжэй да 2030 году пераважыць неспатольная прага да ўлады і ўсе пляны сыходу будуць адкінутыя. У 2020 годзе, на піку пратэстаў, Лукашэнка таксама казаў, што ягоны цяперашні тэрмін — апошні. Але тады матывам такіх заяваў была тагачасная сытуацыя. Пратэсты былі падаўленыя, сытуацыя зьмянілася, і пляны, адпаведна, таксама.
Але пасьля 2025 году маладзець Лукашэнка дакладна ня будзе. І «падавіць» уласнае старэньне ён ня ў стане.
Некалі расейскі цар Пётр І на сьмяротным ложку пасьпеў напісаць «Отдайте все...» А каму — напісаць не пасьпеў. З Лукашэнкам гэтак жа можа адбыцца і дакладна, і фігуральна. Ён можа не пасьпець зладзіць пераемнасьць улады — і тады яна адбудзецца хаатычна, спантанна, праз бойку ў вярхах. І гэта — адна з дылемаў 2025 году.
Яшчэ адна, больш кароткатэрміновая дылема, — гэта заходняе прызнаньне вынікаў выбараў. У пэўным сэнсе ніводныя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, пачынаючы з 2001 году, не былі прызнаныя Захадам (прынамсі, не былі прызнаныя свабоднымі і справядлівымі). Зь іншага боку, і непрызнаньне Лукашэнкі прэзыдэнтам пасьля 2020 году было адносным і ўмоўным. Дыпляматычных адносін зь ягоным рэжымам не разрывалі, практычныя справы зь ім мелі, канфідэнцыйныя размовы вялі. Так што паміж поўным прызнаньнем і поўным непрызнаньнем ёсьць шкала пераходных станаў. І мэта ўладаў — каб стан ссунуўся па гэтай шкале ў бок поўнага прызнаньня, магчыма, і не дасягаючы яго.
Што такое магчыма, падказвае гістарычны досьвед Беларусі. Пасьля канстытуцыйнага рэфэрэндуму 1996 году, калі з дэпутатаў Вярхоўнага Савету сфармавалі Палату прадстаўнікоў, у Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Беларусь прадстаўлялі апальныя дэпутаты разагнанага парлямэнту. Але пасьля выбараў у Палату прадстаўнікоў у 2000 годзе месца ў асамблеі было перададзена навасьпечанаму заканадаўчаму органу. Ці былі тыя выбары ў Палату 2000 году свабоднымі? Не, не былі, і Захад гэта канстатаваў. Ну дык чаму тады прызналі, прынамсі ў форме месца ў асамблеі? Ды вось прынялі такое палітычнае рашэньне, палічылі мэтазгодным.
І адносна вынікаў выбараў 2025 году дылема будзе хоць і не дакладна такая самая, але падобная. І не таму, што выбары налета будуць свабодныя, справядлівыя, празрыстыя і г.д. Ня будуць. І гэта выразна будзе сказана. Як такімі не былі выбары 2000 году. Проста выбары (нават несвабодныя, несправядлівыя і непразрыстыя) — нагода ўзважыць перавагі і хібы захаваньня ранейшай палітыкі і яе карэкцыі. Прадказаць цяпер выбар Захаду няпроста — ён будзе залежаць ад многіх чыньнікаў, у тым ліку ад хады вайны ва Ўкраіне і ўнутрыпалітычнай сытуацыі ў краінах Захаду. Але выглядае, што гэты выбар будзе зроблены неўзабаве пасьля выбараў 2025 году ў Беларусі. Далей ужо ўсё пойдзе па рэйках гэтага заходняга выбару, калі толькі пазьней не прыляціць нейкі «чорны лебедзь», які кардынальна памяняе сытуацыю ў Беларусі і вакол яе.
Яшчэ адна дылема, зьвязаная з папярэдняй, — чыё імя будзе ў выбарчым бюлетэні разам зь імем Лукашэнкі. Досьвед выбараў у Палату прадстаўнікоў у 2024 годзе падказвае, што, хутчэй за ўсё, улады ня будуць экспэрымэнтаваць нават у імітацыі спаборнасьці выбараў. Дарэчы, ёсьць сёлетні досьвед суседняй Расеі, дзе кандыдат Барыс Надзеждзін, якому далі магчымасьць зьбіраць подпісы, пачаў імкліва набіраць папулярнасьць. Так што, хутчэй за ўсё, ад дабра дабра шукаць ня будуць. А наладзяць выбары, як у краінах Цэнтральнай Азіі, дзе канкурэнцыю ўладару ствараюць нікому не вядомыя асобы, якія падчас кампаніі, да таго ж, адно славяць свайго галоўнага суперніка.
Калі б не патрэба ў заходнім прызнаньні, дык чыньнікаў, якія б дзейнічалі насуперак такому сцэнару, наагул не было б. Але паколькі патрэба ўсё ж ёсьць, то магчымасьць зьяўленьня кандыдата кшталту Ганны Канапацкай выключаць ня варта. Ня тое каб наяўнасьць ці адсутнасьць кандыдата такога кшталту была вызначальнаю для заходняй высновы наконт прызнаньня ці непрызнаньня вынікаў выбараў, але паўплываць на такую выснову яна можа. Так што і тут пэўная інтрыга, дылема ёсьць.
У чым яе, напэўна, няма, дык гэта ў магчымасьці паўтарэньня 2020 году. Катэгарычнасьць тут, можа, і недарэчная: ніколі не кажы «ніколі». Але тады ж сышлося, сплялося адразу шмат чыньнікаў, акрамя ўласна прэзыдэнцкіх выбараў. Гэта і дзеяньні ўладаў падчас пандэміі, і рэакцыя грамадзтва на іх, і канфлікт Лукашэнкі з Масквой наконт інтэграцыі, і заляцаньні афіцыйнага Менску да Захаду, і ўплыў некалькіх гадоў адноснай адлігі. Да таго ж можна прыгадаць і шэраг лякальных і нават больш шырокіх пратэстаў, якія папярэднічалі 2020 году — «маршы недармаедаў» 2017 году, пратэсты наконт Асмолаўкі і будовы акумулятарнага заводу, іншыя праявы грамадзкай актыўнасьці.
Праўда, варта адзначыць, што ў якім-небудзь 2019 і нават на пачатку 2020 году ўсе гэтыя фактары і падзеі не ўспрымаліся як папераджальныя індыкатары хуткага палітычнага землятрусу. Сцэнары надыходу палітычных выбухаў бываюць розныя, але выглядае, што паўтарэньне падзеяў 2020 году ў 2025-м прынамсі малаімавернае, таму што перадумоваў паўтарэньня менавіта тых падзеяў цяпер не назіраецца.
Добро пожаловать в реальность!