Гэты тэкст пісаўся раней, але публікацыя яго супала з актуальнай дыскусіяй, якая разгарэлася вакол палітычнага і якая на жаль падцьверджвае фарміраваньне даволі фанатычнага, амаль рэлігійнае стаўленьня да лідарства, піша палітолаг Павел Усаў.
Калі няма магчымасьці замацаваць уладу, ці палітычнае лідарства, апраўдаць тыя, ці іншыя дзеяньні, калі адчуваецца недахоп легітымнасьці і даверу, то адным з выратавальных сродкаў з’яўляецца ўцекі да боскага. Яно заключаецца ў апеляваньні да вышэйшых сілаў, як галоўнага аўтарытэту і крыніцы ў атрыманьні права на палітычнае лідарства.
Падавалася б гэтая з’ява існавала ў далёкім мінулым, калі Сонца круцілася вакол Зямлі, але зварот да божага, і больш таго, стварэньне намашчонага, асьвячонага палітычнага лідэрства, сустракаецца і зараз.
Вось напрыклад словы аднаго з дарадцаў С.Ціханоўскай А.Мілінкевіча: "Ціханоўская дар божы".
Пад такім тытулам зьмешчана ягонае нядаўняе інтэрв'ю на Еўрарадыё.
Беларусы ўжо мелі аднаго палітыка, які быў вышэй за бога, няўжо патрыбна канструірваць?
У боскім "намашчэньні" Ціханоўскай няма нічога добрага ні для яе, ні для беларусаў, якім трэба імкнуцца пазбаўляцца ад архетыпаў адносна наднатуральнасьці, надчалавечасьці лідарства.
Яно, лідарства з’ява палітычная, а не рэлігійнае.
Палітык - інструмент палітычнай барацьбы, а не аб’ект для пакланеньня і веры.
Усе традыцыйныя грамадствы будаваліся на веры ў наднатуральныя якасьці правадыра, быў які блізкі да бога і далёкі ад людзей, як фараон, ці імператар.
Менавіта з гэтага будаваліся культы правадырства і зьнішчалася крытычнае стаўленьне да палітыкі і ўлады ў таталітарных грамадствах.
І зараз, з таго, што я назіраю, атачэньне Ціханоўскай, сьвядома ці не сьвядома праз праяўленне архэтыпаў, спрабуе надаць вобразу Ціханоўскай выключнасьць, наднатуральнасьць. Паступова фарміруецца такі сваеасаблівы кульцік асобы, які праціскаецца ў масы.
У выніку, ацэнкі і разуменьне лідарства пачынаюць зводзіцца з рацыянальнага ўзроўню да ірацыянальнага.
То бок, С. Ціханоўская - гэта цуд, гэта дар для беларусаў, гэта выключэньне і іншага не будзе! Таму беларусы павінны клапаціцца і аберагаць гэты сьвяты і незаганны вобраз. Ціханоўская нашае ўсе.
Вось так і будуецца міфалогія і нерацыянальная легітымнасьць.
Можа неўзабаве, дзякуючы актыўнасьці атачэньню, Ціханоўская пачне ваду зараджаць і ляжачых хворых аздараўляць, як калісьці Лукашэнка рабіў пад час сваёй выбарчай кампаніі ў 1994 годзе.
Дарэчы, "дар боскі" з грэцкага азначае ХАРЫЗМУ (надзвычайныя якасьці і здольнасьці ў палітыцы).
Аднак, нейкіх прыкладаў праяўленьня харызмы, на жаль, з боку Святланы Ціханоўскай я пакуль не заўважыў.
На працягу ўсёй гісторыі мысьляры змагаліся за тое, каб грамадства і палітыкі несьлі адказнасьць за свае рашэньні, за дзеяньні, за зроблены выбар. Менавіта грамадствы, а не нейкія звыш сілы і воля Прадбачэньня.
Вера ў тагасьветнае невытлумачальнае пазбаўляе людзей адказнасьці і матывацыі да дзеяньня. Бо ты, як малы і слабы чалавек нічога не можаш супрацьпаставіць воле сіл вышэйшых. Атрымоўваецца, што ўсе дзеецца па воле бога і няма ўлады не ад бога.
Тым больш, калі палітык - раптоўна становіца боскім дарам, то якім правам нейкі сьмяротны чалавечак можа крытыкаваць, ці нешта патрабаваць ад такога лідара. Справа шэраговай асобы: маўчаць, верыць і выконваць. Выступаць супраць такога лідара - выступаць бога.
І вось тут пачынаецца самае цікавае - схаластыка, (тэадыцэя).
Калі Ціханоўская гэта дар божы беларусам, харызматык, то чаму беларусам не ўдалося перамагчы ў 2020 годзе. Чаму не расчынілася зямля і не праглынула АМАП, Палац Лукашэнкі з Акрэсьціна. Чаму нябесы не абрынуліся на галовы тых хто хапаў і катаваў людзей?
Няўжо бог-дэман Лукашэнкі мацнейшы за бога Ціханоўскай, і ў чым прычына таго, што божы дар не рэалізаваўся ў Беларусі? І як гэты дар ад бога можа рэалізавацца ў Літве ці Польшчы? Адказы могуць быць розныя:
1. На ўсе воля бога.
2. Яшчэ не надыйшоў час.
3. Беларусы не былі гатовыя да прыняцьця гэтага дару.
4. Беларусы нясуць цяжар нейкага мінулага і бог, калі дазваляе Лукашэнку кіраваць, такім чынам накладае пакараньне на грамадства.
Мне асабіста падаецца, што богу ўсе роўна, што адбываецца. Гэта людзі абіраюць бязглуздых палітыкаў, робяць іх царамі і тыранамі, падпарадкоўваюцца йм і моляцца на йх. І толькі людзі, калі маюць сілы, могуць зрынуць тыранаў і пабудаваць новае грамадства, а не шукаць і не ствараць новых божых намашчэнцаў.
Палітычнае зло існавала ад пачатку фарміраваньня чалавечай супольнасьці і будзе існаваць, пакуль есьць чалавечая цывілізацыя. Мы ў стане толькі абмежаваць праявы гэтага зла, пакуль можам цьвяроза і рацыянальна ацэньваць рэчаіснасьць і людзей, асабліва палітыкаў. Пакуль можам адзяляць палітычнае ад божага.
Палітычная дзейнасьць павінна будавацца на адказнасці і крытычным мысьленьні. На гэтым таксама будуецца лідарства і палітычныя адносіны.
На жаль, тое, што я назіраю ў функцыянаваньні новай апазіцыі - гэта ізноў спробы стварэньня ідэалагічнай, палітычнай выключнасьці, незамяшчальнасьці лідара з аднаго боку, і слабасьці, няздольнасьці, НЯЎДЗЯЧНАСЬЦІ электарату, з іншага.
- Ай, і што ж мы будзем рабіць, калі не будзе Ціханоўскай (калі яна сыдзе).
- На каго ж яна нас пакіне?
- З кім жа заходнія палітыкі сустракацца будуць?
- Хто ж нас да дэмакратыі павядзе?
І сапраўды, што ж мы будзем рабіць? Хто замест яе? Амаль, як і ў Беларусі. Няўжо за 3 гады (амаль 4) беларусы не здолелі збудаваць аўтарытэтных інстытутаў, высунуць на палітычную сцэну дзеячоў, якія маглі б годна прадстаўляць інтарэсы краіны і грамадзянскай супольнасьці ў адносінах з Захадам, ці кіраваць краінай? Выглядае на тое, што не.
Не бог стварыў сістэму Лукашэнкі, а людзі рупліва і аддана будавалі яе 30 год. Магчыма, доўгая барацьба з сістэмай і павінна была б прывесьці беларусаў да таго, каб яны назаўседы выдавілі са сваёй сьвядомасьці сьветлы вобраз правадыра, які "даны богам".
Добро пожаловать в реальность!