Актывіст Маладога Фронту Уладзь Яроменак, якога пакаралі 15 суткамі адміністрацыйнага арышту, здолеў у судзе перадаць паплечнікам артыкул.
Яроменак быў асуджаны за ўдзел у акцыі, падчас якой аблілі настойкай валер’яны помнік Леніна на плошчы Незалежнасці. Артыкул актывіста змешчаны на сайце Маладога Фронту.
Давайце рабіць справу.
Заўсёды прыемна, калі цябе хваляць. Аднак, на сёньняшні дзень мне больш падабаецца слухаць крытыку ў свой адрас (і ў адрас усёй нашай апазыцыі). Здаровую крытыку.
Калі паслухаць выступы нашых “палітыкаў”, то складваецца ўражаньне, быццам усе дэмакратычныя сілы працуюць па 25 гадзін на суткі, каб у краіне адбыліся нейкія кольвек малыя перамены. Ня буду раўняць усіх, ёсьць людзі, якія дзеля гэтага сапраўды прыкладаюць шмат намаганьняў.
Гэтым разам на Акрэсьціна я патрапіў у пяцімесную камеру. Адзін з сукамернікаў увогуле не беларус, таму далейшая гісторыя аб ім не ўзгадае. Вы не паверыце, але трое менчукоў, зь якімі я сустрэўся тут, мяне ўразілі. Уразілі ня лепшым чынам. Калі адзін зь іх калісь бачыў жывых апазыцыянэраў і нешта чуў пра апазыцыю ўвогуле (дый той думаў, што на дадзены момант яе ўжо няма), то двое іншых увогуле (!) нічога пра апазыцыю ня чулі й ніколі зь ёй не сутыкаліся. У нас пачалася доўгая гутарка. Колькі пытаньняў на мяне пасыпалася (добра, што па прыезьдзе не сказаў нічога пра сваю дзейнасьць, хоць выспаўся ноччу:) Вы спрабавалі пачынаць размаўляць з людзьмі з нуля, з чыстага аркуша?
Я перакананы на сто адсоткаў, што мае сукамернікі – не забулдыгі ці п’янтосы, а простыя працоўныя людзі — былі не апошнімі трыма менчукамі, якія толькі даведаліся пра альтэрнатыву сёньняшняму рэжыму. Я ўпэўнены, што добры адсотак жыхароў сталіцы (не кажу ўжо пра ўсіх беларусаў) ня ведаюць пра існаваньне “змагароў”.
Канешне, скажаце вы, яны вінаватыя самі, бо не цікавяцца й не шукаюць альтэрнатыву. А я скажу інакш: вінаватыя мы самі. Вінаватыя, што не дагрукаліся да іх, што ня мелі напорства, каб данесьці свае ідэі да людзей. А можа (што ўжо тут хаваць), не хацелі данесьці? Той, хто мае жаданьне, шукае магчымасьці, хто яго ня мае – шукае адгаворкі, ці ня так?
Дый аб якой працы з насельніцтвам мы можам казаць? Ня трэба ў гэтых недапрацоўках вінаваціць “крывавы рэжым”. Былі магчымасьці: і падчас лібералізацыі, і падчас прэзідэнцкай кампаніі, і падчас парламенцкай. Дарэчы, аб апошняй.
Апазыцыя доўга кічылася (дый дагэтуль чую) вынікамі “байкоту”. Я не сумняюся, што байкот адбыўся. Але, ці намаганьнямі апазыцыі? Вось, мае сукамернікі таксама байкатавалі “выбары”, хоць і ня ведалі аб плянах апазыцыі.
Я ўпэўнены, што большасьць людзей не пайшлі на выбары, удзельнічаць у гэтае клавунадзе па нейкіх сваіх прычынах. У кагосьці лянота, хтосьці разумее ўвесь бутафарызм сёньняшняга парламенту, але дайшоў да гэтага сваім уласным розумам.
Дык вось я да чаго вяду. Сябры (калі дазволіце вас так называць)! Давайце ня будзем сабе прыпісваць ня нашыя заслугі й дасягненьні. Давайце будзем несьці да людзей альтэрнатыву, а ня толькі казаць аб гэтым. Перамены ў Беларусі мусяць і будуць рабіць беларусы, а ня нейкі добры дзядзя “з-за бугра”, якому вы даеце справаздачы, каб атрымаць наступны грант. Пакуль у Беларусі існуюць такія “Валодзі”, “Ігары” й “Віталікі”, якіх я сустрэў на Акрэсьціна, ні аб якіх пераменах мы ня можам казаць.
Карацей, давайце будзем займацца справай, а не імітаваць “змагарства”!
Уладзь Яроменак,
7 лістапада 2012, Акрэсьціна
Добро пожаловать в реальность!