Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатовая вельмі жорстка адказаць на эўрапейскія санкцыі супраць афіцыйнага Менску. Беларускія апазыцыйныя палітыкі лічаць, што такім эпатажным чынам Лукашэнка паказвае сваю гатоўнасць да дыялёгу з Эўропай.
— Гэтыя санкцыі, якімі вы размахваеце перад нашым носам, мы пакуль трываем. Але як толькі вы пераступіце чырвоную лінію, мы адкажам вельмі жорстка, — заявіў кіраўнік Беларусі 20 лютага.
Былы кандыдат у прэзыдэнты, лідэр кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімір Някляеў пракамэнтаваў сутнасць выказванняў Аляксандра Лукашэнкі, распавёўшы гісторыю з жыцця:
— У нас у вёсцы быў такі Юзік. Ягоная ўбогая хаціна стаяла паміж двух добрых гаспадарскіх дамоў. Ён ня мог пабудаваць сябе такія дамы, як ягоныя суседзі, таму ўвесь час гразіўся: «Я вас спалю, от я вас спалю». І вось аднойчы ўначы надумаўся, узяў запалкі, пайшоў нібыта паліць — але сусед убачыў, даў пад азадак і зноў закінуў назад у тую самую хаціну.
Дык вось трэба проста будаваць свае дамы, каб яны былі такімі сама заможнымі, як у суседзяў. І тады ніхто ня будзе даваць табе пад азадак, і гэта ня будзе выклікаць такога раздражнення і злосці, якую цяпер выклікае ў гаспадара Рэспублікі Беларусь.
Галоўны рэдактар газэты «Новы час» Аляксей Кароль лічыць, што нэрвовая рэакцыя Лукашэнкі паказвае: уведзеныя эўрапейцамі візавыя санкцыі дзейнічаюць і аказваюць істотны ўплыў на настроі кіраўнікоў Беларусі:
— Я думаю, гэта досыць паказальныя выказваньні як доказ таго, што санкцыі — сапраўды болевая кропка ва ўспрыняцці Лукашэнкам пазыцыі Захаду. Болевая кропка з галоўнай прычыны — неабходнасць мець з Эўропай нармальныя адносіны, каб мець інвэстыцыі і мець магчымасць карыстацца тэхналягічнымі дасягненнямі Эўропы. І па-другое — гэта болевая кропка, паказнік таго, што да яго цывілізаваны свет ставіцца як да другаснага палітыка. Гэта адкрыты доказ таго, што санкцыі дзейнічаюць, і гэта галоўны пасыл.
Кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька выказвае думку, што сваімі рэзкімі заявамі Лукашэнка на самой справе дэманструе, што ён ужо гатовы да дыялёгу з Захадам:
— Мне падаецца, што Аляксандар Лукашэнка даспеў для перамоў і дыялёгу з Захадам. Калі Лукашэнка ўзмацняе сваю рыторыку, то гэта азначае, што ён хоча прыцягнуць увагу да сябе, нагадаць пра сябе. Эканамічная сытуацыя напружаная, пэрспэктыва для рэжыму небяспечная, і таму яму трэба вяртацца да стратэгіі двухбаковага шантажу — з аднаго боку, Расеі, з іншага — Брусэлю. І, лавіруючы паміж імі, атрымліваць нейкія палітычныя і эканамічныя прэфэрэнцыі. Уся астатняя рыторыка — гэта эпатаж, толькі каб прыцягнуць да сябе ўвагу.
Добро пожаловать в реальность!