Аляксандар Лукашэнка сустрэўся зь сябрамі Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, які ўзначальвае Мікалай Чаргінец. Паэт, пісьменнік, палітык, але член іншага пісьменніцкага саюза Уладзімір Някляеў пракаментаваў, як ацэньвае тэмы і вынікі гэтай размовы.
— Той, хто лічыць сябе прэзыдэнтам, сустрэўся з тымі, хто лічыць сябе пісьменьнікамі, — паведаміў ён Радыё Свабода. — Насамрэч ні ў першым, ні ў другім выпадку гэта не адпавядае рэчаіснасьці. І рэальныя праблемы на гэткай сустрэчы абмяркоўвацца не маглі. Рэальныя праблемы — гэта, найперш, стан беларускай мовы і наўпрост з гэтым зьвязаная праблема — самой літаратуры.
Я напісаў кшталту ліста да вось гэтага праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, які забраў гістарычную назву найстарэйшай пісьменьніцкай арганізацыі, каб яны ўзважылі тое, што насамрэч адбываецца ў краіне. Яны дэкляруюць нейкія рэчы патрыятычнага кшталту, грамадзянскага палу, а насамрэч ёсьць тое, што ёсьць — катастрафічны стан беларускай мовы. І пры ўсім тым, што яны дэкляруюць, іх не чытаюць не таму, што яны мала друкуюць кніг, а таму, што іх няма каму чытаць. Што сёньня нельга набраць нават адной беларускамоўнай першай клясы, як тое было ў Горадні. Вось дзе праблема.
З гэтай праблемы і пачалася гаворка ў тыя “ліхія 90-я”, пра якія згадвае Лукашэнка, і чаму мы не паразумеліся. Ён тады запрашаў Раду Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, каб мы пайшлі да яго ў ідэалягічную абслугу, каб мы абслугоўвалі ідэалягічны праект „адзіная дзяржава Беларусь-Расея“. Гэтага не магло быць, і праз гэта ўзьнік канфлікт, праз гэта Лукашэнка і стварыў „правільны“ пісьменьніцкі саюз. Саюз, які ў сёньняшняй сытуацыі — катастрафічнай для беларускай нацыі — прымае дакумэнт, што ўхваляе „мудрую“ палітыку гэтага чалавека, які называе сябе беларускім прэзыдэнтам. І які адначасна заяўляе, што на беларускай мове нельга напісаць нешта значнае, вартае і вялікае. Дык пра што можна размаўляць з такім чалавекам? Вось там ніякай гаворкі і не было.
Добро пожаловать в реальность!