Ганебная практыка складання так званых «чорных спісаў» мае даўнюю гісторыю. Людзей, якія маюць годнасць, прынцыповасць, грамадзянскую смеласць і супрацьстаяць антынародным дзеянням улады, у аўтарытарных краінах заўжды бяруць на рэпрэсіўны прыцэл.
Тэму роздуму падказаў міністр унутраных спраў Расійскай Федэрацыі Р. Нургаліеў, які па прыкладу беларускіх калег-сілавікоў надумаўся навешваць ярлык «нядобранадзейнасці» на асобных суайчыннікаў. Музычны крытык А. Троіцкі ў інтэрв’ю сказаў, што службовыя асобы «дурью маются», «с жиру бесятся». Але слабая культура, нізкі прафесіяналізм, халуйскае імкненне чыноўнікаў дагадзіць галоўным начальнікам, якія намёртва ўчапіліся за ўладу, — гэта вяршкі праблемы. Трэба глядзець у корань.
Пасля перавароту 1917 года бальшавіцкія спецслужбы складалі чорныя спісы, у якія траплялі прадстаўнікі розных сацыяльных груп, але найперш рэпрэсіям падвяргаліся аўтарытэтныя інтэлектуалы. Па загаду У. Леніна на «філасофскім параходзе» за межы краіны выкінулі вялікую групу вучоных, 160 вядомых гісторыкаў расстралялі.
Народ выступаў супраць тэрору. Каб утрымацца ва ўладзе, бальшавікам давялося да канца 30-х гадоў падаўляць паўстанні сялян, знішчаць крытычна настроеных палітыкаў, пісьменнікаў, святароў, вайскоўцаў. Чорныя спісы выраслі да астранамічных памераў.
Апраўдваючы бяспрыкладныя ў гісторыі чалавецтва рэпрэсіі, тыран Сталін дэмагагічна заяўляў: «Некоторые деятели зарубежной прессы болтают, что очищение советских организаций от шпионов, убийц и вредителей, вроде Троцкого, Зиновьева, Каменева, Якира, Тухачевского, Розенгольца, Бухарина и других извергов, «поколебало» будто бы советский строй, внесло «разложение». Эта пошлая болтовня стоит того, чтобы поиздеваться над ней… Кому нужна эта жалкая банда продажных рабов, какую ценность она может представлять для народа и кого она может «разложить»? В 1937 году были приговорены к расстрелу Тухачевский, Якир, Уборевич и другие изверги. После этого состоялись выборы в Верховный Совет СССР. Выборы дали советской власти 96,8 процента всех участников голосования…».
Апетыт дыктатара вырастаў. Сталін заносіць у чорныя спісы цэлыя народы на землях, ля якіх адбываліся ваенныя канфлікты. У 1937 годзе — гэта карэйцы, у 1940-м — фіны, у 1941-м — немцы Паволжа, затым чарга дайшла да чачэнаў, інгушоў, карачаеўцаў, балкар, калмыкаў, крымскіх татар, каўказскіх грэкаў. Людзі гінулі дзесяткамі тысяч у аблавах, перакідцы на вялікія адлегласці, ад неўладкаванасці на новым месцы жыхарства…
Сучасныя складальнікі чорных спісаў карыстаюцца вопытам папярэднікаў, а ў езуіцтве часам пераўзыходзяць іх. Людзей, якія выказваюць крытычныя думкі, у Беларусі называюць «отморозками», «пятой колонной», а ў Расіі «шпионами, отщепенцами, экстремистами». Практыка цкавання паказвае, што ў аўтарытарнай краіне любога чалавека можна без расстрэлу давесці да смерці…
Падмацоўваю роздум асабістым вопытам. Упершыню я трапіў у чорныя спісы студэнтам за надрукаваны ў газеце «Літаратура і мастацтва» артыкул «Чытаючы спіс прэтэндэнтаў…», які пахваліла і абмеркавала радыёстанцыя «Свабода». У 1970 годзе, працуючы настаўнікам роднай мовы і літаратуры, завучам у Барысаўскім раёне, выступіў у абарону паэта Алеся Разанава і яго сяброў, якіх выключылі з Белдзяржуніверсітэта «за проявление национализма, за нездоровые высказывания и неправильные поступки». Пасля майго тлумачэння пазіцыі студэнтаў і трагічнай сітуацыі з беларускай мовай сход, на якім раённы пракурор, член райкама партыі, праводзіў «лінію», раптам не асудзіў «нацыяналістаў», а наадварот выказаў ім падтрымку. Гэта быў адзіны выпадак бунту пры абмеркаванні партыйнай пастановы, таму маё прозвішча пайшло ў «таемныя паперы». Не абмінула такая доля ў1991-м, прытым спісы тады былі надзвычай злавеснымі, а ў 2002 годзе стаў «нядобранадзейным» разам з выдатнымі літаратарамі В. Быкавым, Р. Барадуліным, Н. Гілевічам. Маю гонар быць і ў чорных спісах 2011 года.
Кажу пра гонар без іроніі, а толькі з даўнім смуткам. Час ідзе, ды нічога ў Беларусі не мяняецца. Як я напісаў у паэме «Цівалі» (1994), «так і хадзіцьме па крузе да скону: з зоны старое — у новую зону».
Сардэчна ўдзячны суайчыннікам і прадстаўнікам міжнароднай супольнасці, якія падтрымліваюць палітычных вязняў, патрабуюць іх вызвалення. Раней з хваляваннем чытаў рэзалюцыю ПАСЕ «Аб свабодзе прэсы ў Беларусі», а цяпер заяву супраць «беларускіх чорных спісаў», з якой выступілі вядомыя нямецкія пісьменнікі, дзе знайшлося месца і для падтрымкі мяне асабіста. Але вопыт даўняга «чарнаспісачніка», які зведаў маральны і матэрыяльны ўціск, дазваляе сказаць, што такая дапамога не спрацоўвае, што да жорсткага аўтарытарызму трэба прымаць адэкватныя меры.
Асабліва засяроджваю ўвагу на тым, што, акрамя канкрэтных людзей, у Беларусі ў чорных спісах апынуліся родная мова, якая афіцыйна лічыцца дзяржаўнай, айчынная культура, гісторыя. Манкурцкая ўлада такім чынам занесла туды сам нацыянальны характар беларусаў. А расійскі публіцыст А. Сталяроў, якога трывожыць дэградацыя патрыятызму ў грамадстве, піша: «…Национальный характер — это не миф, не выдумки кабинетных философов, создающих схемы, оторванные от жизни, это реальность, бытующая ежедневно, ежечасно, ежеминутно и проявляющая себя самым неожиданным образом. /…/ Национальный характер все равно в нас присутствует, делает нас такими, какие мы есть. Это не хорошо и не плохо. Это — данность, с которой надо считаться».
За завесаю эканамічнага выжывання застаецца нябачнай наша галоўная праблема. Нават свядомыя прадстаўнікі апазіцыі дагэтуль не зразумелі, прад якой смяротнай небяспекай цяпер стаіць этнас. Вёска, на якой трымалася беларускасць, разбурана фізічна і духоўна. Горад ва ўмовах дзяржаўных забаронаў і людской абыякавасці не займаецца нацыянальным адраджэннем. А тут яшчэ нядрэмныя імперскія суседзі…
Амаль два дзесяцігоддзі наша грамадства боўтаецца ў балоце хапальнага спажывецтва: наменклатурны верх чапляецца за ўладу, карумпіраваныя чыноўнікі, дэпутаты, прадстаўнікі сілавых структур, «міні-алігархі» заняты няспынным назапашваннем любымі спосабамі грошай і нерухомасці, «сярэдні клас» радуецца недаступным раней радасцям жыцця, гламуру, а «просты народ», як умее, укалвае, па дробязях крадзе, напоўніцу п’е гарэлку і «чарніла» (2, 5 тысячы памерлых ад алкаголю ў мінулым годзе), глядзіць тэлерапарты пра «бліскучыя перамогі» ды марна і горка зайздросціць экраннаму шыку.
Але застойны расклад існавання, як адбывалася неаднойчы, можа раптоўна змяніцца. Тады з чорных спісаў выкрасляцца разумныя, смелыя, сумленныя грамадзяне, якія любяць Айчыну, думаюць пра беларускую будучыню, а сённяшнія пустадомкі, разбуральнікі, злодзеі, гвалтаўнікі, садысты не мінуць народнага суда і ганьбы.
Сяргей ЗАКОННІКАЎ.
sn-plus.com
sn-plus.com
…Ад рэдакцыі: кнігі С. Законнікава «Шалёная Куля», «Дол» (вершы і паэмы), «Насустрач» (публіцыстыка, эсэ) ёсць у кнігарні «Акадэмічная кніга» (пр. Незалежнасці, д. 72).
Подпишитесь на
канал ex-press.live
в Telegram и будьте в курсе самых актуальных событий Борисова, Жодино, страны и мира.
Добро пожаловать в реальность!
Добро пожаловать в реальность!
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите
Ctrl+Enter