Общество

«Раю «беглым» забыць пра сваю ўласнасьць». Пра палітычныя канфіскацыі маёмасьці як інструмэнт помсты і застрашваньня

Небясьпечная сьпіраль гвалту, азлобленасьці і несправядлівасьці, якую раскруціў Лукашэнка, непазьбежна вернецца да яго самога ці да ягоных нашчадкаў.

Общество gazetaby.com
0

Ня толькі арыштаваць апанэнтаў ці выціснуць за мяжу, але і адабраць маёмасьць — такую форму помсты ўлада ўжо даўно не хавае. Якія маштабы можа набыць гэтая кампанія, да якіх наступстваў здольная прывесьці і калі можа быць адноўлена справядлівасьць? Пра гэта Віктар Багдзевіч піша на Радыё Свабода.

Пакуль што арышт маёмасьці, канфіскацыя кватэр і продаж іх з аўкцыёну зачапілі пераважна вядомых публічных асобаў, знакавых удзельнікаў падзей 2020 году — сем’і Бабарыкаў, Ціханоўскіх, Латушкаў, некаторых іншых... Але што гэтыя выпадкі ня будуць адзінкавымі і што каток ня спыніцца, даволі пэўна сьцьвердзіў Аляксандар Лукашэнка 25 красавіка, выступаючы перад сваімі прыхільнікамі і пагражаючы палітычным праціўнікам: «Не забывайце, што вы вельмі моцна шкодзіце сваім сваякам. Не забывайце, што ў вас нейкая ўласнасьць ёсьць тут. Раю ўжо забыць пра гэтую ўласнасьць. Але ня стаўце пад удар сваіх сваякоў».

Ідэя адбіраць у палітычных апанэнтаў уласнасьць узьнікла і пачала ажыцьцяўляцца ў Беларусі ў сярэдзіне 2021 году — прыблізна тады ж, калі Лукашэнка адмовіўся «перагортваць старонку» і пад ціскам Крамля распачаў у краіне «татальную зачыстку».

Увосень 2021-га тагачасны начальнік ГУБАЗіКу Андрэй Паршын паведаміў, што ягонае ведамства разам зь іншымі рэпрэсіўнымі інстытуцыямі ў тэрміновым парадку рыхтуюць новыя законапраекты, якія дазволяць канфіскоўваць у «экстрэмістаў» уласнасьць і пазбаўляць іх грамадзянства.

На пачатку 2022-га ў сваім штогадовым пасланьні Лукашэнка, пагражаючы палітвыгнаньнікам, таксама згадаў пра іхную маёмасьць: «Што рабіць, што рабіць? — іх сваякі плачуць. — Тут у іх засталася ўласнасьць». Мы блізка падышлі да рашэньня гэтых пытаньняў. А што вы думаеце, тут у мяне будуць кагосьці забіваць, спальваць, а я буду глядзець на гэта скрозь пальцы?! Мы ім пакуль накіравалі сыгнал. І яны заварушыліся: як быць, што рабіць?»

Адпаведны закон у Беларусі неўзабаве прынялі, сёньня ён ужо дзейнічае. Раз-пораз зьяўляюцца паведамленьні пра ўсё новыя арышты маёмасьці, канфіскацыі, продаж адабраных у апазыцыянэраў кватэр і дамоў праз аўкцыён. Выпадкі пакуль адзінкавыя, хоць нішто не замінае таму, каб зьява стала масавай.

Досьвед графа Мураўёва

Многім з тых, хто ўратаваўся ад рэпрэсій уцёкамі за мяжу і чыя «віна» толькі ў тым, што выходзілі на мірныя маршы пратэсту ў жніўні 2020-га, здаецца: ім зараз даводзіцца цярпець нешта беспрэцэдэнтнае і нечуванае.

Але на працягу апошніх двух стагодзьдзяў практычна ўсе пакаленьні беларусаў у той ці іншай форме праходзілі праз падобнае. І часта — са значна больш жорсткімі наступствамі, і, здавалася, бяз хоць якога пробліску надзеі.

Пазбаўляць «бунтаўнікоў» маёмасьці прыдумаў зусім не Лукашэнка. У яго былі вынаходлівыя папярэднікі, досьвед якіх ён яўна дасьледаваў і цяпер выкарыстоўвае. І найбольш яскравы прыклад тут — перасьлед удзельнікаў вызвольных паўстаньняў ХІХ стагодзьдзя.

У падручніках гісторыі звычайна акцэнтуецца ўвага на найбольш драматычных эпізодах таго, як царызм помсьціў і застрашваў сваіх ворагаў пасьля здушэньня паўстаньняў: расстрэлы і павешаньні, шматгадовыя турэмныя тэрміны, высылка на катаргу альбо на вечнае пасяленьне ў Сібір.

Але масавым было і іншае пакараньне — пазбаўленьне маёмасьці, а калі больш дакладна, канфіскацыя зямлі, дома, жытла.

Пасьля паўстаньня 1863–1864 гадоў у Беларусі і Літве царскія ўлады сканфіскавалі 1660 шляхецкіх маёнткаў. Частку зь іх прадалі на таргах, частку — раздалі расейскім афіцэрам, якія асабліва вызначыліся ў здушэньні паўстаньня.

Выключную жорсткасьць і помсьлівасьць праявіў у гэтай справе тагачасны генэрал-губэрнатар Паўночна-Заходняга краю Міхаіл Мураўёў, які застаўся ў гісторыі пад мянушкай «Вешальнік». Займаўся ён ня толькі фізычным зьнішчэньнем паўстанцаў. У траўні 1864 году Мураўёў прапанаваў імпэратару засяліць Беларусь і Літву расейскімі памешчыкамі і сялянамі з цэнтральных абласьцей, а таксама адстаўнымі салдатамі.

Разьмяшчалі іх на землях, канфіскаваных у рэпрэсаванай шляхты і нядобранадзейных у палітычным сэнсе прадстаўнікоў іншых саслоўяў. Пераселеныя карысталіся значнымі льготамі: напрыклад, іх на тры гады вызвалялі ад рэкруцкай павіннасьці і платы за зямлю.

Гаспадарамі тых разбураных дваранскіх гнёздаў далёка не заўсёды былі кіраўнікі альбо ўдзельнікі паўстаньня, якія змагаліся са зброяй у руках у паўстанцкіх атрадах альбо ўдзельнічалі ў баявых сутычках. Часта чалавека пазбаўлялі ўсёй ягонай маёмасьці толькі за тое, што прытуліў параненых, не данёс, дапамог паўстанцам харчамі, паказаў ім дарогу...

Калі сёньня рэжым Лукашэнкі карае турмой толькі за тое, што чалавек «заданаціў» ахвярам рэпрэсій, тыя гісторыі 150-гадовай даўнасьці па-асабліваму ўспрымаюцца і суперажываюцца.

Драма сям’і Ажэшкаў

Пра тое, як гэта звычайна ў той час адбывалася, выразна відаць на прыкладзе драматычнай гісторыі Элізы і Пятра Ажэшкаў. Пазьней Эліза стане сусьветна вядомай пісьменьніцай, а на пачатку 60-х гадоў ХІХ стагодзьдзя гэта была проста юная дваццацігадовая дзяўчына, якая толькі што выйшла замуж за значна старэйшага за сябе (на 18 гадоў) кобрынскага памешчыка Пятра Ажэшку і пераехала з роднай Горадзеншчыны ў ягоны маёнтак Людвінова недалёка ад Драгічына, на Палесьсе.

Начытаная, натхнёная ідэямі свабоды і аднаўленьня незалежнасьці радзімы, яна энэргічна спрабуе рабіць жыцьцё вакол сябе лепшым. У прыватнасьці, адкрывае школу для вясковых дзяцей.

А падчас паўстаньня стараецца дапамагаць яго ўдзельнікам. У прыватнасьці, ад паловы чэрвеня 1863 году на працягу двух тыдняў хавае ў Людвінове Рамуальда Траўгута — аднаго з кіраўнікоў паўстаньня, які пасьля разгрому свайго атраду шукаў, як уратавацца.

Пазьней, у ліпені, Эліза ва ўласнай карэце адвезла яго ў Берасьце, да мяжы Каралеўства Польскага.

(Гэта, папраўдзе, генэрала Траўгута не ўратавала: увесну 1864-га яго арыштавалі на кансьпіратыўнай кватэры ў Варшаве, а ўлетку таго ж году пазбавілі ўсіх чыноў і павесілі на тэрыторыі Варшаўскай цытадэлі).

Пётра Ажэшка, наколькі вядома, чыннага ўдзелу ў паўстанцкіх справах ня браў. Але калі праз тры месяцы пасьля ўцёкаў Траўгута мясцовы селянін Стэфан Паплаўскі, які працаваў фурманам у маёнтку Ажэшкаў, данёс уладам, што ў Людвінове хавалі «бунтаўшчыка», арыштавалі найперш гаспадара, Пятра Ажэшку.

Пакуль ішло сьледзтва, яго трымалі ў турме ў Кобрыні. Пётра мужна ўзяў на сябе ўсю віну, жонку ня выдаў. Па абвінавачаньні ў дапамозе паўстанцам у сьнежні 1864 году яго асудзілі на бестэрміновую высылку ў Пермскую губэрню. А ўвесь маёнтак Людвінова (1218 дзесяцін зямлі) быў сканфіскаваны царскімі ўладамі на карысьць дзяржавы. Пазьней усю маёмасьць выставілі на таргі і прадалі.

Адметна, што сваякоў «палітычных» царскі рэжым не перасьледаваў (параўнайце з тым, што адбываецца ў сёньняшняй Беларусі). Паводле імпэрскага заканадаўства 1832 году «пазбаўленьне правоў стану» не распаўсюджвалася на жонку асуджанага і ягоных дзяцей, калі яны ня ўдзельнічалі ў ягоным «злачынстве».

Яны захоўвалі «правы свайго стану» нават і ў тым выпадку, калі добраахвотна выпраўляліся ў ссылку ўсьлед за асуджаным і пазбаўленым маёмасьці і тытулу мужам і бацькам.

Эліза спачатку рашуча зьбіралася ехаць усьлед за мужам, у Сібір. Аднак «дзекабрысткі» зь яе не атрымалася. У ссылку да мужа яна так і ня выбралася: паехала на радзіму, у Горадню. Празь некалькі гадоў распачала працэс скасаваньня шлюбу... Праўда, пазьней, у больш сталым узросьце, прызнала, што гэта было яе істотнай этычнай памылкай.

На руінах былых маёнткаў

Разбуранае гняздо Ажэшкаў больш ніколі не адновіцца. Праўда, Пётра прабыў у ссылцы ня так доўга: вярнуўся ў выніку амністыі ў траўні 1867 г. Але на радзіме яму жыць больш ня выпала. Дый не было дзе. Маёнтак Людвінова на той час ужо быў прададзены з таргоў расейцу Паўлу Кантараву (царскія ўлады ўсяляк заахвочвалі перасяленьне з унутраных губэрняў Расеі на гэтыя землі).

Як і ўсе іншыя палітычныя выгнаньнікі Літвы і Беларусі, права жыць на радзіме Пётра ня меў і мусіў выехаць у Польшчу. У пасьведчаньні аб сьмерці Пятра Ажэшкі запісана, што ён памёр у эвангельскім шпіталі ў Варшаве ў ноч з 25 на 26 жніўня 1874 году. Яму быў 51 год.

Нягледзячы на развод, Эліза назаўсёды захавала за сабой прозьвішча мужа. Пад гэтым імем увайшла ў вялікую літаратуру і назаўсёды засталася ў ёй як Ажэшка. Цень Людвінова, якое яна называла «ўнівэрсытэтам свайго жыцьця», успаміны пра паўстаньне і пра драму сваёй сям’і адаб’юцца потым амаль на ўсіх яе найбольш значных творах.

А што ж Людвінова, несправядліва сканфіскаваная чужая ўласнасьць? Чужое дабро рэдка ідзе на карысьць рабаўніку. Зрэшты, спачатку ў прадпрымальнага расейца Паўла Кантарава справы ішлі зусім няблага: у фальварку ён пабудаваў вялікую вінакурню, якая вырабляла да 15 тысяч літраў гарэлкі штогод.

Прыбытковы маёнтак потым перайшоў да ягонага сына Мікалая. Якога, зрэшты, напаткаў трагічны лёс: падчас Першай сусьветнай вайны яго забілі бандыты ў Рагачове, калі ён уцякаў ад нямецкай акупацыі.

Калі б Пётра ці Эліза Ажэшкі дажылі да 1920 году, яны, без сумневу, вярнулі б сваё Людвінова (маёнтак пасьля польска-савецкай вайны застаўся на польскім баку). Увогуле, тыя 3644 удзельнікі паўстаньня, якім пашчасьціла дажыць да аднаўленьня незалежнасьці Польшчы, убачылі, што іхныя высілкі не былі марнымі і што справядлівасьць урэшце перамагла.

Аднаўленьню парушаных правоў паўстанцаў быў прысьвечаны адзін зь першых указаў кіраўніка адноўленай Польшчы Юзэфа Пілсудскага ад 21 студзеня 1919 году. Былым паўстанцам вярталі маёмасьць і зямлю. Усіх іх надзялілі афіцэрскімі званьнямі, узнагародзілі ордэнамі і прызначылі высокія пажыцьцёвыя дзяржаўныя пэнсіі.

Для іх увялі нават адмысловыя вайсковыя мундзіры цёмна-сіняга колеру. І ўсіх іх надзвычай шанавалі ў грамадзтве тагачаснай Польшчы.

Доўгае рэха 1863 году

У сёньняшняй Беларусі ад колішняга маёнтку Людвінова засталіся хіба што дрэвы старога парку ды падмуркі колішніх пабудоў. А яшчэ мэмарыяльны валун з надпісам пра тое, што з 1858 па 1864 год тут жыла Эліза Ажэшка.

Зрэшты, мала што засталося і ад соцень і соцень іншых шляхецкіх фальваркаў і маёнткаў, адабраных калісьці ў іх законных уладальнікаў ці то царскай, ці то савецкай уладамі.

Таму пакаленьню, якому выпала трапіць пад мураўёўскі рэпрэсіўны каток, здавалася, што звыклы сьвет назаўсёды разбураны, справядлівасьць ніколі не адновіцца, а прыгнятальнікі і рабаўнікі так і застануцца беспакаранымі.

Хоць, калі глядзець з вышыні гісторыі, дабро і справядлівасьць перамагаюць часам зусім не ў такім выглядзе, як малюе ў сваім уяўленьні чалавек, абмежаваны кароткім адрэзкам свайго жыцьцёвага шляху.

Царызм урэшце заплаціў за ўсё высокую цану. Як і тыя, хто яго ўвасабляў, абараняў, чыімі рукамі ажыцьцяўляліся палітычныя рэпрэсіі і чынілася несправядлівасьць. Сьведчаньне таму — трагічны лёс і самой дынастыі Раманавых, і тых, на кім царскі рэжым трымаўся.

У тым ліку і нашчадкаў графа Мураўёва, якія ў выніку бальшавіцкай рэвалюцыі страцілі ў Расеі ўсе свае вялізныя багацьці і ратаваліся ўцёкамі — гэтак жа, як і дзесяцігодзьдзі раней шматлікія ахвяры іхнага саноўнага продка.

Ці стаў рэжым багацейшым ад гэтых канфіскацый чужой уласнасьці? Наўрад ці. Узбагаціліся асобныя пэрсоны — блізкія да тых, хто канфіскоўваў і дзяліў нарабаванае. І то толькі напачатку. Пры бальшавіках тысячы дваранскіх маёнткаў, палацаў, стаўшы нібыта «агульнанароднымі», пакрысе (за рэдкім выключэньнем) ператварыліся ў напаўразбураныя занядбаныя развалюхі.

А яшчэ несправядлівасьць і жорсткасьць у адносінах да фактычна невінаватых людзей нараджалі прагу помсты і множылі шэрагі палітычных ворагаў.

Для расейскіх бальшавікоў, якія прыйшлі ў 1920 годзе «вызваляць» Польшчу ад «прыгнятальнікаў», вялізнай нечаканасьцю стала тое, наколькі іх ненавідзелі і як зацята зь імі змагаліся тыя, каго яны прыйшлі «вызваляць». І гэта таксама было адным з наступстваў 1863 году.

Справядлівасьць з адтэрміноўкай на паўстагодзьдзя

З часам і са зьменай пакаленьняў драмы ХІХ стагодзьдзя пакрысе забыліся. У мінулым стагодзьдзі іх засланілі куды больш маштабныя катаклізмы.

Савецкая ўлада адбірала маёмасьць (у тым ліку жытло) у соцень тысяч людзей, ня надта зважаючы на тое, у чым вінаваты ўласьнік перад камуністычным рэжымам. Ворагамі лічыліся ўсе заможныя грамадзяне. Наяўнасьць вялікага дома, маёнтка, багатай сядзібы самі па сабе былі дастатковай падставай для таго, каб іх уласьнік паўстаў перад савецкім судом і быў пазбаўлены ўсяго, чым валодаў пры «старым рэжыме».

Тыя, у каго бальшавікі адабралі ўласнасьць у 1917-м, да краху камуністычнага рэжыму пераважна не дажылі. Магчыма, іхныя нашчадкі і хацелі б вярнуць тую нешматлікую маёмасьць, якая ацалела пасьля ўсіх разбуральных войнаў, што пракаціліся за мінулыя 80 гадоў, але новыя расейскія (як і беларускія) улады не палічылі патрэбным вяртацца да гэтай праблемы і прымаць адпаведныя законы.

Ці не адзінае выключэньне — краіны Балтыі. Нягледзячы на тое, што з часу савецкай анэксіі мінула 50 гадоў, на пачатку 90-х улады новых незалежных дзяржаў прынялі адпаведныя законы: тое, што адабралі камуністы, павінна было вярнуцца законным гаспадарам альбо іхным нашчадкам.

Гэта быў маштабны і складаны працэс. Напрыклад, толькі ў Латвіі ранейшым гаспадарам быў вернуты 10 321 дом, у якіх разьмяшчалася 78 тысяч кватэр з 220 000 жыхароў. У многіх выпадках гэта былі нашчадкі тых расейскіх камуністычных начальнікаў, якія прыехалі ў Латвію пасьля 1940 году і атрымалі ад савецкага рэжыму чужое жыльлё, канфіскаванае ў «буржуяў». За паўстагодзьдзя амаль усе яны сталі лічыць гэтыя дамы і кватэры сваімі. Але прыйшлося вярнуць.

Ці выселіцца. Ці выкупіць у законных уласьнікаў. Працэс гэты быў зусім ня просты: многія суды цягнуцца дагэтуль. Дарэчы, многім колішнім уласьнікам і іхным нашчадкам у гэтай справе вельмі дапамаглі старыя дакумэнты на ўласнасьць, абачліва захаваныя, нягледзячы на савецкія рэквізыцыі і канфіскацыі.

Без такіх дакумэнтаў справы ў судах пасоўваюцца значна больш марудна. І гэта тое, што варта ўлічыць многім сёньняшнім беларусам — патэнцыйным ахвярам лукашэнкавых «канфіскатараў».

Сёньня ў Беларусі адбываецца нешта падобнае да таго, што ўжо ня раз было ў гісторыі. Пасьля здушаных гвалтам пратэстаў узьнятая рэжымам-пераможцам віхура помсты і нянавісьці зрывае людзей з родных мясьцін, калечыць лёсы, разбурае сем’і, пазбаўляе каранёў.

Нянавісьць спараджае і памнажае нянавісьць. Несправядлівасьць далёка ня ўсіх ставіць на калені — у многіх гэта абуджае гнеў, лютасьць і прагу змаганьня і помсты. Небясьпечная сьпіраль гвалту, азлобленасьці і несправядлівасьці, якую раскруціў Лукашэнка, непазьбежна вернецца да яго самога ці да ягоных нашчадкаў — рана ці позна. Прынамсі, гістарычны досьвед сьведчыць менавіта пра гэта.

Подпишитесь на канал ex-press.live в Telegram и будьте в курсе самых актуальных событий Борисова, Жодино, страны и мира.
Добро пожаловать в реальность!
Темы:
маёмасць
канфіскацыя
Беларусь
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
ПОСЛЕДНИЕ НОВОСТИ
Новости Жодино
Беларусы в российской Арктике: как санкции и режим Лукашенко привели к вечной мерзлоте
Новости Борисова
В Борисове будут принимать присягу на центральной площади города
Общество
Гісторыя адной карыкатуры. Як Лукашэнку з аўтаматам намалявалі амаль трыццаць год таму
Общество
Год назад умер предполагаемый дед Николая Лукашенко — бывший узник ГУЛАГа, осужденный за сотрудничество с УПА
Общество
Лукашенко похвалил за укрепление согласия в стране муфтия Шабановича, чью организацию власти летом закрыли
Новости Борисова
Фотоловушки работают. Как наказывают нарушителей, которые загрязняют лес под Борисовом
Новости Борисова
В Борисове приостановили прием отходов на городской свалке от физлиц. Видео
Общество
Зафиксирован рекорд Беларуси: самым пожилым близняшкам исполнилось 99 лет
TuTak
«Если наступит война». Беларуска рассказала, как в Швеции население готовят на случай военных действий
Политика
«Мы будем стрелять, разгонять, применять силу — просто потрясающая предвыборная атмосфера праздника!»
ВСЕ НОВОСТИ
ПОСЛЕДНИЕ НОВОСТИ
Новости Жодино
Беларусы в российской Арктике: как санкции и режим Лукашенко привели к вечной мерзлоте
Новости Борисова
В Борисове будут принимать присягу на центральной площади города
Общество
Гісторыя адной карыкатуры. Як Лукашэнку з аўтаматам намалявалі амаль трыццаць год таму
Общество
Год назад умер предполагаемый дед Николая Лукашенко — бывший узник ГУЛАГа, осужденный за сотрудничество с УПА
Общество
Лукашенко похвалил за укрепление согласия в стране муфтия Шабановича, чью организацию власти летом закрыли
Новости Борисова
Фотоловушки работают. Как наказывают нарушителей, которые загрязняют лес под Борисовом
Новости Борисова
В Борисове приостановили прием отходов на городской свалке от физлиц. Видео
Общество
Зафиксирован рекорд Беларуси: самым пожилым близняшкам исполнилось 99 лет
TuTak
«Если наступит война». Беларуска рассказала, как в Швеции население готовят на случай военных действий
Политика
«Мы будем стрелять, разгонять, применять силу — просто потрясающая предвыборная атмосфера праздника!»
ВСЕ НОВОСТИ