Рэжым абвясціў падзяку шэрагу прапагандыстаў, сярод якіх тры не самыя вядомыя фігуры. Аднак іх «унёсак» у прасоўванні праўладных наратываў і скажэнні інфармацыйнага поля нельга перамяншаць. Baj.media распавядае пра тэлевізійшчыкаў, якіх адзначылі за заслугі «ў рэалізацыі дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі».
Былая настаўніца, жонка супрацоўніка ААЦ, вядучая АНТ
Тэлевядучая АНТ Кацярына Тумас-Цішкевіч, якой цяпер 41 год, нарадзілася ў Слуцку, скончыла гимназию № 1, пасля паступіла ў педуніверсітэт імя М. Танка і нават выкладала ў адной з сярэдніх школ Мінска.
На дадзены момант Кацярына Тумас-Цішкевіч займае пасаду загадчыцы аддзела вядучых інфармацыйна-аналітычных праграм АНТ. Аднак менеджэрскія здольнасці праявіліся не адразу, аб чым яна шчыра распавядала ў адным з інтэрв’ю:
— Я настаўнік-прадметнік, але ніяк не класны кіраўнік. І калі уручылі клас, запанікавала. Была вельмі маладзенькай, да таго ж па натуры зусім не «матуля». Размаўляла з дзецьмі на роўных. Словам, класнае кіраўніцтва здалося непасільнай ношай, і я сышла са школы.
Пасля кар’ера дзяўчыны раптам пайшла ўгару. Яна сама сцвярджала, што скончыла курсы па падрыхтоўцы тэлевядучых і атрымала запрашэнне на тэлебачанне. Некаторы час працавала вядучай рэгіянальных навінаў Мінскай вобласці на БТ, аднак, відаць, прыйшлося зрабіць перапынак у сувязі з нараджэннем дзіця. Новы віток кар’ера атрымала ў 2012 годзе.
— На АНТ мяне запрасілі зусім нечакана, — сцвярджала супрацоўніца тэлеканала. — Знаходзячыся ў дэкрэтным адпачынку, працавала на паўстаўкі, выходзіла ў эфір толькі па выходных. І зусім выпадкова мяне заўважылі.
Хутчэй за ўсё, меў месца шчаслівы выпадак: у 2012 годзе з АНТ сышлі некалькі супрацоўнікаў і трэба было закрывать пытанне з кадрамі. Кацярына Тумас-Цішкевіч стала тэлевядучай, неднаразова ўдзельнічала ў розных акцыях тэлеканала і некалькі разоў прадстаўляла яго на афіцыйных мерапрыемствах.
— Цяпер на першы план выходзяць дэталі, — разважала Кацярына Тумас-Цішкевіч яшчэ да 2020 года. — Інфармацыя можа быць аднолькавая, і, зразумела, важна, хто першым яе паведаміць. Але потым перавага будзе ў таго, хто здолее больш даведацца пра сітуацыю. І тут не ўсе могуць «капаць» аднолькава глыбока.
Гледзячы па ўсім, падчас і пасля пратэстаў прапагандыстка, сапраўды, стала «капаць» глыбока. Праект «Дзікае паляванне» ўключыў супрацоўніцу дзяржаўнага тэлеканала ў свой спіс з фармулёўкай «твар прапагандысцкіх сюжэтаў і фільмаў на АНТ пра беларускую апазіцыю, кандыдатаў у прэзідэнты, разгоны мірных акцый, пра "ўцёкі" сябраў Каардынацыйнай рады за мяжу і пра адсутнасць катаванняў на Акрэсціна».
Па звестках «Дзікага палявання», муж тэлевядучай — Сяргей Тумас, супрацоўнік Аператыўна-аналітычнага цэнтра. Грамадзянскія актывісты сцвярджаюць, што «ён адзін з тых, хто адказвае за адключэнне мабільнага інтэрнэту і зніжэнне патоку хатняга інтэрнэту, узлом і блакаванне сайтаў, старонак у сацыяльных сетках, Telegram-каналаў, а таксама дае навінавыя сюжэты і фільмы АНТ пра апазіцыю, кандыдатаў у прэзідэнты, мірныя акцыі і Каардынацыйную раду».
Сын журналіста, каментаваў більярд, стажыраваўся за мяжой
Нягледзячы на прыналежнасць да публічнай прафесіі, пра супрацоўніка АНТ 46-гадовага Андрэя Мохара ў адкрытых крыніцах не так шмат інфармацыі. На сайце тэлеканала, у прыватнасці, паведамляецца, што ў прафесію прыйшоў па слядах бацькі. Гаворка, відаць, пра Кастуся Мохара, які ўсё жыццё працаваў у ганцавіцкай раённай газеце «Савецкае Палессе».
У нулявыя Андрэй Мохар быў вядомы як каментатар снукера (разнавіднасць більярда) на АНТ, некаторы час быў діджэем, пасля узначальваў FM-радыёстанцыю. У дадзены момант займае пасаду кіраўніка дырэкцыі інфармацыйнага вяшчання АНТ.
— Мяркую, у нашай прафесіі немагчыма стаць кіраўніком і спыніць займацца журналістыкай. Так не бывае. Можна быць добрым мэнэджэрам, кіраўніком. Але калі ты не практыкуеш, нічога не атрымаецца, — неяк адзначаў супрацоўнік дзяржканала.
Цікава, што на сайце тэлеканала факт стажыроўкі ў ЗША, Еўропе, Кітаі і Расіі ўзгадваецца як пазітыўны момант. А калі ўважліва чытаць інтэрв'ю Андрэя Мохара ў праўладнай газеце «СБ. Беларусь сегодня», то можа закрасціся думка: а ці не дасылае супрацоўнік АНТ відавочныя сігналы?
Узяць хаця б такія яго словы:
— Казаць сёння даводзіцца гучней, хоць бы для прыцягнення ўвагі. Не ўпэўнены, што ў гэтай бітве можа быць пераможца. Каб выйграць, як вы кажаце, інфармацыйную вайну, трэба каб хтосьці змоўк. Так не бывае.
У тым жа тэксце ён таксама трапна адзначаў, што міжнародная павестка саступае беларускай, бо «людзям цікава тое, што побач». У адрозненні ад адыёзных прапагандыстаў Андрэй Мохар пазбягае рэзкіх ацэнак і абразаў у дачыненні да дэмакратычных палітыкаў і незалежных медыяў, нягледзячы на досыць правакацыйныя пытанні аўтаркі тэксту.
— І мы сёння канкуруем, па сутнасці, самі з сабой. Што я маю на ўвазе? На нашым тэлерынку, дзе вялікі ўплыў расійскіх каналаў, якія вырабляюць якасны прадукт, мы змагаемся за ўвагу гледача з імі. Не з калегамі з Беларусі, а з калегамі з вялікіх расійскіх каналаў. З бюджэтамі, вопытам і магутнай школай, — а ў гэтай цытаце ўвогуле можна пабачыць занепакоенасць расійскім уплывам.
Прапагандыстка новага пакалення і жонка канаіста
Палітычная аглядальніца дырэкцыі інфармацыйнага вяшчання СТБ Вольга Коршун уяўляе сабой новую фармацыю прапагандыстаў, якія не пасароміліся рабіць кар'еру на фоне падзеяў у 2020 годзе. Ступенькі яе службовай лесвіцы складаюцца з льсцівых слоў на адрас улады, абурэння Захадам, паклёпу ў бок «збеглых журналістаў».
— У журналістыку я прыйшла адразу пасля заканчэння факультэта журналістыкі БДУ, — расказвала пра пачатак працы на прапаганду Вольга Коршун. — Мой аднакурснік працаваў на СТБ і падказаў, што там як раз шукалі чалавека на месца рэдактара міжнароднай службы. Не было гарантый, што мяне возьмуць, але вельмі хацелася паспрабаваць.
Дзяўчына прыйшла на дзяржаўны тэлеканал у сакавіку 2011 года і працуе на ім ужо больш за 10 гадоў.
— Першапачаткова мая задача складалася ў падрыхтоўцы міжнародных дайджэстаў, — спачатку прапагандыстка была ў СТБ на другіх ралях. — Троху пазней падключыліся і абавязкі рэдактара рэгіянальнай службы. Гэта значыць першыя некалькі гадоў я працавала за кадрам, мантавала чужыя сюжэты і маніторыла міжнародную абстаноўку.
Паводле самой Вольгі Коршун, прасоўваць уверх яе сталі былыя кіраўнікі тэлеканала Кірыл Казакоў і Ігар Слуцкі. Так супрацоўніца СТБ стала вядучай навінаў, пасля працавала ў лукашэнкаўскім пуле, вяла праграму «В людях». Цяпер выступае на першых ролях у аўтарскім праекце «Неделя».
— Нашы апаненты часта папракаюць дзяржаўныя СМІ ў тым, што мы нібыта паказваем дабратворную карцінку і не гаворым аб праблемах. Гэта меркаванне абсалютна ангажаванае. Мы ў кожным выпуску падымаем вострыя сацыяльныя тэмы, — апраўдвалася Вольга Коршун у інтэрв'ю «СБ. Беларусь сегодня».
Аднак калі яна паспрабавала звярнуцца да фактуры, то зрабіла толькі горш, узгадаўшы інцыдэнт у Мачулішчах (у лютым 2023 года там быў пашкоджаны расійскі ваенны самалёт, і некаторы час прапаганда не заўважала гэты выпадак):
— Нас папракалі ў тым, што ў чарговым выпуску «Недели» мы нічога не сказалі пра тое, што здарылася, нібыта ўтаілі. Але мы не сказалі, бо не было ніводнага афіцыйнага каментара. Што казаць? Распаўсюджваць чарговыя чуткі і здагадкі? Быў інцыдэнт ці не было? Паўтаруся, фактчэкінг для нас на першым месцы.
Калі сур'ёзна чытаць інтэрв'ю Вольгі Коршун, то мімаволі ўзнікае пытанне: ці гэта жывы чалавек, які прамаўляе свае думкі? Хутчэй аўдыёзапіс, які ўключыў прапагандысцкія наратывы: Амерыка дыктуе як жыць Польшчы, «збеглыя журналісты» пераварочваюць нашыя навіны, калі ўжо скончыцца пераслед па прафесійным прынцыпе (дарэчы, калі?).
— Сітуацыя 2020 года ўсіх нас, журналістаў у тым ліку, змяніла, — відавочна, што Вольга Коршун памылкова прылічвае сябе да журналістаў. — Мы сталі зубасцейшымі, смялей адстойваем свой пункт гледжання і ўжо не маем ілжывых ілюзій у дачыненні да нашых апанентаў, якія вядуць адкрытую інфармацыйную вайну з намі.
Вядома, што жанчына замужам. Яе сужэнец — канаіст Дзмітрый Трацякоў.
Добро пожаловать в реальность!