Намесьнік Ціханоўскай у Аб’яднаным пераходным кабінэце Валер Кавалеўскі ацэньвае мэты і наступствы «пашпартнага» ўказу, выказваецца пра тое, за што ўлада карае беларусаў, якія жывуць за мяжой, і заяўляе, што на сёньня ўтварыўся пэўны падзел паміж беларусамі ў Беларусі і беларусамі за мяжой.
— Якую ацэнку як палітык і былы дыплямат вы дасьце апошняму скандальнаму рашэньню беларускіх уладаў адносна пашпартоў грамадзянаў Беларусі, якія знаходзяцца за мяжой? Што дае Лукашэнку гэтае рашэньне, чаму ён яго прыняў, якая матывацыя можа за гэтым стаяць?
— Найперш для мне, як былога дыплямата, вельмі недарэчна выглядае фактычная адмова ад аказаньня консульскіх паслуг беларускім грамадзянам. Бо ў консульскіх паслугах і ёсьць асноўны сэнс існаваньня консульскіх установаў, гэта адзін з прыярытэтаў замежнай палітыкі ў любой дзяржаве. Абарона і прадстаўленьне правоў і інтарэсаў сваіх грамадзянаў за мяжой, асабліва калі яны трапляюць у нейкія складаныя сытуацыі, — найпершая задача.
Зараз дзяржава фактычна адмаўляецца ад гэтай вельмі важнай функцыі. І калі раней былі нейкія адзінкавыя прыклады, мы назіралі асобныя сьведчаньні, нейкія адзінкавыя канкрэтныя сытуацыі ігнараваньня правоў грамадзянаў за мяжой, то цяпер гэта ўжо афіцыйная палітыка. І такім чынам Лукашэнка асэнсавана дэманструе антынародную накіраванасьць сваіх дзеяньняў. Гэта калі гаварыць пра мой погляд з прафэсійнага дыпляматычнага гледзішча.
Калі глядзець з палітычнага боку, то, як мне здаецца, Лукашэнка такім чынам спрабуе зноў давесьці, даказаць, што ён па-ранейшаму кантралюе сытуацыю, можа ствараць праблему. Каб падкрэсьліць сваю суб’ектнасьць. Гэта такі славуты лукашэнкаўскі падыход: «Я сам ствару праблему, і я буду адзіным, хто можа гэтую праблему вырашыць. Але для гэтага трэба будзе пайсьці мне на саступкі, размаўляць са мной паважліва, зьняць санкцыі і гэтак далей».
Разам з тым у гэтым рашэньні ёсьць і падспудная матывацыя. Лукашэнка быў вельмі напалоханы пратэстамі, дагэтуль яму страшна: мы бачым гэта па працягу рэпрэсіяў. І калі рэпрэсуюцца беларусы ў Беларусі, то чаму б не рэпрэсаваць беларусаў за яе межамі? Яны нібыта схаваліся за кардонам, ім там добра жывецца, яны не зьбіраюцца прыяжджаць у Беларусь. І вось робіцца спроба дацягнуцца да гэтых людзей, пакараць іх за неляяльнасьць.
— Цікава, аднак, што пад пашпартны ўказ падпадаюць і тыя людзі, якія даўно, яшчэ задоўга да 2020 году, жывуць за межамі Беларусі, напрыклад у Амэрыцы ці Азіі, і ня могуць прыехаць у Беларусь не з палітычных прычын, а проста ня маючы матэрыяльнай ці нейкай іншай магчымасьці. Таму яны і мянялі свае беларускія пашпарты ў консульскіх установах. Ім за што помсьцяць?
— Я ня думаю, што для Лукашэнкі тут мае значэньне, хто свой, хто чужы. Хапала прыкладаў, калі пад агульны каток рэпрэсіяў траплялі і «ябацькі». Улада ня лічыць маральных ці матэрыяльных стратаў. Усе тыя беларусы, якія сёньня жывуць за мяжой, для Лукашэнкі апрыёры зьяўляюцца падазронымі асобамі. Улада вырашае, што лепш да іх усіх ставіцца насьцярожана, лепш іх усіх разам пакараць.
— Якіх грамадзка-палітычных наступстваў можна чакаць у выніку гэтага пашпартнага ўказу? Натуральна, што апанэнты рэжыму атрымалі яшчэ адну прычыну яго ненавідзець. Але як да яго могуць паставіцца непалітызаваныя беларусы ў Беларусі?
— Я тут магу толькі разважаць, гіпатэтычна прыйсьці да нейкіх высноваў. Мне думаецца, што беларусы ў самой Беларусі ня надта адчуюць наступствы гэтага ўказу. Ім будзе складана прапусьціць празь сябе гэты боль, гэтыя складанасьці, рызыку і небясьпеку. Магчыма, тыя, у каго ёсьць блізкія і сваякі за мяжой, якіх гэта закране непасрэдна, іх гэта зачэпіць.
Мы разумеем, што на сёньня ўтварыўся пэўны падзел паміж беларусамі ў Беларусі і беларусамі за мяжой. Назіраюцца пікіроўкі, часам людзі абменьваюцца нейкай крытыкай, узаемнымі прэтэнзіямі. Я не адчуваю, што беларусы ў самой Беларусі прымуць гэта як сапраўдную вялікую праблему, бо непасрэдна гэта не закране большасьць беларусаў у самой краіне.
— Вядома, што гэты пашпартны ўказ па-новаму актуалізаваў ідэю пашпарта новай Беларусі, якую ажыцьцяўляе Пераходны кабінэт. Прызнаюся, я даволі скептычна ставіўся да магчымасьці практычнага ажыцьцяўленьня такой ідэі — надта шмат праблемаў і перашкодаў відаць на яе шляху. Аднак цяпер у вас, аўтараў пашпарта новай Беларусі, відавочна, зьяўляюцца новыя аргумэнты, каб пераконваць замежных партнэраў...
— Найперш адзначу, што я з разуменьнем стаўлюся да скептычных адносінаў і нават да пэўнай крытыкі ў адрас пашпарта новай Беларусі. Бо гэта сапраўдны ўнікальны праект, нічога такога не рабілі ў сучасных умовах. Цяпер усё робіцца пад пільным кантролем міжнароднай супольнасьці, у прыватнасьці Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі. Працэс прызнаньня гэтых дакумэнтаў своеасаблівы і вельмі строгі.
У нас ёсьць задача, якую сфармулявала беларускае грамадзтва. Мы пагадзіліся выконваць гэтую задачу, таму мусім рухацца толькі наперад, як бы гэта складана ні было. Тое, што Лукашэнка пайшоў на такі крок — гэта сапраўды дадатковы і вельмі пераканаўчы аргумэнт, каб такі пашпарт быў прызнаны. Але пашпарт — гэта не адзіны інструмэнт для вырашэньня праблемаў беларусаў, якія ўзьнікнуць ад гэтага кроку Лукашэнкі. Трэба будзе спрабаваць вырашыць шэраг іншых пытаньняў, такіх як выдача даведак пра адсутнасьць судзімасьці, адсутнасьць шлюбу, легалізацыя дыплёмаў аб атрыманьні адукацыі. Гэта ўсё таксама трэба будзе абмяркоўваць з нашымі партнэрамі, найперш у тых краінах, дзе жыве найбольш беларусаў.
Застаюцца высокія рызыкі таго, што з прызнаньнем пашпарта новай Беларусі будзе складана. Але мы адначасова будзем працаваць, каб штурхаць замежныя ўрады да таго, каб спрасьціць пэўныя працэдуры для беларусаў, каб было менш перашкодаў для легалізацыі.
— Апошнія тыдні Лукашэнка ды іншыя прадстаўнікі ўладаў зрабілі некалькі заяваў, якія можна было б расцаніць як прымірэнчую рыторыку ў дачыненьні да Польшчы і іншых суседніх краінаў. Чаму гэта адбылося і як вы гэта ацэньваеце?
— Я думаю, што пагроза поўнага закрыцьця межаў спрацавала. І ня толькі таму, што нашыя эўрапейскія суседзі былі настроеныя вельмі рашуча, але і таму, што тут маглі быць наўпрост закранутыя інтарэсы іншых краінаў — Кітаю і Цэнтральнай Азіі. Хаця варта зазначыць, што для Кітаю гэты беларускі маршрут не зьяўляецца вырашальным — большая частка грузаў ідзе морам. Тым ня менш гэта выклікала занепакоенасьць, і я мяркую, што падчас візыту міністра абароны Кітаю ў Беларусь закраналася і гэтая тэма.
І гэта вымусіла Лукашэнку збалянсаваць сваю цалкам безадказную рыторыку. Бо ён часам паводзіць сябе, як п’яны марак у порце, які пачынае рабіць усё што захоча, страчвае кантроль над сваімі паводзінамі і заявамі.
Суседзі Беларусі і Захад у цэлым даўно ўжо перасталі верыць Лукашэнку на слова. Могуць мець нейкі ўплыў толькі канкрэтныя справы, якіх улада можа зрабіць вельмі шмат. Гэта і спыненьне рэпрэсіяў, допуск адвакатаў, мэдыкаў, сваякоў да палітзьняволеных, вызваленьне палітзьняволеных. Улада кожны дзень можа рабіць нешта станоўчае і «прадаваць» гэта заходнім партнэрам. Але Лукашэнка гэтага ня робіць, бо яму па-ранейшаму страшна. Ён адчувае, што, як толькі пачне рабіць нейкія захады ў кірунку нармалізацыі адносінаў з Захадам, Масква адразу задасьць пытаньне: «Што адбываецца? І куды ты падаўся?».
Віталь Цыганкоў, "Свабода"
Добро пожаловать в реальность!