Знаны беларускі палітолаг — пра ўражанні ад Украіны ў часы вайны.
— Гэта была экзістэнцыяльная патрэба прыехаць сюды, — тлумачыць Павел Усаў прычыны свайго прыезду ва Ўкраіну. — Я адчуваў неабходнасць прыехаць і адчуць атмасферу вайны не толькі з прычыны маёй дзейнасці.
Тое, што мы маем непасрэдны доступ праз СМІ, тэлеграм-каналы і фактычна анлайн можам назіраць за баявымі дзеяннямі, але тым не менш, глядзець гэта знутры гэта зусім іншае, тым больш для аналітыка, каб разумець накірунак тых ці іншых падзеяў і іх сутнасць. Другі момант — патрэба свабоднага чалавека, які ўсё сталае жыццё змагаўся за перамены ў Беларусі, за дэмакратычную трансфармацыю, які заўсёды адстойваў свабоду, грамадзянскія погляды.
Моцнае жаданне прыехаць існавала ад пачатку вайны, але ў першы перыяд вайны магчымасці такой не было, таму што стаўленне да беларусаў было падазронае і крытычнае. Беларускі пашпарт не даваў магчымасці спакойнага бесперашкоднага пераезду праз мяжу. І гэта натуральна, бо Беларусь — краіна-агрэсар. Таму мяне адгаворвалі знаёмыя, у тым ліку тыя, хто быў ва Ўкраіне.
Днямі магчымасць прыехаць з’явілася. Была набытая машына для батальёну Каліноўскага. Ва Ўкраіну ехала група з неабходнымі паперамі, мне прапанавалі гэты варыянт. Вельмі ўдзячны валанцёрам за гэтую магчымасць.
Павел Усаў патрапіў ва Ўкраіну без перашкодаў, хоць беларускі пашпарт вельмі дэталёва вывучалі і распытвалі пра мэты прыезду.
— Па сутнасці проста так прыехаць сюды немагчыма, калі няма адпаведных дакументаў. Гэта абсалютна правільны падыход украінскіх службаў, няма на што наракаць. На жаль, беларускія ўлады і Лукашэнка ў прыватнасці зрабілі ўсё неабходнае дзеля таго, каб стаўленне да беларусаў было такое, якое яно ёсць.
Паводле суразмоўцы, з негатывам і агрэсіяй у свой бок ён не сутыкаўся.
Я звяртаўся да ўкраінцаў па-беларуску. З аднаго боку для іх гэта было прыемным уражаннем, з іншага — адкрывала іх сэрцы. Таму трэба сказаць, што беларуская мова — гэта вельмі добры ключ да простых людзей.
— Я праязджаў і заходнюю Ўкраіну, дзе стаўленне да расейскай мовы ўвогуле вядома якое. Па дарозе нас спынялі і патрулі, і паліцыя, і зразумела, быў ўзмоцнены кантроль, калі праязджалі блокпасты пасля камендантскай гадзіны (па ўсёй краіне з 23.00). Мы размаўлялі па-беларуску — напружанасць з іх боку спадала, і ніякіх праблемаў не ўзнікала.
Павел Усаў прыехаў ва Ўкраіну ў сераду. Ён патрапіў на пахаванне беларускага вайскоўца, дабравольца Паўла «Волата».
— Яго хавалі на Валыні з неабходнымі вайсковымі ўганараваннямі. Зараз шмат нашых суайчыннікаў змагаецца на ўсходзе Ўкраіны. Такім чынам беларусы аплочваюць ці змываюць тую пляму, якую на Беларусь насадзіў рэжым Лукашэнкі.
Павел распавядае, што на мяжы яго вельмі ўразілі вялізныя чэргі машын, якія гоняць ва Ўкраіну жыхары з прычыны адсутнасці мытных пошлінаў.
— Людзі стаяць у чэргах з транзітнымі нумарамі некалькі дзён. Нягледзячы на вайну, ёсць тыя, хто робіць бізнес.
На тэрыторыі, дзе няма баявых дзеянняў, пра вайну сведчаць толькі блокпасты, часам паветраныя трывогі, але з большага відавочна, што краіна вяртаецца да нармальнага жыцця.
Іншай прыкметай таго, што ёсць вайна, з’яўляецца недахоп паліва. Шмат якія запраўкі зачыненыя, на тых, што працуюць, велізарныя чэргі. Але ў крамах няма ніякага дэфіцыту, няма ніякіх праблем з харчаваннем — што ў Кіеве, што ў малых мястэчках. Можна купіць усё — ад малака і хлеба да алкаголю.
Мы знаходзімся ў тыле, і жыццё тут не адрозніваецца ад звычайнага. У Кіеве блокпасты, акопы, горад рыхтаваўся да вулічных баёў, доўгі час жыў у атмасферы вайны. Напрыклад, сёння тут было некалькі паветраных трывог, першая — а 4-й раніцы, зараз усё спакойна.
На паветраныя трывогі людзі рэагуюць спакойна, ніхто не бяжыць у бамбасховішча. Гэта часам цікава выглядае, калі гучыць паветраная трывога, людзі спакойна п’юць віно або каву з «Напалеонам» у рэстарацыі.
Падкрэслю, што Кіеў функцыянуе нармальна, а вось ужо такія сур’езныя шрамы вайны — гэта гарады пад Кіевам: Ірпень, Буча, праз якія мы праязджалі адмыслова.
Там знішчаныя шматпавярховыя дамы, гэта проста руіны — спаленыя і разбітыя вокны, расстраляныя будынкі. І там атмасфера вайны, гэтай жудасная трагедыі, якую расейскія вайскоўцы прынеслі ва Ўкраіну, засталася і яшчэ доўга застанецца.
Я не быў на фронце, але тыя парэшткі, руіны пад Кіевам, павінен убачыць кожны, хто хоча зразумець, што такое рускі мір. Думаю, што гэтыя гарады трэба пакінуць у тым стане, у якім яны існуюць, і прывозіць сюды заходнікаў, каб паказаць, што можа стацца з Захадам, дзякуючы палітыцы Пуціна.
Добро пожаловать в реальность!