Квіткі за два дні да выезду, няспрытны персанал і трэнд на саветызацыю — рэпутацыю беларускага турызму сярод асноўных кліентаў псуе у гэтым сезоне не толькі прыпыненне дзейнасці расійскага тураператара "Синяя птица".
Фінансавыя праблемы — асноўная прычына прыпынення дзейнасці кампаніі "Cиняя птица", якая была амаль што манапалістам у Расіі на беларускім накірунку. Калі раней тураператар ахопліваў асноўную частку рынку, то з новага году вялікая колькасць гатэляў і санаторыяў спынілі кантракты з ім праз запазычанасць. Некалькі месяцаў спраўляцца з сітуацыяй атрымлівалася, але напрыканцы чэрвеня было абвешчана аб спыненні дзейнасці. Каля 600 турыстаў, што ўжо набылі туры, не змогуць імі скарыстацца.
— Людзі даведаліся пра тое, што іх пражыванне неаплочанае ў самы апошні момант, замаўляючы трансфер ад цягніка, — апісвае сітуацыю прэс-сакратар Расійскага саюза туріндустрыі Ірына Цюрына. — І ўвесь цынізм сітуацыі ў тым, што ў санаторыі Беларусі людзі едуць лячыцца, ім сапраўды гэта патрэбна. Некаторыя тэлефанавалі да нас са слязамі.
Раней такога не здаралася.
Агулам з Беларуссю працуе няшмат аператараў у Расіі. Звычайна турыстаў у Беларусь возяць кампаніі, што займаюцца ўнутраным расійскім турызмам. Гэта абумоўлена адсутнасцю мяжы. Апошняе яшчэ і прычына таго, што ў Ростурызме не могуць падлічыць дакладную колькасць расіян, якія наведалі Беларусь.
Чаму яны не спяшаюцца?
Найбольш папулярныя ў расіян беларускія санаторыі (70% продажу). Тут Беларусь заўжды ішла ў сегменце бюджэтнага адпачынку. Але мінулагодняе падаражанне пачало запавольваць рост плыні турыстаў. Летась кошт аднаго ложка-дня для замежнікаў, па дадзеных беларускага Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва, узрос на 34% — да 337,4 тысяч беларускіх рублёў.
Па падліках расійскага боку, у некаторых беларускіх санаторыях кошт у пік сезону складае да 3 тысяч расійскіх рублёў на суткі (каля 100 долараў).
Лічыцца, што ў беларускіх санаторыях вельмі добрая медычная школа (яшчэ савецкая), але ж і сервіс застаецца савецкім. І тураператары адчуваюць гэта першымі.
— Адна з надзённых праблемаў — даводзіцца вельмі доўга чакаць пацверджання ад беларускіх санаторыяў. Відаць, іншы крыху тэмп жыцця і таму яны не спяшаюцца, — адзначае Марыя Бузуева, кіраўнік аднаго з аддзелаў кампаніі Солвекс-Турнэ.
Кампанія працуе якраз з беларускімі санаторыямі. Яе кліенты пераважна людзі сталага ўзросту, якія едуць у Беларусь паправіць здароўе.
— З нізкім узроўнем сервісу можна было мірыцца, пакуль кошты былі нізкімі, — кажа Ірына Цюрына. — Але калі кошты растуць, а сервіс моцна адстае, натуральна, гэта не надта падабаецца людзям.
Аднак, як адзначаюць у Рэспубліканскім цэнтры па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва, у суседніх краінах у мінулым сезоне такія паслугі былі даражэйшыя: кошт адных сутак у санаторыях Украіны ў жніўні 2012 году складаў — каля 627 тыс. беларускіх рублёў, краінах Балтыі — 707,1 тыс. беларускіх рублёў, Расіі — 837,6 тыс. беларускіх рублёў.
Квіткі ў Беларусь: альбо няма, альбо з’яўляюцца за два дні да выезду
Па падліках расійскіх экспертаў, 20% продажу прыпадае на турбазы і аграсядзібы. Тут у лідарах Берасцейшчына, Нарач і Браславы.
Экскурсійныя туры складаюць толькі 10% продажу і найбольш папулярныя ўзім к у. Тураператар Nissa company — адзін з нешматлікіх, што іх прапаноўвае. Распачалі чатыры гады таму, калі здолелі адшукаць надзейнага партнёра на беларускім баку.
Да плюсаў накірунку дырэктарка Nissa company Марына Сафонава адносіць невысокую канкурэнцыю.
— Рабіць спецпрапановы і зніжкі па турах у Беларусь не даводзіцца, — канстатуе яна, адзначаючы, што зараз сярод кліентаў кампаніі Беларусь пераўзышла па папулярнасці Украіну.
Але рост попыту стварае новыя праблемы. Самае складанае для аператара — знайсці квіткі, каб давезці турыстаў. Асабліва востра гэта адчуваецца ў навагоднія і травеньскія святы, калі плынь наведнікаў з Расіі рэзка ўзрастае. Летам справа ідзе прасцей, бо едуць больш паступова.
— Змяніць сітуацыю намагаліся і нашыя беларускія партнёры, і мы самі, але нічога не атрымалася, — дзеліцца Марына Сафонава. — Квіткоў альбо няма, альбо яны з’яўляюцца за два дні да выезду, але ж немагчыма сабраць групу за два дні.
У фірме Sanby скардзяцца на тое, што ў беларускіх гатэлях дэмакратычнай па кошце катэгорыі не хапае вольных нумароў.
— Ды і адгукаюцца на прапановы тыя, хто прадстаўляе жытло, досыць павольна, — адзначае супрацоўніца фірмы Елізавета.
Да скандала з прыпыненнем дзейнасці кампаніі "Синей птицы " расійскія тураператары адзначалі павелічэнне попыту на Беларусь ў сярэднім на 10% у параўнанні з сезонам-2012. Аднак нізкая якасць сервісу з беларускага боку нервуе прафесіяналаў турбізнесу і псуе настрой кліентам. Гэта не спрыяе рэпутацыі Беларусі як турыстычнага накірунку.
Ёсць і яшчэ адна пагроза папулярнасці — дэмаграфічная. Беларускія санаторыі наведваюць, як правіла, расіяне сталага веку. З улікам гэтага эксперты раяць кіраўніцтву краіны і турыстычнай галіны падпітваць цікаўнасць замежнікаў да аздараўлення ў Беларусі, пазбаўляцца савецкага сервісу і прытрымлівацца гнуткай коштавай палітыкі, каб праз некалькі гадоў, санаторыі не сутыкнуліся з праблемай недазагрузкі.
Подпишитесь на
канал ex-press.live
в Telegram и будьте в курсе самых актуальных событий Борисова, Жодино, страны и мира.
Добро пожаловать в реальность!
Добро пожаловать в реальность!
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите
Ctrl+Enter