Жыхарка Жодзіна Настасся Герыловіч дамаглася адкрыцця ў жодзінскай школе беларускамоўнага класа, марачы, што яе сын будзе вучыцца на роднай мове. Пра тое, чаму гэта было так важна, як праз чатыры гады яна ацэньвае сваё дасягненне, і як бацькам будучых першакласнікаў узяць з яе прыклад, яна распавяла EX-PRESS.BY.
Настасся вучылася ў жодзінскай школе №6, калі там выкладалі на беларускай мове. Але па-сапраўднаму пачала размаўляць на мове толькі падчас вучобы ва ўніверсітэце.
— Пытанне нацыянальнай свядомасці для мяне вельмі важнае. Таму, калі я яшчэ чакала з'яўлення свайго сына, спецыяльна вучыла калыханкі на мове, а потым чытала яму кнігі, размаўляла з ім па-беларуску. Мне трэба быць прыкладам для дзіцяці.
Калі мы вучым дзяцей не хлусіць, а самі хлусім, патрабуем чытаць, а самі не бярэм кнігу ў рукі, кажам, што трэба дасягаць сваіх мэтаў, а самі здаемся, не варта мець ілюзіі адносна выніку. Я так не хачу... Таму дамагчыся, каб мой сын мог вучыцца па-беларуску, для мяне было натуральна.
Наста кажа, што адкрыць беларускамоўны клас у Жодзіна было складана, але магчыма. Аддзел адукацыі ставіў прыпоны, але дзякуючы падтрымцы Алены Анісім (якая ў той час была ў складзе парламента), сяброў і зусім незнаёмых людзей, у 2017 годзе Косця і яго аднакласнік Клім пайшлі ў першы клас у школе №6. Гэта апошняя школа ў Жодзіне, дзе зніклі беларускія класы, а цяпер стала першай, дзе такі клас адчыніўся:
— У класе навучаецца два вучні 4 «Ж»: Клім і Косця. Я іх называю «жэўжыкі», як калісьці мой клас называла мая настаўніца па беларускай мове Людміла Анатолеўна Кочкіна. Я чакала асабістага падыходу, большай увагі да патрэб хлопцаў. І мае чаканні цалкам спраўдзіліся. Наша настаўніца Зінаіда Ігнацьеўна Ермакова — высокая прафесіяналка, я давяраю ёй і дзеці таксама.
Косця, калі прыйшоў дадому пасля першага ўроку, сказаў: «Настаўніца добрая і вясёлая». Тады я зразумела, што гэта будзе адна каманда, і ім утрох будзе радасна ўсе гэтыя гады. Косця з задавальненнем ходзіць у школу, бо настаўніца ведае да яго падыход, у яе на кожнага вучня ёсць час.
Праблем з падручнікамі ў беларускамоўным класе не было, школа замовіла ўсе, што трэба. Косцю трапіў па мове такі падручнік, дзе былі зроблены ўсе хатнія практыкаванні алоўкам.
— Гэта быў такі «падарунак на паўгады», — жартуе Наста. — Але нельга не адзначыць нізкую якасць падручніка па матэматыцы. Думаю, што ён зроблены як пераклад з рускамоўнага. Там шмат русізмаў: «паязды» некуды ездзяць, у «мінутах» час вымяраецца. Я тады жартую: «Косця, што гэта такое «паязды»?», а ён мне кажа: «Матуля, не турбуйся, гэта «цягнікі». Калі два вучні ў класе, то адмыслова лягчэй. Але вучыцца ня лёгка, і пакуль у Косці ёсць цяжкасці з пісьмом.
Дапаможнікі Наста набывала ў Менску, бо ў Жодзіна ў кнігарню іх не прывозілі. А яшчэ — цікавыя каляндары па месяцах «Не маўчы па-беларуску» і адрыўны на кожны дзень «Мой родны край». Хлопчыкі чытаюць іх кожны дзень, асабліва цікава ім зараз — на колькі хвілін дзень павялічыўся.
Кола зносін у дзяцей беларускага класа не абмежавана толькі адзін адным, і ізаляцыю ў рускамоўнай школе яны не адчувалі.
— Ніколі не чула ад хлопцаў, што да іх ставяцца неяк прыкра. У сына шмат сяброў як у школе, так і ў двары, басейне, летніку. Музыку, выяўленчае мастацтва, фізкультуру, англійскую мову і працоўнае навучанне хлопцы вывучаюць з другім класам.
Напрыканцы 2020 года Косця хадзіў у школу ў выглядзе Зюзі (Дзеда Мароза) і раздаваў цукеркі, сказаў, што нават дырэктару падараваў. З-за такога характару ў хлопцаў няма праблем з кім бавіць час, бывае, што і дамоў не загнаць. Так, хлопцы самі абіраюць на якой мове, дзе і з кім размаўляць. Са мной Косця размаўляе толькі па-беларуску, як і я з ім.
Наста спадзяецца, што і далей, калі хлопцы пойдуць у 5 клас, працягнуць навучанне на роднай мове. І магчыма, пакажуць прыклад для іншых.
— У будучым Косця хоча стаць міліцыянерам, і нават апошні год яго не пераканаў. Думаю, гэта харошая прафесія, калі ты годна выконваеш свае абавязкі, служыш народу, а не ўладам, — кажа Наста.
Для бацькоў, якія ў Жодзіна захочуць аддаць сваё дзіця ў беларускамоўны клас, яна выдзяляе галоўныя плюсы:
— будзе мала дзяцей, а таму ў настаўніка будзе больш увагі кожнаму вучню і кожнай вучаніцы;
— маўленне ў нашай роднай мове блізкае да ангельскай, таму будзе лягчэй вучыць і яе;
— нацыянальная самасвядомасць.
— Для мяне мая мова — гэта як мая скура: мова — гэта я, бо я — беларуска, — кажа мацi. — За гэту любоў да мовы хачу падзякаваць родным, настаўніцам і асабліва настаўніцы па гісторыі Ларысе Барысаўне Гурко. Калі я размаўляю, сустракаю больш пазітыўнае стаўленне да беларускай мовы, чым негатыўнае. І апошнім часам усё больш знаходжу для сябе добрых суразмоўцаў — жодзінцы цікавяцца роднай мовай, хочуць узнавіць яе, вельмі многа людзей пытаюцца – як пачаць размаўляць...
Дзеля гэтага я раю чытаць як мага больш і не саромецца рабіць памылкі. Беларуская стала мовай гораду, інтэлігенцыі, высокага класа. Калі чалавек размаўляе на ёй, ты адразу ведаеш, што перад табой адукаваны, разумны, культурны, якасны беларус. Такімі, я спадзяюся, будуць расці і Косця і Клім — вучні нашага беларускамоўнага класа.
Пяць крокаў, каб вашая дачка/сын пайшла/оў у 2021 годзе ў беларускамоўны клас:
1. Напішыце ліст у аддзел адукацыі г. Жодзіна (можна праз iнтэрнэт), што плануеце аддаць сваё дзіцё ў беларускі клас (неабавязкова, але сігналізуйце сістэме аб сваіх патрэбах).
2. Пры апытанні ў садку «У якую школу плануеце пайсці», пазначце форму навучання «беларускамоўны клас»;
3. Падрыхтуйце і падайце ў сваю школу ўсе неабходныя дакументы для паступлення, у заяве пазначце «беларуская форма навучання»;
4. Чакайце 1 верасня, каб пайсці ў ваш беларускі клас;
5. Самае важнае! На ўсіх этапах памятайце — Закон аб мовах на вашым баку. Толькі жаданне бацькоў ёсць адзінае, што неабходна ад вас, каб ваша дзіцё вучылася на роднай мове.
Добро пожаловать в реальность!