Веснавыя палы, якія многія дагэтуль лічаць «звычайнай практыкай», на самой справе знішчаюць біяразнастайнасць, шкодзяць глебам, забіваюць жывёл і ўзмацняюць кліматычныя змены. Экспертка альянсу «Зялёная Беларусь» ў сферы экалогіі і захавання біяразнастайнасці Ірына Макарэвіч тлумачыць, чаму прырода не патрабуе выпальвання травы, як палы незваротна змяняюць экасістэмы і чаму нават «кантраляванае» гарэнне можа быць апраўданым толькі ў выключных выпадках.
Чаму веснавыя палы — не «натуральная з’ява»?
Веснавыя палы часта ўспрымаюцца як нешта звыклае для сельскай мясцовасці. Аднак з пункту гледжання экалогіі гэта не натуральны працэс, а сур’ёзнае парушэнне экасістэм.
— Калі казаць пра доўгатэрміновыя наступствы веснавых палаў для глебавых экасістэм і біяразнастайнасці, то, па-першае, важна адзначыць: пал — гэта не натуральная з’ява, — тлумачыць экспертка. — Экалогія як навука разглядае сувязі паміж жывымі арганізмамі і іх асяроддзем. Калі тлумачыць проста: у натуральных экасістэмах, дзе няма ўмяшання чалавека, усё збалансавана. Таму палы прыродзе дакладна не патрэбныя.
«Гэта заўсёды трагедыя»
Паводле Ірыны, незалежна ад таго, дзе адбываецца пал — у лесе, на лузе або у нізінным ці верхавым балоце — наступствы для жывой прыроды заўсёды негатыўныя. Асабліва небяспечнымі экспертка называе палы ў больш позні веснавы перыяд, калі надвор’е становіцца цёплым і пачынаецца актыўнае гнездаванне жывёл і птушак.
— Пакутуюць усе, хто жыве і гняздуецца на зямлі: насякомыя, дробныя грызуны, птушкі, зайцы і іншыя жывёлы, — кажа Ірына Макарэвіч. Яна адзначае, што палы наносяць шкоду не толькі асобным відам, але і ўсёй структуры экасістэм.
Як палы змяняюць прыроду
Экспертка звяртае ўвагу, што пасля пажараў экасістэмы ўжо не аднаўляюцца ў ранейшым выглядзе:
— Палы, як і любыя пажары, змяняюць экасістэму — на той жа тэрыторыі пачынаюць расці іншыя віды раслін, і пасля аднаўлення экасістэма ўжо не будзе такой, як была раней. У месцах, дзе раней быў лес або натуральны луг, змяняецца склад расліннасці, а агульная біяразнастайнасць становіцца меншай.
Уплыў на клімат і паветра
Ірына падкрэслівае, што любыя пажары спрыяюць выкідам парніковых газаў і, адпаведна, уплываюць на кліматычныя змены:
— Любое спальванне — гэта маленькія кроплі ў агульную вагу працэсаў, якія вядуць да змянення клімату, яго паскарэння і ўзмацнення.
Пры гэтым спецыялістка адзначае, што дакладныя колькасныя ацэнкі ўплыву палаў на клімат патрабуюць маніторынгу і асобных даследаванняў:
— Канкрэтных лічбаў у мяне няма, але дакладна можна сказаць: усё, што гарыць, уплывае на клімат — і змяняе яго не ў лепшы бок. Тое самае датычыцца і здароўя людзей, і гэта фактар, які трэба ўлічваць.
Чаму людзі працягваюць паліць сухую траву
На думку эксперткі, большасць палаў узнікае не як свядомая практыка, а праз спробы людзей пазбавіцца ад сухой расліннасці або смецця:
— Часцей за ўсё людзі паляць не з мэтай зрабіць «пал», а проста хочуць пазбавіцца ад сухой расліннасці, смецця, нейкіх рэшткаў. І далей сітуацыя выходзіць з-пад кантролю.
Яна адзначае, што цяпер такія выпадкі адбываюцца радзей, бо людзі ведаюць пра адказнасць і рызыкі:
— Дзяржава прыкладае намаганні, каб кантраляваць сітуацыю — за палы прадугледжаны адміністрацыйныя пакаранні.
Ці бываюць «карысныя» палы?
Ірына падкрэслівае: палы не з’яўляюцца нормай. Аднак існуюць некаторыя выпадкі, калі кантраляванае выпальванне можа выкарыстоўвацца ў рамках навукова абгрунтаваных прыродаахоўных праграм.
У якасці прыкладу яна прыводзіць ахову вяртлявай чаротаўкі — аднаго з самых рэдкіх відаў птушак у Еўропе:
— Каля 60% папуляцыі вяртлявай чаротаўкі гняздуецца ў Беларусі, і таму наша тэрыторыя вельмі важная для яе захавання.
Паводле эксперткі, для гэтага віду былі распрацаваныя спецыяльныя методыкі кіравання экасістэмамі, у тым ліку з выкарыстаннем кантраляваных палаў “па снезе”:
— Гэта звязана з тым, што асноўныя прычыны зніжэння колькасці віду — знікненне выпасу жывёлы і сенакосу, што выклікае зарастанне звыклых для абітання месцаў. Менавіта гэтыя практыкі гістарычна падтрымлівалі нізінныя балоты ў стане, неабходным для гнездавання птушкі. І ў гэтым канкрэтным выпадку кантраляваны пал можа быць часткай навукова абгрунтаваных мер.
Аднак экспертка падкрэслівае: гэта хутчэй выключэнне і іншых абгрунтаваных прычын для палаў у нас няма. Яна таксама нагадвае, што беларускім заканадаўствам такія дзеянні дазваляюцца толькі ў выключных выпадках:
— У заканадаўстве замацавана, што палы могуць праводзіцца толькі для падтрымання рэдкіх відаў — і толькі на падставе навуковага абгрунтавання.
Ці дастаткова кантролю?
Гаворачы пра дзяржаўнае рэгуляванне, Ірына Макарэвіч лічыць, што асноўная праблема — не ў адсутнасці законаў, а ў немагчымасці пракантраляваць усіх і недахопе прафілактыкі:
— Калі адбываецца пал — шукаюць вінаватага, караюць, прыцягваюць службы для тушэння.
Пры гэтым экспертка адзначае, што сучасныя тэхналогіі маніторынгу ўжо выкарыстоўваюцца для назірання за станам ландшафтаў:
— Былі праекты, дзе з дапамогай GIS-сістэм адсочвалі змены ў ландшафтах — гэта дазваляе бачыць, што і дзе адбываецца.
«Прырода не мае патрэбы ў палах»
Падсумоўваючы, Ірына яшчэ раз падкрэслівае: палы не з’яўляюцца натуральнай часткай функцыянавання прыродных экасістэм і прыносяць шкоду.
Добро пожаловать в реальность!