Зміцер Спірыдаў вельмі любіць Беларусь і родны Барысаў, але па палітычных прычынах ён быў вымушаны пакінуць краіну. Больш за год барысаўчанін жыве ў Палтаве. Мы пагутарылі з нашым земляком і даведаліся, што было самым цяжкім у яго пераездзе.
Зміцер нарадзіўся ў 1986 годзе ў Барысаве. Яго бацькі развяліся праз 13 гадоў, і маці забараняла мець зносіны з татам. Зміцер пачаў камунікацыю з ім у 21 год, калі ўжо мог быць свядомым і адказным за свае дзеянні.
У 2011 барысаўчанін пазнаёміўся са сваёй ужо былой жонкай Аленай Раговіч. Неўзабаве яны распісаліся, а 15 лістапада ў іх нарадзіўся сын Андрэй. Гэта дало адтэрміноўку, і Зміцер не пайшоў служыць ва Ўзброеныя сілы Беларусі, хоць хацеў. Сям’я пражыла ў шлюбе 7 няпоўных гадоў, пасля чаго развялася ў ліпені 2018 года.
«Я вырас у мікрараёне Лядзішча і вельмі сумую па ім»
Барысаўчанін скончыў СШ №16, а потым і 121-ы каледж. Жыццё ў Барысаве узгадвае з цеплынёй:
— У 121-ы каледжы вучыўся па спецыальнасці мантажнік радыё-элекрапрыбораў і слесар-зборшчык, адвучыўся 3 курсы. Працаваў у сваім родным горадзе ў розных сферах: спачатку кладаўшчыком-грузчыкам, потым макетчыкам і дызайнерам у рэкламных фірмах горада. Меў уласны бізнес на будаўнічым рынку. Зміцер і зараз займаецца будаўніцтвам, і гэты кірунак яму вельмі падабаецца.
Добрыя ўспаміны засталіся пра родны раён, дзе гадаваўся барысаўчанін:
— Наш горад мне вельмі падабаецца, у плане зносін і менталітэту людзей. Дрэнна, што вельмі мала месцаў для адпачынку, але радуе, што горад развіваецца. Я вырас у мікрараёне Лядзішча, мне ён вельмі падабаецца, і я вельмі сумую па ім. Там цяпер жыве і засталося вельмі шмат маіх сяброў і аднакласнікаў.
Школа асабліва не запомнілася, хоць гэта былі самыя бесклапотныя гады ў жыцці. Не скажу, што я быў выдатнікам, проста добра вучыўся. З многімі однакласнікамі і аднакурснікамі падтрымліваю сувязь і адносіны, так як мы амаль усе з аднаго раёна.
У школе я быў вельмі замкнёным, мяне ўсе ўвесь час прыніжалі, але потым, бліжэй да старэйшых класаў, усё крыху змянілася, і мяне пачалі паважаць. Памятаю. як з сябрам разбілі шкло на партрэце Лукашэнкі, які вісеў над школьнай дошкай.
Ёсць у гісторыі барысаўчаніна і сумныя ўспаміны:
— Мая маці памерла ў рэанімацыі, калі мне быў 21 год. Я хаваў яе на свой дзень нараджэння, калі гэта можна было тады так назваць.
З гонарам Зміцер узгадвае пра роднага дзядулю:
— Мой дзед Васільеў Мікалай Мікітавіч на Другую сусветную вайну закліканы не быў, бо яму было ўсяго 16 гадоў. Ён працаваў у тыле: капаў акопы салдатам. Атрымаў раненне ад фашыстаў у правую ягадзіцу. Памёр ва ўзросце 82 гадоў. Сам ён з вёскі Добрай Тульскай вобласці Расіі. Ён — 12 дзіця ў сям'і пасля вайны — застаўся адзіны жывы, пахаваўшы ўсіх сваіх братоў і сясцёр, якія ваявалі.
Служыў у Польшчы ў Шчэціне ад'ютантам генерала Раманчанка ў званні старшы прапаршчык і быў яго асабістым кіроўцам. Пасля быў дэмабілізаваны ў Барысаў, дзе даслужваў у тым жа званні сваю службу. Дзядуля працаваў пазаштатным фотакарэспандэнтам у газетах «Барысаўскія навіны», «Курьер з Барысава» і «Адзінства». Быў заўгасам гарадской бібліятэкі, а потым загадчыкам старшыні Савета ветэранаў. Пасля разводу бацькоў дзед замяніў мне тату і выхаваў ўва мне сапраўднага патрыятычнага чалавека!
«Пакінуць Беларусь мне давялося з-за ціску беларускага КДБ»
На пытанне, чаму барысаўчанін пакінуў Беларусь, адказвае:
— Пакінуць Рэспубліку Беларусь мне давялося з-за ціску спеслужб, якія завялі на мяне ўяўную крымінальнаю справу пасля адмовы супрацоўнічаць з імі як былога ўдзельніка руху «Зубр» і сябра партыі БНФ.
Я ўляцеў з Нацыянальнага аэрапорта «Мінск», так як з раніцы мяне выклікалі на допыт у Следчы камітэт, і я ўжо разумеў, што адтуль не вярнуся дадому. Выбраў ляцець ва Ўкраіну, бо ведаў мову, і яшчэ тут ужо доўгі час жыў мой сябра Аляксандр Малчанаў, які з 2014 года прымаў удзел у АТО і служыў ВСУ.
Пасля пераезду эмоцыі напаўнялі Змітра вельмі моцна. Ён перажыў жудасную дэпрэсію і акліматызацыю. Гэта была першая рэакцыя мужчыны ў новай краіне:
— Было шмат эмоцый, бо гэта іншая краіна, іншыя паняцці і менталітэт. Першы месяц у мяне была жудасная дэпрэсія і акліматызацыя да новых умоў пражывання. Краіна выдатная ў плане свабоды слова, паліцыя не затрымлівае без прычыны, насельніцтва больш таварыскае і гатовае выручыць ў любы момант, а такіх момантаў у першы час знаходжання тут было вельмі шмат.
Пасля пераезду стараюся трымаць сябе ў руках і ставіцца да любой наяўнай тут неспадзяванай сітуацыі з разуменнем і не панікаваць.
— Што цябе натхняе?
— Мяне натхняе зараз мая праца, мой сын і тое, што я не ў Беларусі. Натхняе дух свабоды і магчымасць жыць у сваё задавальненне, кнігі. Я люблю Стывена Кінга і Біблію.
— Ці цяжка было знайсці працу? Кватэру? Якая была матывацыя?
— Я да гэтага часу не змог атрымаць хоць які статус ва Ўкраіне. Уладкавацца на працу тут можа толькі грамадзянін Украіны, таму прыходзіцца працаваць неафіцыйна. Працу шукаў доўга, былі нават моманты, калі давялося некалькі тыдняў пражыць на чыгуначным вакзале ў Кіеве.
Здымаю пакой у знаёмага з Палтавы за 100 грыўняў у суткі. Працую мантажнікам металаканструкцый, мой заробак у месяц вагаецца ў раёне 20 тысяч грыўняў. Матывацыя была адна: будуць грошы — будзе далейшае жыццё. Сядзець у Беларусі ў турме нi за што мне не хацелася.
Пра сённяшняе адчуванне, грошы і сум па роднай краіне
— Зараз адчуваю сябе свабодна, грошай на ўсё хапае. Адзінае, сумую па свайму бацьку, сыну і былой жонцы, якія да гэтага часу жывуць у Барысаве. Хоць з усімі імі падтрымліваю сувязь па Viber.
Усім барысаўчанам, якія хочуць пераехаць з Рэспублікі Беларусь у іншую краіну, акрамя Расійскай Федэрацыі, хачу сказаць: едзьце. Калі ўлада зменіцца, мы ўсе абавязкова вернемся. Выбірайце любы кірунак: раю ЕС і ЗША.
Галоўнае — не варта баяцца. Праблем пры пераездзе і акліматызацыі будзе стаяць шмат, але ўсе іх можна вырашыць і справіцца з імі, а потым радавацца таму, што змянілі месца свайго пражывання. Гэта таго варта.
— Сумуеш па Радзіме? Часта прыязджаеш?
— Вельмі сумую па родным горадзе. Ведаю кожны яго метр і магу прайсці па ім амаль з заплюшчанымі вачыма. Вельмі цягне назад на Радзіму. Хочацца прыйсці на пешаходны мост і проста палюбавацца на захад сонца або акунуцца ў Бярэзіне, папіць піва з сябрамі ў кавярні «Несцерка» на Чапаева. Шкада, што зачыніўся начны клуб «Ультимо».
Сумую па родных і блізкіх, вельмі даўно іх не бачыў. Вельмі моцна цягне на радзіму ў родны мікрараён Лядзішча. Перасекчы мяжу я цяпер не магу. У Беларусі я пастаянна ўдзельнічаў ва ўсіх акцыях апазіцыі кожны год: «Дзень Волі», «Чарнобыльскі Шлях», «плошчы» і іншыя. Мяне могуць арыштаваць і пасадзіць на працяглы тэрмін па палітычных матывах.
Добро пожаловать в реальность!