У Барысаве адбылася адкрытая прэзентацыя кніг Паўла Севярынца. На сустрэчы гутарылі пра творчасць, знакамітых беларусаў, пра мінулае, пра канец свету, які ў кнізе «Беларусалім» пачынаецца менавіта з Барысава. I пра тое, што апошняя кніга Паўла «Каменнае сэрца» – зусім не жаночы раман, як некаторыя мяркуюць па назве.

Палітвязень Беларусі і вязень сумлення Павел Севярынец нарадзіўся ў Оршы ў сям’і журналіста і школьнай настаўніцы. Скончыў школу з залатым медалём, геаграфічны факультэт БДУ. У 1994—1999 працаваў журналістам у шэрагу выданняў. З 1998 друкуецца ў незалежнай прэсе як публіцыст. Палітычная дзейнасць Паўла пачалася з 1995 года. Зараз палітык працуе над адраджэннем палітычнай партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя», з’яўляецца сустаршынёй яе арганізацыйнага камітэта.
Кніга «100 асобаў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі»
«З 1919 па 1939 год дзякуючы палітычнай партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» выходзіла 146 беларускіх і 12 перыядычных выданняў, — кажа Павел. — Лідары сапраўды дбалі пра народ, сярод сяброў партыі было шмат дактароў, якія лекавалі самі, вучылі гігіене і выдавалі кнігі. Уявіце сабе, нават вазілі тэатр па мястэчках».
— Потым многія ўдзельнікі партыі аддалі сваё жыццё за Беларусь, за Бога і за гэтую ідэю. Многія з іх прайшлі польскі лагер Картуз-Бяроза, 15 лідараў былі забіты нацыстамі або прайшлі гестапа, 32 прайшлі ГУЛАГ або былі знішчаны. Іх імёнамі павінны называцца вуліцы і плошчы.
Адам Дасюкевіч — бургамістр Паставаў — падчас вайны выратаваў Барыса Кіта. Будучы дырэктарам настаўніцкай семінарыі ў Паставах, Кіт не даў нямецкаму афіцэру студэнтаў, каб тыя прыбіралі трупы. За гэта афіцэр стрэліў у Барыса Кіта. Бургамістр Дасюкевіч выбіў пісталет з рук немца. Куля засела ў сцяне. Усе потым хадзілі і глядзелі на тую кулю, якая была прызначана Кіту. А Барыс Кіт дажыў да 107 гадоў.
Адаму Дасюкевічу немцы гэтага не прабачылі. Калі яму загадалі сабраць увесь хлеб у беларусаў, ён гэтага не зрабіў. Адам сказаў: «Калі беларусы аддадуць вам ўвесь хлеб, ім не будзе што есці». Яго застрэлілі на плошчы. Усім натоўпам хавалі. Немцы баяліся страляць у натоўп, таму што там былі тысячы людзей…

Кніга «Люблю Беларусь» і дзвесце феноменаў Беларусі
Некалькі перавыданняў з дапаўненнямі вытрымала кніга «Люблю Беларусь». У ёй — дзвесце феноменаў, па якіх нашу Айчыну пазнаюць у свеце. Іншымі словамі, дзвесце адказаў на пытанне, што такое Беларусь.
Выданне дапаўняецца. У апошніх кнігах ёсць Дар’я Домрачава і Вікторыя Азаранка. Адзначана ў кнізе і імя лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі Святланы Алексіевіч.
Цікава, што нобелеўскіх лаўрэатаў — выхадцаў з Беларусі — 18 чалавек. Большасць з іх — беларускія яўрэі.

Пра канец свету
Кніга «Беларусалім», па словах Паўла, пра канец свету, што пачынаецца ў Беларусі. Тут мала фантастыкі, кажа пісьменнік. Гэта кніга пра жыццё.
Тое, што Беларусь займае адно з першых месцаў па самагубствах, ужыванні алкаголю, колькасці жанчын у турмах, ці не ёсць гэта канец свету?
Цікава, што другая кніга «Беларусалім» пачынаецца менавіта з Барысава.

«Каменнае сэрца» — кніга не пра каханне
Апошняя кніга Паўла Севярынца — «Каменнае сэрца». Гэта не жаночы раман, як некаторыя мяркуюць па назве. Гэта зборнік турэмнай лірыкі. У кнігу ўвайшлі творы, напісаныя ў турме ад 1997 года. А каменным сэрцам называюць турму-«амерыканку» ў цэнтры Мінска.

— 17 гадзін не давалі ў прыбіральню выйсці. На што здольны чалавек падчас такога пакарання? Сядзеў са мной Саша Кісялёў, вядомы прадпрымальнік. З ім адбылася абсурдная гісторыя. Купіў ён прыватны самалёт, каб лётаць Аўстрыя-Мінск, а яму кажуць, што лятаць можа толькі адзін Саша, і гэта не ён. «Як так? — пытаецца Саша. — Я сумленны грамадзянін, плачу падаткі, чаму не магу мець самалёт?» Сядзеў там і топ-менеджер «Дарыды», таму што ў яго была позва на 170 тысяч даляраў.
У амерыканцы што не чалавек, то цікавая гісторыя. Тут вы можаце вымяраць, наколькі былі добразычлівы, змагаром, вернікам і гэтак далей.
Добро пожаловать в реальность!