Колькі каштуе самая дарагая ў свеце марка, як можна зрабіцца багатым за дзень, за колькі марак Расія атрымала ад Тэадора Рузвельта Калінінград і Калінінградскую вобласць, чытайце пра гэта ў матэрыяле EX-PRESS.BY.
На курсы «Мова нанова» да барысаўчан прыехаў адзін з самых вядомых філатэлістаў Беларусі — Андрэй Мялешка, які працуе журналістам у Гродне і з’яўляецца старшынёй таварыства філатэлістаў. Таксама ён сябра міжнароднага журы, якое судзіць выставы, связаныя з паштовымі маркамі.
—Хачу распавесці сёння пра такі занятак, якім у савецкі час займаўся амаль кожны другі беларус, — пачаў размову Андрэй. — Усе набывалі паштовыя маркі ў кіёсках, мелі розныя альбомчыкі? А сам я збіраю маркі Першай і Другой Сусветных войн».
Як паведаміў выступоўца з Гродна, філатэлія — гэта не толькі збор паштовых марак. Гэта збор усяго, што датычыцца пошты: і маркі, і капэрты, і карткі, і лісты.
«Мы адпраўляем калегам лісты для таго, каб быў адваротны штамп, тады такі ліст больш каштоўны»
Цікава, што маркі можа выдаваць не толькі пошта, але і іншыя таварыствы і арганізацыі. Напрыклад, Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры выдавала маркі з выявамі будынкаў і гістарычных каштоўнасцяў:
— Кожная паштовая марка ёсць як з зубцамі, так і без іх. Для чаго зубчыкі? Для таго, каб лягчэй выкарыстоўваць гэтую паштовую марку на капэрце, каб не рэзаць нажніцамі, для палягчэння аддзялення марак адна ад адной.
Каб пераглядаць маркі ў альбомах, філатэлісты выкарыстоўваюць адмысловыя пінцэты. Барысаўчане паглядзелі, якія розыя пінцэты мае Андрэй.
— Калі выходзіць паштовая марка, робіцца адмысловае гашэнне гэтай маркі на капэрце — капэрта таксама незвычайная ў гэты дзень. Мы адпраўляем калегам лісты для таго, каб быў адваротны штамп, тады такі ліст больш каштоўны, — падзяліўся сакрэтам філатэліст.
Да дня выхада таксама выпускаецца картмаксімум — паштоўка з наклеенай на яе паштовай маркай, якая пагашана адмысловым штэмпелем. Ёсць яшчэ звычайная паштовая картка з надрукаваным на ёй знакам паштовай аплаты, на якой можна што-небудзь напісаць.
Аэраграма — ліст тонкай паштовай паперы, які складаецца так, што знешні бок ліста ўтварае капэрту. Пры гэтым паведамленне, размешчанае на ўнутраным баку ліста, немагчыма прачытаць, не раскрыўшы гэты ліст. Аэраграмы прызначаецца для авіяпошты, у Беларусі яны амаль не выкарыстоўваюцца. Ёсць яшчэ так званая сакрэтка — паштовы ліст з гумаванымі бакамі і перфарацыяй, якая аддзяляе край ад астатняй часткі ліста. Адкрыць сакрэткі магчыма толькі, адарваўшы край ліста па перфарацыі. Яна вельмі падобна на капэрту, унутры якой знаходзіцца пін-код.
— Маркі бываюць рознай формы, і робяцца яны часам з розных дзівосаў. Напрыклад, не квадратныя і не простакутныя, а розных формаў, у выглядзе алімпійскага мяча, зайчыкаў і гэтак далей.
Як афрыканскія краіны зараблялі грошы на марках
Насамрэч марка можа рабіцца не толькі з паперы, але яшчэ з дрэва, са скуры, сталі. Можа быць у выглядзе аэраграмы ці галаграмы. У краіне Бутан, напрыклад, маркі можна было панюхаць, яны рабіліся з водарам.
— Такія маркі звычайна друкавалі афрыканскія краіны, каб зарабіць грошай. У іх былі такія адметнасці, якіх зараз ужо няма. У 90-е гады 20 стагоддзя такое было шмат дзе распаўсюджана, — кажа журналіст.
Першыя маркі на Беларусі
Як паведаміў Андрэй, першыя маркі на тэрыторыі Беларусі з’явіліся, калі наша краіна ўваходзіла ў склад Расійскай імперыі — у 1858 годзе. Першая такая марка каштуе прыкладна 10 $, але калі капэрта з такой маркай прайшла пошту, яна ужо будзе каштаваць 200 $.
— У незалежнай дзяржаве першая беларуская марка з’яўляецца ў БНР (Беларуская Народная Рэспубліка). Гэта маркі 1920 года. Яны выпускаліся не ў Беларусі, а ў Латвіі, там дзе ў 1920 годзе стаяў атрад Станіслава Булак-Балаховіча.
Калі ствараецца краіна, у яе з’яўляюцца герб, сцяг, гімн і, зразумела, паштовая марка, каб паказаць незалежнасць гэтай дзяржавы. Адна з першых марак незалежнай Беларусі 1992 года — гэта марка з выявай Крыжа Ефрасінні Полацкай, які ў пачатку Другой Сусветнай вайны быў згублены.
— А калі з’явілася першая ў свеце марка?
— У 1840 годзе ў Вялікай Брытаніі з’явілася непрыкметная чорная марка, якая звалася «Чорны пені». Менавіта адзін пені каштавала адпраўка ліста па Брытаніі. Яе прыдумаў паштмайстар Роуланд Хіл. Ён загадаў зрабіць вялікі наклад такіх марак — было выдадзена 3 мільёны. Гэта было зроблена для таго, каб было зручна рэзаць і клеіць іх на капэрты. Хаця да гэтага часу маркі ўжо хадзілі па маленькіх мясцовасцях, але не было дзяржаўнай пошты. Зараз каштоўным для нас з’яўляецца не гэтая марка, а капэрта з маркай, на якой пазначана, што яна прайшла пошту і была адпраўлена ў іншы горад.
— Ці ёсць самая рэдкая марка ў нашай краіне?
— Так. Гэта маркі, связаныя з 1920 годам і Часовай Радай Случчыны, маркі зробленыя накладам 200 асобнікаў. Адзначу, што гэта вельмі незвычайны перыяд для пошты Беларусі. Слуцкія паўстанцы зрабілі квазі-дзяржаву, яны выкарыстоўвалі маркі, каб перадаваць лісты з адной вёскі ў другую.
«Адна такая марка каштуе паўмільёна даляраў»
— Што самая каштоўнае ў філатэліі?
— Звычайна каштоўнай будзе паштовая марка з нейкімі памылкамі ці дзівосамі. Напрыклад, ёсць марка, дзе самалёт перавёрнуты, паштмайстар быў звольнены з працы, але ён паспеў вынесці з сабой 10 асобнікаў, 5 з якіх прадаў сябрам-калекцыянерам, а 5 зараз гуляюць па свеце, і адна такая марка каштуе паўмільёна даляраў. У Беларусі ёсць таксама такія выпадкі ў 1996 і 1997 годзе. У выдавецтве «Марка» былі зроблены беззубцовыя маркі. Таго, хто гэта зрабіў, зараз шукае Interpol, а маркі час ад часу выплываюць на аўкцыёнах.
— Калі дзялілі свет на Ялцінскай канферэнцыі, за калекцыю савецкіх паштовых марак Савецкі Саюз атрымаў падарунак — Калінінград і Калінінградскую вобласць. Так, Тэадору Рузвельту, які быў адным з самых вядомых філатэлістаў свету, былі падораны маркі з памылкамі, тады гэтая калецыя каштавала адзін мільён залатымі манетамі. Гэта, дарэчы, частка сакрэтнага пратаколу Ялцінскай канферэнцыі, — кажа філатэліст Андрэй.
— А як вы пачалі збіраць маркі?
— Я пайшоў у першы клас. Гэта было ў далёкім 1981 годзе. Да нас у школу прыйшоў мужчына і запрасіў на сустрэчу па філатэліі, і ўжо болей за 30 гадоў я займаюся зборам марак.
Цікава, што ў Гродне, родным горадзе Андрэя Мялешкі, прозвішчам аднаго з самых выдомых філатэлістаў Беларусі — Генадзем Аляксеевічам Обухавым — названа вуліца.
Вядомых філатэлістаў вельмі шмат. Усе каралі Брытаніі збіралі маркі:
— Самы вядомы і самы вялікі філатэлістычны збор — гэта калекцыя Брытанскай кароны, напэўна, 50 такіх памяшканняў, як гэта.
Сёння невядомы лёс калекцыі марак Мікалая ІІ. Напрыклад, Джон Ленан збіраў усё, што звязана з музыкай. Альберт Эйнштэйн і Цішка Гартны таксама былі вядомымі філатэлістамі.
А вы, нашы чытачы, збіраеце маркі ці капэрты?
Добро пожаловать в реальность!