У краязнаўчым цэнтры Цэнтральнай раённай бiблiятэкi імя І.Х. Каладзеева ўчора, 6 сакавіка, адбылася прэзентацыя кнігі вершаў «Адзеньне для птушак» Алены Маеўскай.
Зборнік "Адзеньне для птушак" — гэта першая кніга барысаўскай паэткі. Яе выданню папярэднічалі публікацыі ў перыядычным друку і літаратурных часопісах, такіх як "Маладосць", "Беларусь", газеце "Літаратура і мастацтва" і іншых выданнях.
— Ініцыятарам стварэння зборніка была мая сястра Тамара. Яна хацела, каб я ўсё, што публікавала, сабрала ў адной кнізе. Так былі абраны і выдадзены лепшыя вершы, – распавядае Алена аб тым, як з’явілася ідэя зборніка
— Як і калі вы пачалі пісаць вершы?
— Мая літаратурная дзейнасць бярэ пачатак яшчэ ў школе. Мяне натхніў забіяка Толік. Мы з ім часта біліся, і ніколі мне не ўдавалася яго перамагчы. Вось аднойчы на занятках па маляванню я напісала гнеўны вершык, але з гумарам. Мне хацелася, каб хто-небудзь за мяне заступіўся. У той дзень некаторыя хлопцы перайшлі на мой бок. Хачу сказаць, што слова — гэта не толькі прыгажосць, але і велізарная сіла. Словы мацней за ўсякія адносіны. Памятаю, як усе прасілі напісаць пра яго яшчэ і яшчэ. Так што са школьнай лавы я пачала пісаць вершы. Калі была ў старэйшых класах, хацела пісаць для душы. Я напісала верш "Многоточие". У школе я пісала пераважна на рускай мове.
— Якія паэты паўплывалі на вашу літаратурную дзейнасць?
— Мае вершы публікавалі ў нашай газеце, і аднойчы мне прыйшоў ліст, у якім мяне запрасілі ў літаратурную гасцёўню на вуліцу Марозава. Я хвалявалася і баялася ісці, бо там былi вядомыя ў Барысаве літаратары. Вельмі на мяне паўплывалі Аляксандр Быкаў, Юры Станкевіч, Таццяна Зіненка. Менавіта пад уплывам Таццяны я вырашыла перайсці на беларускую мову. У маім доме заўсёды гучала беларуская мова. Бабуля размаўляла на роднай мове, таму бар'ера моцнага не было.
Крыху пазней паэтка пачала захапляцца белым вершам. Алена кажа, што «такі верш павінен быць яшчэ большай дасканалым».
Барысаўскі настаўнік і журналіст Іван Белы павіншаваў паэтку:
— Цудоўна, што ваш творчы плён аформілі ў такую кнігу паэзіі. Яна багатая на пачуцці і развагі. Па складу характару і адукацыі вы філосаф, таму вашы вершы вызначаюцца глыбокімі роздумамі. Вашы творы самастойныя, вы кранаеце нейкімі перажываннямі, у вас ёсць філасофія пачуцця. Давайце вашы новыя вершы. Газета "Гоман Барысаўшчыны" чакае іх.
На пытанне, дзе паэтка чэрпае натхненне, яна адказала:
— Крыніца натхнення — гэта нейкія падзеі, людзі. Але аднойчы я доўга працавала над вершам, напісала шмат радкоў, яны былі ўсе вельмі важныя. Увесь дзень пісала, думала, глядзела, мне ўсё не падабалася, усё не тое. Калі я пайшла спаць, у мяне нарадзіўся верш, зусім іншы, але адразу поўны. Я хачу сказаць, што калі чалавек не працуе, у яго нічога не атрымаецца, ніякага верша ў выніку не будзе.
Добро пожаловать в реальность!