Вы ведалі, што ва ўсім свеце прозвішчы, звязаныя са словам «каваль», адны з самых распаўсюджаных, што нашых кавалёў і архітэктараў часта запрашаюць у Еўропу для стварэння гарадскіх скульптур, а на Барысаўшчыне не захавалася ніводнай кузні?
Журналістка ЕX-PRESS.BY завітала ў госці на курсы «Мова нанова», дзе адбылася цікавая сустрэча з таленавітым маладым дызайнерам і кавалём, барысаўцам Алесем Панцялеем, які працуе ў Дудзінцы, i дзе пабудаваў сваю кузню.
Узгадайце фільм «Містэр і місіс Сміт», «Сміт» па-ангельску «каваль». А фільм «Дзеці лейтэнанта Шміта», «Шміт» — гэта таксама «каваль». У польскай амбасадзе пры запаўненні дакументаў на візу ў прыкладзе будзе напісана прозвішча Кавальскі. У Расеі таксама вельмі папулярнае прозвішча Кузнецов, i у нас у краіне можна сустрэць шмат варыяцый са словам «каваль».
Праўда, цяпер у Беларусі не існуе майстэрскіх школ, дзе маладыя кавалі маглі б навучацца гэтаму майстэрству.
— Беларуская акадэмія мастацтваў рыхтуе кавалёў, толькі навучанне накіравана больш на стварэнне эскізаў, а не на практычныя заняткі. Пасля заканчэння акадэміі я вучыўся ў майстроў ва Украіне, Беларусі, Літве і Польшчы, — пачаў размову каваль Алесь Панцялей.
Каваль распавёў пра тонкасці кавальскага рамяства, паказаў свае працы, пагрузіў слухачоў у гісторыю кавальскай справы. Сярод прац майстра былі падковы, меч, замок і ключ, якім больш за 100 гадоў, іншая зброя. Каваль прадэманстраваў фотаздымкі кузняў, а таксама прыгожых каштоўнасцяў, якія рабілі нашы продкі: замкі, крыжы, жырандолі.
Барысаўцы даведаліся, якія зараз праходзяць фестывалі для кавалёў, і як кавалі часам здабываюць балотную руду, а потым яе плавяць, каб атрымаць метал.
Цікава, што родная мова побач з барысаўскім майстрам з дзяцінства. Ён вучыўся ў Старабарысаўскай школе, дзе ў 90-х, калі пачалася беларусізацыя, былі новыя падручнікі на беларускай мове, якія яшчэ мелі водар друкарскай фарбы, яны прыцягвалі вучняў.
Бацькі Алеся таксама размаўлялі па-беларуску, таму хлапец даволі позна даведаўся, што «лук» — гэта не зброя, якая выпускае стрэлы, а цыбуля, якую можна есці. У студэнцкі час каваля таксама акаляла беларускамоўнае асяроддзе: хлапец здымаў пакой у кватэры, дзе жылі маладыя беларускія пісьменнікі і журналісты. У Акадэміі мастацтваў таксама панавала родная мова. Усё гэта спрыяла таму, што для Алеся лагічна размаўляць па-беларуску.
Ён распавёў аўдыторыі шмат цікавага.
– Калі каваль быў нецвярозы, селянін не даваў яму падкаваць свайго каня, бо калі каваль зрабіў кепска сваю працу, каня можна было адразу адпраўляць на каўбасу, — з усмешкай кажа Алесь.
Як паведаміў майстар, у Аўстрыі ў цэлай вёсцы, дзе жылі заможныя кавалі, набылі сабе графскія тытулы. Іншыя жыхары называлі іх “чорныя графы” за тое, што яны былі заўсёды мурзатыя і працавалі з жалезам. Вось наколькі кавалі былі багатыя, што нават усёй вёскай здабылі сабе такі важны тытул.
Па словах Алеся, зараз у Еўропе, каб зрабіць нейкую скульптуру ў горадзе, толькі за ідэю трэба заплаціць 10 тысяч еўра, яшчэ столькі ж аддаць на яе выкананне:
— Але недзе лічаць, што гэта дорага, таму адміністрацыі гораду прасцей запрасіць да сябе нашых кавалёў і архітэктараў, патраціць тры тысячы еўра на іх пражыванне, харчаванне, матэрыялы для скульптуры, і ў выніку атрымаць прыгожы і цікавы праект, які будзе каштаваць значна танней.
Алесь прызнаўся, што праца ў яго ёсць кожны дзень. Калі няма замоваў, ён усё роўна працуе, бо, нарэшце, у яго з’яўляюцца дні, каб нешта зрабіць для сябе. Напрыклад, ён узгадвае, што тры гады хацеў зрабіць сабе стол, і ён бярэцца за яго.
Любы жадаючы можа прыехаць да каваля ў госці. Праўда, пасля таго, як група турыстаў скрала ключ, якому было 200 гадоў, Алесь не праводзіць экскурсіі для вялікіх груп. Калі вас будзе мала, калі ласка, прыязджайце.
Слухачы курсаў беларускай мовы «Мова нанова» падзяліліся ўражаннямі ад сустрэчы з барысаўскай кавалём.
Змiцер:
— Мне вельмі спадабалася сённяшняя сустрэча, асабліва запомніўся замок з сакрэтам, які я адразу змог адчыніць. Канешне, шкада, што кузні, якія былі на Беларусі, страчаны, але я ганаруся, што ў Еўропе і ў суседняй Украіне нашы кавалі ўсё ж такі запатрабаваныя.
Вікторыя:
— Алесь вельмі цікавы і добры аратар. Ён падрабязна расказаў пра сваю працу, пра тое, як эскіз ператвараецца ў каваны шэдэўр, колькі на гэта ідзе часу. Высветлілася, што на Беларусі з каванымі ўпрыгожаннямі цэркваў, касцёлаў ды іншых багатых дамоў праблем не было. Кавалі ладзілі жалезныя кветкі і іншыя малыя геаметрычныя формы задоўга да таго, як Пётр I прывёз гэтае мастацтва з Еўропы. Нашы беларускія кавалі рабілі ня горш, чым еўрапейскія майстры.
Сяргей:
— Мне ўсё спадабалася. Алесь — гэта вельмі цікавы чалавек, ён нават запрасіў нас у госці ў кузню. Я лічу, што трэба абавязкова з'ездзіць да яго.
Змiцер:
— Для мяне хутчэй за ўсё самым цікавым момантам быў аповед пра Паўлюка Багрыма — аўтара аднаго верша і адной жырандолі. У яго былі цікавыя пераломы ў жыцці, у войску быў 25 гадоў, вярнуўся і стаў кавалём. На мой погляд, гэта вельмі цікавая гісторыя.
Добро пожаловать в реальность!