
Алена Брава з Барысава ўвайшла ў склад журы прэміі Гедройца — самай прэстыжнай прэміі беларускіх празаікаў.
Апрача Брава ў журы ўваходзіць яшчэ пяцёра літаратараў. Гэта Міхась Андрасюк, беларускі пісьменнік, які жыве ў Польшчы на Беласточчыне, а таксама Раіса Баравікова, Альгерд Бахарэвіч, Павел Касцюкевіч і Ціхан Чарнякевіч.
Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройца заснавана 28 снежня 2011 года. Яна прысуджаецца за найлепшую кнігу прозы, якая выдадзена (у папяровым або электронным варыянтах) у папярэднім годзе (адносна часу прысуджэння прэміі), на беларускай мове ў жанрах «мастацкая проза» і «эсэістыка».
Заснавальнікамі літаратурнай узнагароды выступілі Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, Польскі Інстытут у Мінску, Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў. Прэмія была названа ў гонар ураджэнца Мінска, польскага публіцыста і палітыка Ежы Гедройца, які ў сваёй культурнай дзейнасці быў паслядоўным прыхільнікам добрасуседскіх зносінаў паміж Польшчай і Беларуссю, Літвой і Украінай.
Спачатку грашовая вартасць прэміі была 10 тысяч еўра, але ўжо ў мінулым годзе яна была скарочана ўдвая.
У гэтым годзе на прэмію спачатку прэтэндавалі 27 аўтараў. Зараз у лонг-лісце прэміі Гедройца засталося 12 кніг. У пачатку верасня журы вызначыць кароткі спіс фіналістаў прэміі, у які ўвойдуць толькі шэсць твораў.
Канчатковы лёс прэміі 2017 года стане вядомы ў кастрычніку.
Даведка ex-Press.by
Алена Брава нарадзілася ў Барысаве. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ, пасля чаго з'ехала з мужам-кубінцам і дачкой на Кубу. Пасля вяртання працавала ў барысаўскай раённай газеце «Адзінства».
У школьныя гады пачала пісаць вершы, імі і дэбютавала ў 1982 годзе на старонках барысаўскай раённай газеты. Юнацкія вершы пазней былі аб'яднаныя ў паэтычны зборнік «На глыбіні каранёў» (2002).
Першы празаічны твор, аповесць «Бязлітасны мой воін», надрукавана ў 2001 годзе ў часопісе «Крыніца». Уражанні ад жыцця на сацыялістычнай Кубе Фідэля Кастра ляглі ў аснову аповесці «Каменданцкі час для ластавак», якая прынесла пісьменніцы вядомасць і ўвайшла ў аднайменны зборнік прозы («Мастацкая літаратура», серыя «Дэбют», 2004).
Аўтар апавяданняў «Тапіць дзяўчатак тут дазволена», «Змяя, пакрытая пёрамі птушкі Сонца», «Ясным ранкам у Абель Сантамарыя»,«Эфект прысутнасці», «Сон піянеркі», «Крупнік для музы», аповесцяў «Імя ценю — святло», «Рай даўно перанаселены», «Дараванне» (2013), рамана «Менада і яе сатыры», якія склалі кнігі прозы «Рай даўно перанаселены» («Галіяфы», серыя «Другі фронт мастацтваў», 2012), «Дараванне/Прощение/Vergebung» («Звязда», 2013).
Лаўрэат літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» (2004) за кнігу «Каменданцкі час для ластавак». Лаўрэат міжнароднай літаратурнай прэміі «Silver Bullet»(«Сярэбраная куля», 2013) выдавецтва «Franc-Tireur USA» (ЗША) за кнігі «Каханне ў ценю казармаў Манкада», «Менада і яе сатыры», «Спектакль у чорным тэатры».
Подпишитесь на
канал ex-press.live
в Telegram и будьте в курсе самых актуальных событий Борисова, Жодино, страны и мира.
Добро пожаловать в реальность!
Добро пожаловать в реальность!
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите
Ctrl+Enter