У спіс са 45 кніг, з якога будзе адабрана лепшая, трапілі дзве кнігі літаратараў, якія маюць дачыненне да Барысава. Зараз яны жывуць у Менску.
Але раней жылі ў Барысаве, скончылі ў нашым горадзе навучальныя ўстановы.
Гэта Кірыл Стаселька, які напісаў празаічны твор “Marginalis”. Яго кніга выйшла ў выдавецтве “Галіяфы” і паспела ўвайсці ў беларускі аналаг Кнігі рэкордаў Гінэса - праект "Рэкорды Куфра”, як самы насычаны твор у беларускай літаратуры па колькасці персанажаў. Кірылу 26 год, ён выпускнік 22-й барысаўскай сярэдняй школы, жыў на вуліцы Чарняхоўскага.
Сабіна Брыла скончыла ў нашым горадзе педагагічную вучэльню, вырасла на бульвары Грэчка. Яна паэт, піша на рускай і беларускай мовах. Яе лічаць адным з самых яскравых прадстаўнікоў паэтычнага андэрграўнда. Кніга яе вершаў “Это буквы” стала падзеяй у літаратурным жыцці Беларусі.
Лепшую кнігу года беларускія літаратары самі абіраюць шляхам інтэрнэт-галасавання. У галасаванні прымае ўдзел 79 беларускіх пісьменнікаў. Дарэчы кніга Сабіны Брыла пакуль займае чацвертае месца па колькасці згадак і такім чынам апынулася ў своеасаблівым шорт-аркушы конкурсу.
Вынік галасавання будзе вядомы 10 сакавіка.
Добро пожаловать в реальность!