Абсурдны загаловак, абсурдная навіна… Як такое магчыма, каб адны з самых яскравых прадстаўнікоў сучаснай беларускай культуры сталі косткай у горле людзям, адказным па працы нібы за росквіт краіны.
Можна толькі ўявіць, як напужала адміністрацыю тэатра гэтае тэлефанаваньне з ласкавай просьбай не праводзіць дадзенае мерапрыемства. Але ж – нічога, гэта ўсяго толькі тэлефанаваньне. Пакуль жа не прыходзяць…І проста дзіва бярэ, як такое тэленафанаваньне можа зьдзейсьніць нармальны і адэкватны чалавек. Пакорпаўся б у сваім радаводзе прадстаўнік органаў пільнаваньня, а можа якраз па яго сваякоў прыходзілі якіх 75 год таму…
Наогул, на першы погляд зусім няясна, навошта пілаваць сук, на якім сядзіш і гнюсна шкодзіць тым людзям, якія ўздымаюць культуру тваёй краіны? Тут варыянты два. Альбо, у структуру дзяржаўных органаў прабраліся чужынцы, якія якраз ставяць за мэту схавана шкодзіць інтарэсам дзяржавы і спрыяць сьціраньню нацыяльнай памяці. Альбо шкодзяць свае ж людзі, беларусы, перад якімі пастаўлена такая задача – зьнішчаць яшчэ ў зародавым стане ўсё тое, што хоць нейкім чынам можа паспрыяць зьменам у грамадзтве.
У тым ліку і думкі. Бо небясьпеку ўяўляюць зусім не бяскрыўдныя сьпевы «Палацу» і ні сам лагодны і паліткарэктны Хаменка. Небясьпеку ўяўляе аўдыторыя гурта. Бо яны любяць сваё, а значыць шануюць гісторыю і наогул занадта шмат разумеюць у гэтых раскладах і можна толькі здагадавацца якія крамольныя думкі зараджаюцца ў іхніх галовах, калі яны слухаюць «Як пайду я ў новую канюшню».
Цікава, а што скажа міністар Латушка ды іншыя дзяржслужачыя, якіх «палацаўцы» хацелі запрасіць на канцэрт. Ды нічога – 100%. Усе прамаўчаць. І пакуль усе мы будзем маўчаць і выконваць незаконныя загады ды слухацца просьбаў з боку прайдзісьветаў, нас будуць таптаць. А там глядзіш і сапраўды – не патэлефануюць, а прыйдуць. Па цябе самога.
Добро пожаловать в реальность!