10 лістапада ў гісторыка-культурным музеі-запаведніку "Нясвіж" пройдзе дабрачынны палацавы баль — першы з часоў Радзівілаў.
Новы праект, арганізатарамі якога выступілі ТАА "Берын арт менеджмент", Міністэрства культуры і нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік "Нясвіж" пры падтрымцы Мінскага аблвыканкама, ставіць мэтай адрадзіць старадаўнюю традыцыю беларускіх баляў.
У дзействе возьмуць удзел больш як 170 артыстаў, а таксама 15 творчых калектываў з Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі і Ірландыі. Сярод іх — сімфанічны аркестр Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, фальклорна-этнаграфічны калектыў "Неруш", сярэднявечны вулічны тэатр "Дэгрыза", ансамбль "Тутэйшая шляхта", студыя гістарычнага танца "Версаль", квартэт "Асторыя", Нясвіжскі тэатр імя Уршулі Радзівіл, нямецкі кавер-гурт Sculer Cover Band.
Як паведаміў прадзюсар Максім Берын, сярод ганаровых гасцей балю — народныя артысты Беларусі Аляксандр Яфрэмаў, Вольга Гайко і Віктар Манаеў, народныя артысты Расіі Станіслаў Гаварухін і Дзмітрый Харацьян, заслужаная артыстка Расіі Анастасія Валачкова, якая прыедзе ў Нясвіж са сваім балетам.
Сустракаць гасцей балю разам з вядучымі Алінай Краўцовай (Беларусь) і Маратам Башаравым (Расія) будуць пераможцы конкурсаў "Міс Беларусь — 2008" Вольга Хіжынкова і "Міс свету — 2003" актрыса Разана Дэвідсан, дачка папулярнага спевака Крыса дэ Бурга.
Паводле слоў Берына, ноччу адбудзецца дабрачынны аўкцыён па зборы сродкаў на аднаўленне помніка гісторыка-культурнай спадчыны XVI стагоддзя Навагрудскага замка.
Намеснік дырэктара музея-запаведніка "Нясвіж" Наталля Жарко паведаміла, што баль будзе праходзіць ва ўсіх залах палаца.
Вольга Хіжынкова падзялілася, што ёй баль бачыцца таямнічым, сакральным вандраваннем у часе, у выніку якога "адродзіцца гістарычны помнік, у якім пісаўся летапіс нашай дзяржавы".
Першы намеснік міністра культуры Уладзімір Карачэўскі запэўніў, што кошт білетаў на баль будзе "прымальным пры цяперашніх зарплатах". У той жа час ён заўважыў, што "гэта баль, на які трэба патраціцца і падрыхтавацца да яго сур'ёзна — туды ў джынсах і красоўках не прыйдзеш".
Добро пожаловать в реальность!