Халакост у Другую сусветную, непрыхаваны антысемітызм савецкага часу і нацыянальная аднароднасць сучаснага Барысава выдалілі з гарадской памяці тое, што значнае месца ў яго станаўленні і развіцці займалі яўрэі. Аднак і ў наш час у гарадской прасторы знаходзяцца сведчанні яўрэйскага ўнёску ў барысаўскую гісторыю, прыгадаць пра якую – наш абавязак.
Значнае месца ў гарадской культуры Барысава яўрэі пачынаюць мець з канца XVIII стагоддзя, калі мяжа яўрэйскай аседласці ажно да Першай сусветнай вайны выключыла для іх магчымасць засваення расійскіх прастораў. Як і ў іншых беларускіх гарадах, яўрэі Барысава складалі значную частку гарадскіх рамеснікаў, купцоў, карчмароў і дробных гандляроў. Напачатку ХХ стагоддзя яўрэі ўжо складалі абсалютную большасць сярод насельніцтва горада, у 1917 г. у горадзе было 13 сінагог.
Калі верыць перапісу, у 1939 г. 20% насельніцтва Барысава (больш за 10 тыс. чалавек) складалі габрэі. Насамрэч гэты адсотак быў яшчэ большым: многія з прычыны савецкага антысемітызму не афішавалі сапраўдную этнічную прыналежнасць, запісваліся рускімі ці беларусамі. Але Другая сусветная і Халакост перакрэслілі ход гісторыі – яўрэйскае насельніцтва Барысава амаль цалкам было знішчана ўсяго за два дні: 20-21 кастрычніка 1941 г. было расстраляна 7245 барысаўскіх яўрэяў. На сённяшні момант, як адзначае выбітны барысаўскі краязнаўца Аляксандр Розэнблюм, у Барысаве пражывае не больш за 250 яўрэяў.
Сінагогі
Першая сінагога ў Барысаве ўзгадваецца ў 1732 г. – яна знаходзілася на вул. Замкавай, непадалёк ад касцёла. У сярэдзіне ХІХ ст. у горадзе ўжо існавала 5 сінагог, але першая мураваная іўдзейская святыня з’яўляецца толькі ў 1866 г.
Вялікая сінагога. Пабудавана ў 1913 г. Плошча – 483 кв.м. Мела высокія столі і вылучалася вітражнай шасціканцовай зоркай.
У савецкі час была пераўтворана ў рабочы клуб, а пасля рэканструкцыі 1962 г. цалкам згубіла свой пачатковы ўнутраны выгляд: у прыватнасці быў узведзены другі паверх.
Сінагога "Хэўрэ Тылім" была пабудавана ў 1911 г.
Сінагога пачатку ХХ ст.
Навучальныя ўстановы
Яўрэйская школа на Дзяржынскага
Пачаткова – жаночая гімназія. Была пабудавана ў пачатку ХХ ст. У савецкі час у будынку размяшчалася яўрэйская школа.
Яўрэйская школа "Талмуд Тора"
Навучальная уста нова для хлопчыкаў з малазабяспечаных сем'яў. Выпускнікі школы маглі паступаць у ешыву.
Могілкі
Самыя старыя яўрэйскія могілкі ў горадзе існавалі ў пачатку цяперашняй вуліцы Дзяржынскага. Але іх паглынула гарадская забудова.
Яўрэйскія могілкі каля вул. Заслонава
Могілкі знаходзяцца паміж вуліцамі Заслонава, 1-га Мая, Новая і Віцебская. Плошча - 1,1 га. Верагодна, што хаваць на гэтых могілках пачалі ўжо ў савецкі час.
Яўрэйскія могілкі на завулку Агранамічным
Могілкі існуюць з ХІХ ст. Найбольш старое з выяўленых пахаванняў адносіцца да 1902 г. Тут пахаваны рабін Мінска Й. Перэльман. Тут знаходзіцца помнік ахвярам ГУЛАГа.
Барысаўскі аб'яднаны музей
У музеі прысутнічае невялічкая экспазіцыя, прысвечаная яўрэйскай гарадской культуры. Гонар экспазіцыі – стогадовая Тора.
Добро пожаловать в реальность!