Пра што сведчаць хістанні ў дзеяннях уладаў? І хто прапануе «перагарнуць старонку»? На гэтыя ды іншыя пытанні Филину адказаў палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст.
— У телэграм-канале прэс-сакратара МЗС Анатоля Глаза апошнія тры допісы маюць наступную паслядоўнасць. 17 ліпеня ён заклікаў беларусаў ганарыцца бязвізам для 35 еўрапейскіх краін, а заадно і пакпіў з лідараў ЕС. 20 ліпеня Глаз пісаў пра Рыка Крыгера, асуджанага на смерць беларускім судом. А 22-га паведаміў пра візіт новага міністра замежных спраў у КНДР.
Што гэты ланцужок падзей, які склаўся за надзвычай кароткі час, кажа пра актуальны стан знешняй палітыкі краіны?
— На маю думку, знешняя палітыка ў цэлым паслядоўная. Бо вось гэты самы бязвіз для 35 краінаў — гэта хутчэй прапагандысцкая акцыя.
Маўляў, вы зачыняецеся ад нас, Літва, Латвія і Эстонія забараніла ўезд на аўто з беларускімі нумарамі, Польшча дазваляе яго толькі ўладальнікам аўто, таксама ўведзена забарона на вываз пэўных тавараў. Ну, а Беларусь наадварот адчыняе свае межы, лібералізуе памежны рэжым.
Дарэчы, варта звярнуць увагу на цікавую рэпліку былога дыпламата Паўла Слюнькіна. Ён распавёў, як 2017-2018 гадах адбываўся працэс нармалізацыі адносінаў паміж Беларуссю і Захадам, своеасаблівы «мядовы месяц».
І тады МЗС прапаноўваў акурат гэта, наземны бязвіз, але сілавікі гэтаму супрацьдзейнічалі. Але зараз зусім іншая эпоха і ў цяперашняй сітуацыі назваць шчырым гэты жэст — жэст гатоўнасці да дыялогу, да паляпшэння адносінаў — не выпадае.
Гэта ўздзеянне хутчэй на сваё насельніцтва. І можа не столькі, што беларусы парадуюцца за заходнікаў, колькі пакрыўдзяцца на іх яшчэ мацней. Бо ўсе гэтыя абмежаванні, пра якія мы гаворым, усё ж многіх людзей раздражняюць.
Далёка не ўсе выбудоўваюць лагічны ланцужок, што гэта ўсё робіцца з той прычыны, што Лукашэнка вядзе такую палітыку, што ён у гэтым вінаваты. Хтосьці такі ланцужок праводзіць, а хтосьці і не.
Хтосьці ўчора ездзіў, а сёння яму ўжо не можна. Нельга мінеральную ваду везці, скрынку цукерак. Не прывязеш з Польшчы дыван. І кагосьці гэта раздражняе. А ўлады гэта падмацоўваюць: паглядзіце, а мы вось адкрытыя.
Сказаць, што гэта будзе мець вялікі эфект на новыя заходнія краіны? Наўрад ці. У гэтым сэнсе такая палітыка адкрытасці дзейнічае даўно адносна Польшчы, Літвы і Латвіі. І адтуль сапраўды едзе нямала людзей.
Не варта чакаць, што са Швецыі, Нямеччыны ці Партугаліі пойдзе значны паток. Нехта паедзе, але наўрад ці гэтых людзей будзе шмат. А вось умацаваць антызаходнія памкненні можна, пра што і сведчыць гэтая заява Глаза.
Сігналы можна пасылаць розныя. І пра тое, што мы выбудоўваем адкрытасць, хоць я паўтаруся, што тут акцэнт хутчэй робіцца на ўнутраную аўдыторыю. А што тычыцца немцаў, то ім пайшоў сігнал пра тое, што мы суверэнная дзяржава.
Вось і Аляксей Дзермант пра гэта напісаў: маўляў, менавіта так праяўляецца наш суверэнітэт — мы можам расстраляць чалавека. Які, дарэчы, нікога не забіваў. Працэс быў закрыты, але з прысуду не вынікае, што дзякуючы яго дзеянням загінуў чалавек ці людзі. Там усё неяк цьмяна, гаворка пра датычнасць да тэракту.
Я думаю, што гэта можа быць запрашэнне да гандлю. Не думаю, што яго расстраляюць як тых жа Канавала і Кавалёва. Думаю, будуць весціся перамовы. Лукашэнка можа яго памілаваць па просьбе ўрэшце рэшт. Але тады павінна быць просьба.
Што тычыцца паездкі Рыжанкова ў КНДР, то гэта, што называецца, на хвасце ў Пуціна. Той з’ездзіў, цяпер Беларусь перадае прывітанне Паўночнай Карэі ў выглядзе новага кіраўніка МЗС.
Гэта такая геаграфія: першы ягоны візіт быў у Кітай, а цяпер вось у Пхеньян. Гэта не Расія, але я думаю, што гэты візіт вельмі звязаны з візітам туды Пуціна, які быў даволі гучным і будзе мець вялікія наступствы.
І ў гэтым сэнсе, калі зводзіць у адно гэтыя пасланні, атрымліваецца, што з Захадам мы гуляемся, вядзём палітычны гандаль, а браты нашы вось там.
— Пра што можа сведчыць хуткасць змены рыторыкі і супярэчлівасць дзеянняў уладаў? Бо ўчора мы чулі пра натоўпы патрыётаў, якія нібыта рваліся ў ваенкаматы, а сёння ўжо «ўкраінцы ўсё зразумелі» і таму мы адводзім войскі. Уводзім бязвіз, маючы ў актыве першы смяротны прысуд у дачыненні да замежніка, да еўрапейца.
— Хуткая змена рэгістраў у тэме Украіны выклікае ў мяне шмат пытальнікаў. Не зразумела, ці было ўвогуле ўмацаванне, канцэнтрацыя ўкраінскіх войскаў на мяжы. Ці была там нейкая ратацыя, ці ўвогуле нічога не было?
Усё гэта нагадвае стары анекдот пра габрэя, які паскардзіўся равіну на цяжкае жыццё. Маўляў, кватэра малая, дзяцей шмат, шумна, брудна. А той яму параіў купіць казу. І калі праз нейкі час той стаў скардзіцца яшчэ больш, сказаў казу прадаць. І тады габрэй узрадаваўся: «Рэбе, жыццё такое добрае!»
Самі сваімі рукамі абвастрылі сітуацыю, нагналі на мяжу з Украінай войскі, а потым заявілі, што мы пра ўсё дамовіліся. Як казаў Шцірліц, запамінаецца апошняе. Лукашэнка — міратворац. Ён пайшоў насустрач украінцам, ён здолеў з імі дамовіцца.
Мне цяжка сказаць, навошта гэта было зроблена, калі гэта не рэакцыя на канкрэтныя дзеянні. Бо калі б украінцы насамрэч спачатку падцягнулі частку войскай да мяжы, а потым адвялі, то па-свойму гэта было б лагічна.
Як лагічная і сітуацыя анекдота: самі справакавалі крызіс, самі ж паспяхова яго і вырашылі. А ўкраінцы сядзяць і не разумеюць, пра што ўвогуле размова.
Не выключана, што вось гэтыя ваганні — і гэтая сітуацыя, і тая, якую мы разгледзелі вышэй — азначаюць, што ў атачэнні Лукашэнкі растуць супярэчнасці.
Я не кажу, што там нехта за дэмакратыю, а нехта за дыктатуру. Не, там усе людзі рэжыму. Але, сыходзячы нават з інтарэсаў рэжыму, розныя людзі па-рознаму бачаць, што і як лепш рабіць.
Гэта звычайны падзел паміж ястрабамі і галубамі. Адны лічаць, што трэба маніпуляваць, дурыць, а другія выступаюць за тое, каб душыць, ціснуць, гнабіць. І паміж імі, не выключана, у працэсе ўзнікаюць супярэчнасці.
Адпаведна, мы бачым супярэчлівыя, рознанакіраваныя крокі, калі не зразумела, якая роўнадзейная ўлічваецца пры прыняцці рашэнняў. Улічваецца нібыта і тое, і тое. Гэта магчыма, але я тут да канца не ўпэўнены. Бо гэта чорная скрыня, дзе мы не ўсё ведаем.
Прыкладам такога можа быць палітыка вяртання, якая, што называецца, ні два, ні паўтара. З аднаго боку мы абвяшчаем, што вяртаем людзей, што дзеля гэтага камісія створаная.
А з іншага боку мы ведаем, што функцыі гэтай камісіі так абмежаваныя, што дзясяткі, сотня, можа некалькі соцень вярнуліся. І ўсё. Гэта не палітыка.
На мой погляд, так атрымалася таму, што быў выбраны кампрамісны варыянт паміж рознымі групамі, якія прымаюць рашэнні.
Адна група — гэта хардлайн. Душыць, гнабіць, ніякіх паслабленняў, усіх перасаджаем, хто вернецца. А другая група кажа, што трэба неяк лягчэй, што трэба перагарнуць старонку, дараваць.
І паколькі іх падыходы па сутнасці несумяшчальныя, то была ўзятая сярэдняя арыфметычная. Добра, мы дамо магчымасць людзям вярнуцца. Але на такіх умовах, якія фактычна выключаюць гэтае вяртанне.
Атрымаўся такі абсурд, але з унутрысістэмнага пункту гледжання гэта лагічны кампраміс. І магчыма, што гэты ківач, пра які вы згадалі, калі з аднаго боку бязвіз для 35 краін, а з другога боку мы расстрэльваем, гэта прыкмета таго, што розныя людзі рознае раяць.
Хоць, у прынцыпе, гэтыя ідэі можна сумясціць. У адным выпадку мы робім пасланне найперш беларусам — якая мы добрая краіна. А ў другім — мы добрыя, так. Але мы і строгія.
Ну вось, тэрарыст, што вы хочаце. Узялі і прысудзілі да смерці. Мы і такія, і такія. То бок наўпроставай лагічнай супярэчнасці тут нібыта і няма.
— Некаторыя эксперты сцвярджалі, што нядаўняе вызваленне невялікай часткі палітзняволеных было сітуатыўным рашэннем уладаў. Адпаведна, на іх думку, гэта была разавая акцыя. На днях старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала анансаваў працяг гэтай гісторыі. На вашу думку, чаму ўлады вырашылі працягнуць?
— Гэта можа сведчыць акурат пра тое, пра што мы толькі што гаварылі. Пры ўсёй умоўнасці, усё ж ёсць у атачэнні Лукашэнкі розныя людзі, з рознымі падыходамі. Яны ўсе, безумоўна, адэпты сістэмы, там няма лібералаў, праеўрапейцаў.
Але некаторыя з іх лічаць, гледзячы па ўсім, што заціскаць да ўпору ўсе спружыны небяспечна. Бо гэта можа спарадзіць абсалютна нечаканы вынік для сістэмы. Не тое, каб рэвалюцыю, але хтосьці напэўна ж ведае пра наступствы вялікага тэрору.
Бо вядома, што калі гэты каток будзе доўга каціцца, то ён можа рана ці позна наехаць і на апарат. А гэтыя людзі не хочуць паўтарэння 1937-га датычна апарата.
Магчыма, ёсць пэўныя эканамічныя меркаванні, якія падштурхоўваюць да вырашэння гэтай праблемы. Таксама людзі могуць лічыць, што трэба гуляць з Захадам, рабіць нейкія прапановы.
У рэшце рэшт, вызваленне дзясяткаў людзей, магчыма, да сотні, прынцыпова не мяняе сітуацыю. Цікавы ў гэтым сэнсе каментар прапагандыста Ігара Тура. Я выношу за дужкі ягоныя ацэнкі, але ён часам агучвае нейкія павевы адтуль.
І вось ён піша, што мы выйгралі, што сілавікі гарантуюць поўную бяспеку на выбарах. А тады чаму б і не зрабіць такі жэст? Я думаю, што і такая логіка можа быць: прыйсці на выбары з дэманстрацыяй яшчэ адной сваёй перамогі.
Маўляў, мы можам вызваляць, бо яны ўжо не ўяўляюць небяспекі. Бо сістэма не мае больш пагрозы з боку гэтых людзей, увогуле ад гэтай плыні. Таму можам вызваляць. Плюс да таго — гандаль з Захадам.
Вы прыгадалі Рыжанкова. Так, у яго цяпер візіт у КНДР, але з ягоных жа вуснаў прагучалі ў бок Польшчы словы пра магчымасць дамаўляцца.
У Польшчы гэтая прапанова, мякка кажучы, не выклікала энтузіязму. Але гэта таксама частка пэўнай кампаніі спакушэння і піяру.
Бо калі другі бок на гэта адказвае, што нам няма пра што з вамі размаўляць, то нехта скажа, што гэта правільна. А нехта, магчыма і на Захадзе, зверне ўвагу: гэты бок прапаноўвае, а гэты не хоча размаўляць.
Вось і гэты анонс вызвалення можа мець тое самае на мэце: мы вось раз вызвалілі, два вызвалілі, а той бок нам за гэта нічога. Мы добрыя, а яны кепскія.
Мы ж вам пра гэта ўвесь час гаворым, а тут вось нашыя гуманныя крокі не знаходзяць водгукаў. Які тут разлік, ці атрымаюць яны нейкі адказ з Захаду, не ведаю.
Для мяне тут вельмі цікавая сустрэча Ціханоўскай з Орбанам. Гэта мая гіпотэза — яна магла дамаўляцца з ім, каб ён падключыўся да вызвалення палітзняволеных. Гэта дало б яму шмат бонусаў ва ўнутранаеўрапейскай гульні.
Акрамя таго, пры гэтым недзе на заднім плане маячыў бы Трамп. Орбан — адзіны еўрапейскі палітык, які шчыльна кантактуе з экс-прэзідэнтам ЗША.
Не выключана, дарэчы, што гэтая схема магла быць абгавораная яшчэ і да сустрэчы Ціханоўскай з венгерскім прэм’ерам паміж Мінскам і Будапештам. Я не выключаю такога. Гэта было такое сфакусаванае пасланне і Брусэлю, і Трампу.
А чаго тут чакаць ад Масквы? У прынцыпе, гэта такія даволі асцярожныя крокі. Масква, канечне ж, не хоча, каб Лукашэнка вёў нейкія свае гульні з Захадам, нават ў яе інтарэсах.
І таму там на гэта глядзяць так: няхай сабе пагуляе, тым больш, што гэта ў прынцыпе на нашу ж карысць. Але раптам — крок адзін, другі, трэці — і беларусы ўжо там?
Я разумею, канечне, што гэта такая абсурдная схема, і ці яшчэ разважае хтосьці так у Маскве, але нейкія ўнутраныя чырвоныя лініі там для Лукашэнкі праводзяцца.
І кожны раз, калі ён робіць нейкія крокі, нават калі тлумачыць пры гэтым, што ён такім чынам дурыць Захад, што ён траянскі конь Расіі там, то ў Маскве яму ківаюць, кажуць «так, малайчына», а самі пры гэтым думаюць: «А можа ты траянскі конь тут? Іхні конь».
І ўсё ж я думаю, што на такія асцярожныя пакуль крокі ў Маскве махнуць рукой. Маўляў, добра. Так можна.
Добро пожаловать в реальность!