Калі Польшча перакрые транзыт зь Беларусі — добра ці кепска гэта будзе для беларускага народу? Ці зьбіраецца Латушка каяцца за службу ў Лукашэнкі? У чым ён гатовы на кампраміс зь меншасьцю ў Каардынацыйнай радзе?
На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на "Свабодзе" адказвае кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня, чалец Аб’яднанага пераходнага кабінэту, дэлегат Каардынацыйнай рады Павал Латушка.
— На пасяджэньні АПК абмяркоўвалася стратэгія на выбарчую кампанію 2025 году. Ці прынятая яна?
— Важна зразумець, што ня толькі Абʼяднаны пераходны кабінэт гэта вырашае. Тут будзе вельмі важным голас Каардынацыйнай рады (КР), вельмі важным будзе голас Сьвятланы Ціханоўскай, вельмі важным будзе голас арганізацыяў няўрадавага сэктару.
Я думаю, што ўсе гэтыя прапановы будуць разгледжаныя падчас канфэрэнцыі «Новая Беларусь», якая адбудзецца 3–5 жніўня ў Вільні.
Наша кааліцыя, наша фракцыя ў КР выступае за мабілізацыю грамадзтва падчас выбарчай кампаніі. Мы — за лятэнтную палітызацыю. Гэта такія актыўныя дзеяньні, якія не прыводзяць наўпрост да адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасьці. Лукашэнка выцягнуў сваю стара-новую зброю ў выглядзе Пяткевіч, Рыжанкова, Маркава, якія будуць адказваць за арганізацыю інфармацыйна-прапагандысцкага суправаджэньня перапрызначэньня Лукашэнкі на ўзурпаванную ім пасаду.
Наша задача — яшчэ раз пацьвердзіць, што ён «задзяўбаў», што яго час даўно скончыўся. Калі, напрыклад, заўтра Лукашэнка памрэ, грамадзтва павінна тады быць гатовае дзейнічаць. Таму я і кажу пра неабходнасьць лятэнтнай, бясьпечнай палітызацыі.
Тыя, хто захоча галасаваць за Лукашэнку, павінны разумець, што яны будуць галасаваць за злачынцу, якому месца ў турме. Санкцыі не адменяць, пакуль Лукашэнка будзе панаваць у нашай краіне.
— Апошні пакет санкцыяў ЭЗ адносна Беларусі мае шмат наступстваў. У прыватнасьці, гэта абмежаваньні на вываз з тэрыторыі ЭЗ тавараў фізычнымі асобамі — беларусамі. Як вы ацэньваеце гэтыя абмежаваньні — добра гэта ці кепска? Ці можаце вы дамагчыся іх карэктаваньня?
— Мы заўсёды выступалі за гарманізацыю санкцыяў адносна Расеі і Беларусі, але санкцыяў, якія бʼюць менавіта па рэжыме. Мы ніколі не прапаноўвалі санкцыі адносна фізычных асобаў. Але падчас вайны немагчыма сядзець на двух крэслах. Украіна вядзе вельмі цяжкую вайну, абараняючы сваю дзяржаўнасьць. Рэжым Лукашэнкі спрыяе гэтай агрэсіі. Менавіта ён вінаваты ў тым, што нас часта трактуюць як частку таго боку, які зараз ваюе супраць Украіны. Я не гатовы дыскутаваць наконт таго, што беларусы ня змогуць увезьці імпартны плястыкавы ўнітаз ці дыван. Наўрад ці гэта настолькі важныя тавары, калі Расея пры дапамозе Лукашэнкі забівае ўкраінскіх дзяцей.
— Польшча не выключае спыненьня чыгуначных зносінаў зь Беларусьсю, таварнага транзыту, у тым ліку і кітайскага. Асноўная прычына — рукатворны міграцыйны крызіс, зладжаны Лукашэнкам. Новы міністар замежных справаў Максім Рыжанкоў прапанаваў Варшаве перамовы аб сытуацыі на мяжы. Што лепш для Беларусі, для беларускага народу — каб перакрылі транзыт ці каб не перакрывалі?
— Слухайце, давайце вырашым, што нам лепш — глядзець на тое, як зьнішчаюць нашу дзяржаву, як зьнішчаюць нашу беларускую нацыю, глядзець на тое, як Лукашэнка забівае беларусаў у турмах, як трымае за кратамі тысячы палітвязьняў?
Калі мы згодныя на гэта глядзець, то давайце тады проста выступім за тое, каб прызнаць Лукашэнку, прапанаваць усім заходнім амбасадарам уручыць яму даверчыя лісты. Я не падтрымліваю такі падыход. Тое, што кажа Рыжанкоў — гэта поўная хлусьня і падман. У апошнія дні на тэрыторыі Латвіі і Польшчы былі зафіксаваныя чарговыя спробы дывэрсіяў у адносінах да цывільных абʼектаў. І гэтыя краіны вымушаныя рэагаваць. Яны перадусім думаюць пра сваю бясьпеку. Але мы ўвесь час кажам нашым замежным партнэрам — разьмяжоўвайце, адрозьнівайце рэжым і народ. Аднак гэтыя краіны, на жаль, усё больш будуць выбіраць бясьпеку. Вінаваты ў гэтым Лукашэнка і такія яго памагатыя, як Рыжанкоў.
— Як вы ставіцеся да рэформы «Белсату», абвешчанай польскімі ўладамі? Ці можна неяк скарэктаваць гэтае рашэньне?
— Мы выступаем за захаваньне самастойнасьці «Белсату». Мы выступаем за тое, каб беларускае вяшчаньне працягвалася. Гэта адзіны дэмакратычны тэлеканал для беларусаў. Я асабіста правёў сустрэчу з упаўнаважаным міністра замежных справаў Польшчы, які адказвае за барацьбу з дэзынфармацыяй і курыруе «Белсат». У мяне адбылася ў пятніцу сустрэча з намесьнікам міністра замежных спраў. Мы стаім тут на баку «Белсату». Але падаткі на яго ўтрыманьне плацяць грамадзяне Польшчы. Мы будзем адстойваць свой пункт гледжаньня, але рашэньне — за ўладамі гэтай краіны.
— Натальля Радзіна, галоўная рэдактарка выданьня «Хартыя97», нядаўна заклікала вас пакаяцца за службу ў Лукашэнкі. Не зьбіраецеся?
— Я быў адзіным міністрам, які гаварыў па-беларуску. Я б вельмі хацеў, каб у дэмакратычным руху быў ня я адзін — былы міністар, а каб такіх людзей было шмат. Пры падыходах як у Радзінай мы ніколі ня прыйдзем да расколу элітаў. А безь яго мы будзем яшчэ дзесяцігодзьдзямі змагацца за дэмакратычныя зьмены ў Беларусі. Дзейных чыноўнікаў трэба заахвочваць да супрацы з дэмакратычнымі сіламі, а такія заявы адбіваюць у іх ахвоту да гэтага. Нашто тады чыноўніку ісьці да дэмсілаў? Рэжым адкрывае супраць яго крымінальныя справы, адбірае маёмасьць, перасьледуе яго сваякоў. І пры гэтым ён атрымлівае ў карак і ад дэмсілаў. На халеру мне гэта трэба, лепш буду сядзець ціха пад Лукашэнкам, — думае ён.
— Крызіс у КР вырашаны. Рэглямэнт зьменены, кіраўніцтва абранае. Вы задаволены тым, як ён вырашаны?
— Гэта не пытаньне — задаволены ці не задаволены. Я не лічу, што быў крызіс. Гэта нармальны працэс пасьля фармаваньня ўпершыню на падставе прамых выбараў. Гэта нармальная рэформа. Усе тыя фракцыі, якія стварылі большасьць, ішлі на выбары з тымі мэтамі, якіх і дамагліся. Існавала і ёсьць частка складу КР, якія маюць іншы пункт гледжаньня. Ніхто не перашкаджаў ім кансалідаваць вакол сваіх падыходаў большасьць. Блёк «Каманда Латушкі і руху „За Свабоду“» мае 28 галасоў з 80-і. Гэта відавочна ня большасьць.
Добро пожаловать в реальность!