У многіх, хто ўважліва назіраў за выбарамі ў Каардынацыйную раду, было ўстойлівае адчуваньне, што нешта падобнае ўжо бачылі ў недалёкім мінулым. Ня столькі па форме, колькі па сутнасьці, пiша палiтолог Валер Карбалевiч.
Так, гэтыя выбары ў чымсьці нагадвалі праймэрыз, які ладзіла тытульная апазыцыя ў пачатку 2020 году, каб выбраць адзінага кандыдата на прэзыдэнцкія выбары. Тая кампанія ня трапіла ў нэрву грамадзкіх чаканьняў, прайшла па-за ўвагай шырокай публікі, скончылася скандалам, палітыкі перасварыліся. У выніку апазыцыя рыхтавалася да байкоту выбараў. Сапраўдная палітычная барацьба ў той год пайшла іншым шляхам. Апазыцыйныя палітыкі (далёка ня ўсе) ледзь пасьпелі заскочыць у апошні вагон цягніка, які адыходзіў.
Агульнае ў гэтых кампаніях тое, што як тады, так і цяпер палітыкі ня трапілі ў фокус грамадзкіх настрояў. А можа, ня вельмі і імкнуліся да гэтага. Бо ці ня бачылі ў гэтым патрэбы, ці выбіралі больш камфортныя для сябе ўмовы.
Выбары ў КР першапачаткова задумваліся як альтэрнатыва выбарам у Палату прадстаўнікоў і ў мясцовыя саветы, якія ладзілі беларускія ўлады 25 лютага. Але не пасьпелі падрыхтаваць. І ня вельмі засмуціліся з гэтай нагоды. Маўляў, якая розьніца, усё роўна ўсе бачаць кантраст паміж сапраўднымі выбарамі ў нас і імітацыяй у іх.
Справа ў тым, што хоць 25 лютага ў Беларусі сапраўдных выбараў не было, але была палітычная кампанія пад умоўнай назвай «Адзіны дзень галасаваньня».
Любая палітычная кампанія палітызуе грамадзтва, тым больш тая, якую штучна разгортваюць улады. Калі б выбары КР праводзіліся ў тыя лютаўскія дні, яны трапілі б у рэзананс з увагай насельніцтва да палітыкі. Але замест таго, каб прапанаваць беларусам альтэрнатыву, згуляць на кантрасьце паміж дэкарацыяй, сурагатнымі выбарамі, якія ладзяць улады, і рэальным, канкурэнтным выбарчым працэсам, арганізаваным апанэнтамі, апазыцыя заклікала да байкоту. Можна меркаваць, што калі б галасаваньне ў КР было праведзена 25 лютага, то вынікі былі б зусім іншымі. Вядома, колькасьць удзельнікаў не дайшла б да 1 млн, як у 2020 годзе (столькі людзей паведамілі пра вынікі свайго галасаваньня) ці нават да 200 тысяч, як падчас рэфэрэндуму 2022 году, але ўсё роўна лічба была б у дзясяткі разоў большай, чым цяпер.
Досьвед шматгадовай дзейнасьці «старой» апазыцыі паказвае, што калі не трапляеш у фокус, у рэзананс з грамадзкімі настроямі, то хутка апынаесься ў палітычным гета, дзе доўгі час будзеш гуляць у дзіцячай пясочніцы, ладзячы барацьбу фракцый, стварэньне кааліцый, аб’яданьні-разьяднаньні, прымаючы ўсё гэта за рэальную палітыку.
Самае парадаксальнае ў тым, што найбольшую ўвагу да выбараў у КР выявілі беларускія ўлады. І прынялі беспрэцэдэнтныя захады, каб іх сарваць. І сама КР, і ўсе выбарчыя сьпісы былі абвешчаны экстрэмісцкімі фармаваньнямі. Супраць усіх 257 кандыдатаў распачатыя крымінальныя справы, а іх маёмасьць у Беларусі арыштаваная. Блякаваліся сэрвісы VPN у Беларусі, была ўчыненая DDOS-атака на выбарчую аплікацыю. Захады, зробленыя ўладамі, можна параўнаць хіба з тымі, якія рабіліся ў інфармацыйнай прасторы ў першыя дні пасьля выбараў 2020 году.
Зь якой прычыны такая нэрвовая рэакцыя? Бо робіцца спроба стварыць альтэрнатыўны орган улады. Менавіта яго не хапіла пратэстоўцам у крытычныя дні 2020 году, каб пераламіць сытуацыю на сваю карысьць. Калі б цяпер у выбарах КР узялі ўдзел сотні тысяч беларусаў, гэта стала б важным чыньнікам уплыву на беларускую сытуацыю.
З 1918 году існуе Рада БНР — таксама альтэрнатыўны орган улады. Але цягам 30 гадоў кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі гэтая структура яго мала хвалявала. Ён успрымаў яе як нейкае непаразуменьне, гістарычны кур’ёз. Праўда, летась і яна трапіла пад агульную кампанію перасьледу ўсіх неляяльных замежных структур, супраць Рады БНР Генпракуратура Беларусі завяла шэраг крымінальных справаў. Але да такіх маштабаў рэпрэсій, як супраць КР, справа не дайшла.
Гэта тлумачыцца там, што да 2020 году легітымнасьць улады Лукашэнкі большасьць насельніцтва Беларусі ня ставіла пад сумнеў. Можна было не баяцца такіх сымбалічных структур, як Рада БНР. А масавыя пратэсты ўсё памянялі.
Палітычная вага Рады БНР грунтуецца на падзеях больш як 100-гадовай даўнасьці. А Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт, Каардынацыйная рада паўсталі як вынік народнага выбуху 2020 году. Яны могуць стаць сапраўды альтэрнатыўнай уладай у нейкі крызісны момант. Гэта зараджанае ружжо, якое да пары да часу вісіць на сьцяне.
...Як бы там ні было, КР выбраная. Што далей?
Першая праблема палягае ў тым, што КР так і не вызначылася, якое месца павінна займаць у канфігурацыі іншых апазыцыйных структур. Ці гэта парлямэнт у выгнаньні, які можа ўплываць на рашэньні выканаўчых органаў (Офісу Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднанага пераходнага кабінэту)? Ці дыскусійны клюб, які павінен гарманізаваць розныя, часам канфліктныя інтарэсы і настроі групаў, і арганізацыя беларускай дыяспары?
Меркавалася, што пасьля выбараў КР будзе прэтэндаваць на статус протапарлямэнту. Бо ягоная палітычная вага павінна падвысіцца. Па-першае, Рада выбраная на дэмакратычных выбарах. Па-другое, легітымнасьць КР сьвежая, а не чатырохгадовай даўнасьці.
Аднак колькасьць людзей, якая ўдзельнічала ў выбарах, перакрэсьлівае гэтыя аргумэнты. Можна меркаваць, што сьпікерам рады будзе выбраны кіраўнік сьпісу, які перамог, Павал Латушка. Калі б выбары былі масавымі, то, пэўна, ён мог бы прэтэндаваць на ролю, супастаўную са статусам Сьвятланы Ціханоўскай. Аднак цяпер яму давядзецца трохі суцішыць свае амбіцыі.
Перагорнутая яшчэ адна старонка беларускай драмы. Ідзем далей.
Добро пожаловать в реальность!