Беларусы, як і год таму, спадзяюцца, што перамога Украіны ў вайне супраць Расіі прывядзе да хуткага вызвалення Беларусі. Праўда, вайна набыла пазіцыйны характар, на знясільванне. Украінскі контрнаступ адбыўся і адбываецца, але ён не супадае з карцінкай, намаляванай медыямі і ўра-патрыётамі.
На гэтым фоне надзеі беларусаў значна пабляклі.
Па якіх сцэнарах можа развівацца вайна ў 2024 годзе? Якую ролю ў чужой вайне Беларусі адводзіць Крэмль? Ці не перарасце вайны ў Трэцюю сусветную?
Прагнозы на 2024 год даў Аляксандр Казак, спецыяліст у пытаннях нацыянальнай бяспекі.
— Ніхто не ведае, у які бок паверне вайна, хаця ўсе мы будзем спадзявацца на лепшае. Не варта хаваць, што сітуацыя на фронце не бачыцца вельмі аптымістычнай, але разам з тым давайце згадаем, што зараз Украіна не мае праблемаў з электраэнергіяй, інтэнсіўнасць абстрэлаў канцэнтрыруецца пераважна па лініі фронту. Расія доўгі час накаплівала сілы, каб нанесці масіраваны ўдар па Украіне 29 снежня. Але сітуацыя ўжо зусім не нагадвае 2022 год.
Калі шчыра, то я не чакаю рашучай перамогі Украіны ў 2024 годзе.
— Павольная, пазіцыйная вайна на знясільванне працягнецца?
— Так, хутчэй за ўсё, менавіта так. Баюся, што ў 2024 годзе паўторыцца сітуацыя 2023-га. Год стане годам-паўзай, хаця напрыканцы года сітуацыя можа палепшыцца для Украіны.
— Такі сцэнар вельмі выгадны і персанальна для Лукашэнкі, і для беларускага рэжыму?
— Меркаванне пра тое, што перамога Украіны адразу зменіць сітуацыю ў Беларусі, не мае пад сабой падстаў. Па сутнасці, развіццё сітуацыі залежыць ад формулы перамогі Украіны. Аднак спадзявацца, што перамога Украіны аўтаматычна прывядзе да дэмакратычных зменаў у Беларусі, няварта.
Акрамя таго, беларусам неабходна зразумець, што адказнасць за Беларусь, а таксама адказнасць за рэжым таксама часткова будзе перакладзеная на беларусаў. А змены рэжыму пасля перамогі Украіны ці пасля падзення рэжыму Пуціна стане праблемай беларусаў, у прынцыпе, так і павінна быць па вялікім рахунку.
— Значыць, да падзення пуцінскага рэжыму наўрад ці варта чакаць перамен і ў Беларусі?
— Няварта. Падзенне рэжыму Пуціна не значыць аднамомантнае і неадкладнае падзенне Лукашэнкі. Ягоныя пазіцыі істотна пахіснуцца, становіцца пагоршыцца, але гэта не значыць, што ўсё зменіцца вокамгненна. Магчыма, праз год-два-тры змены і пачнуцца, але выпадзенне аднаго звяна з ланцуга аўтаматычна не прывядзе да распаду ўсяго ланцуга.
— У якім фармаце Беларусь можа ўдзельнічаць у вайне ў 2024 годзе?
— Роля Беларусі можа застацца ранейшай — яе будуць выкарыстоўваць як пляцоўку для абстрэлаў Украіны, як тылавое забеспячэнне. Я б сказаў, што вельмі малая верагоднасць, што беларускія войскі пойдуць ва Украіну, такую імавернасць я б ацаніў як блізкую да нуля. Але роля Беларусі ў ваенна-прамысловым комплексе Расіі будзе павялічвацца, яна і зараз вельмі вялікая, але будзе павялічвацца яшчэ больш. Цалкам магчыма, што Беларусь стане палігонам для расійскіх войскаў, трэніровачнай пляцоўкай.
— У такіх умовах трэба чакаць, што антызаходні саюз: Расія-Беларусь-Іран — будзе разрастацца і ўмацоўвацца?
— Цалкам магчыма. Расія дакладна будзе пашыраць пасіўную прысутнасць у Беларусі, з мэтай трымаць у напружанні ўсходні фланг НАТА. Усе мы памятаем, якога шораху нарабілі выказванні пра ядзерную атаку Расіі з тэрыторыі Беларусі па краінах усходняга флангу НАТА. А зараз з’явілася інфармацыя, што цягам наступных год Расія будзе планаваць і, магчыма, праводзіць атаку на краіны ўсходняга флангу НАТА.
Не выключаю, што Крэмль сапраўды выношвае такія планы. Але, па задумцы крамлёўскіх стратэгаў, агучванне такога сцэнару павінна моцна ўздзейнічаць на жыхароў суседніх краінаў — членаў НАТА. Наколькі моцным будзе гэтае ўдзеянне, залежыць ад таго, як гэтаму інфармацыйнаму наратыву будуць супрацьдзейнічаць урады Польшчы, Літвы, Латвіі, наколькі яны будуць разбудоўваць свае войскі. Але амаль не выклікае сумненняў, што Расія і Беларусь будуць «рваць нервы» гэтым краінам і іх жыхарам.
— Ці азначае ўсё сказанае, што Расія ўзяла курс на распальванне Трэцяй сусветнай вайны, пра якую ўжо даўно і многа гавораць? Ці паспее НАТА, Захад падрыхтавацца да такога сцэнару?
— Справа ў тым, што Першую і Другую сусветныя войны назвалі сусветнымі толькі пасля іх заканчэння. Таму казаць пра Трэцюю сусветную вайны мы ў любым выпадку зможам казаць пастфактум, гадоў праз дзесяць.
Але разам з тым фронт сапраўды можа пашырыцца. На дадзены момант я не думаю, што Расія ў стане весці баявыя дзеянні з краінамі НАТА. Я лічу, што краіны НАТА падрыхтаваныя да падобнага варыянту. Але вопыт вайны ва Украіне сведчыць, што Расія ў сваіх дзеяннях не заўсёды кіруецца логікай і прагматызмам, а вельмі часта дзейнічае па ідэалагічных матывах. Рызыку таго, што нешта адбудзецца, выключаць нельга, але гэтая рызыка вельмі і вельмі малая. Прынамсі, на 2024 год.
Добро пожаловать в реальность!