Планы афіцыйнага Кіева абмежаваць імпарт беларускага бензіну могуць прывесці да сур'ёзнага абвастрэння гандлёвых адносін. Так лічаць эксперты BISS, якія выпусцілі Беларускі знешнепалітычны індэкс, які ахоплівае перыяд верасень-кастрычнік 2012 г.
Нагадаем, 27 верасня міністр энергетыкі і вугальнай прамысловасці Украіны Юрый Бойка заявіў, што з 1 снежня бягучага года ва Украіне будуць уведзены пошліны на імпартныя нафтапрадукты. Гэта азначае сур'ёзны ўдар у першую чаргу па імпарту бензіну з Беларусі, які складае 77% ад усяго беларускага экспарту ва Украіну.
Аднак яснасці па працэдуры ўвядзення пошліны няма. Для гэтага папярэдне павінна быць праведзена спецыяльнае раследаванне міжведамаснай камісіі па скарзе аднаго з украінскіх НПЗ пра стратнасць пры бягучых умовах, канстатуюць эксперты BISS. А намеснік міністра эканомікі Уладзімір Макуха, які ўваходзіць у склад камісіі, не ўдакладніў, калі будзе прынята рашэнне аб правядзенні або адмове ў правядзенні спецраследавання.
На думку ўкраінскіх экспертаў, у такія кароткія тэрміны камісія проста не паспее правесці раследаванне і ўвесці пошліны. Таму 1 снежня не можа быць рэальнай датай павышэння коштаў, паколькі паміж абвяшчэннем вынікаў раследавання і падвышэннем коштаў павінна прайсці 90 дзён. У той жа час Макуха не выключыў магчымасць датэрміновага ўвядзення пошлін без заключэння камісіі.
Украінскія эксперты вельмі крытычна ўспрынялі ініцыятыву ўрада. Так, прэзідэнт асацыяцыі «Аб'яднанне аператараў рынку нафтапрадуктаў Украіны» Леанід Касянчук адзначыў: «Наступствы ўвядзення пошлін — гэта павышэнне коштаў на бензін, гэта манапалізацыя рынка, гэта поўная залежнасць ад расійскай нафты. Таму што канкураваць з расійскай нафтай па тых коштах, якія стаяць на сусветным рынку, немагчыма. Для гэтага акрамя газавай іголкі, мы зараз яшчэ прысядзем на нафтавую іголку. І будзем купляць вышэй за еўрапейскія кошты паліва».
Такім чынам, заяўленыя Бойка планы пакуль нельга лічыць канчаткова рэальнымі. У такога рашэння ёсць нямала праціўнікаў і ў самім урадзе, і ў сур'ёзных бізнэс-элітах. Аднак у адрозненне ад папярэдніх спроб спыніць імпарт беларускага бензіну, на гэты раз за ініцыятывай хаваецца так званая «Сям'я» (алігархічная група на чале са старэйшым сынам прэзідэнта Януковіча), якая мае намер ўзяць пад свой кантроль ўкраінскі сектар нафтаперапрацоўкі. Фактарам, які можа перашкодзіць ажыццяўленню гэтых планаў, з'яўляецца пагроза росту сацыяльнай напружанасці з-за росту рознічных цэн на бензін і непазбежнага росту коштаў на іншыя тавары шырокага спажывання, у сабекошт якіх ўключаюцца транспартныя выдаткі, лічаць эксперты BISS.
Добро пожаловать в реальность!