Общество

Як працуе рэпрэсіўная лёгіка Лукашэнкі, — тлумачыць Валер Карбалевіч

Рэпрэсіі не спыняюцца, хоць з гледзішча ўстойлівасьці рэжыму ў іх няма практычнай неабходнасьці.

Общество www.svaboda.org
0

Рэпрэсіі не спыняюцца, хоць з гледзішча ўстойлівасьці рэжыму ў іх няма практычнай неабходнасьці. Да таго ж апошнім часам яны набываюць большыя маштабы. У чым прычыны такой палітыкі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі? Тут дзейнічаюць як ірацыянальныя матывы, так і цалкам рацыянальныя разьлікі, пiша палiтолаг Валер Карбалевiч на Свабодзе.

Новыя рэпрэсіўныя захады ўладаў

На тле бурлівых міжнародных падзеяў апошнім часам зьяўляецца ўсё больш інфармацыі пра палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі. Паколькі паведамленьні пра ўсё новыя захады ўладаў ідуць адзін за другім, то складваецца ўражаньне, што іх колькасьць не зьмяншаецца, а нават павялічваецца.

Вось некалькі апошніх фактаў. КДБ Беларусі прызнаў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» чаты сваякоў людзей, якія знаходзяцца ў СІЗА ці калёніях. Нават проста знаходжаньне грамадзян у гэтых чатах можа пагражаць зьняволеньнем на тэрмін да шасьці гадоў (артыкул 361-1 Крымінальнага кодэксу РБ).

Вярхоўны суд Беларусі прызнаў Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт (ЭГУ) «экстрэмісцкай арганізацыяй».

Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон «Аб зьмяненьні кодэксаў па пытаньнях адміністрацыйнай адказнасьці». Ён уводзіць пакараньне за «незаконнае прадстаўніцтва» Беларусі на міжнародных мерапрыемствах, што можа быць накіравана супраць палітычных актывістаў і праваабаронцаў у выгнаньні.

Асобны блёк дакумэнта датычыць так званых «традыцыйных каштоўнасьцяў». Закон прадугледжвае адказнасьць за распаўсюджваньне інфармацыі, якая лічыцца «прапагандай» аднаполых адносін, мэдычнай дапамогі трансгендэрным асобам, бязьдзетнасьці. У заяве незалежных экспэртаў ААН адзначаецца, што гэта прывядзе да «інстытуцыяналізацыі дыскрымінацыі і значнага павышэньня рызык рэпрэсій» у Беларусі, дае дадатковыя падставы «для перасьледу ўжо маргіналізаваных груп і абаронцаў іх правоў».

Значны рэзананс у сацыяльных сетках выклікала рашэньне ўладаў ліквідаваць дабрачынны фонд «КіндэрВіта», які дапамагаў хворым дзецям.

Аргумэнты на карысьць спыненьня рэпрэсій

Можна доўга спрачацца, ці ўзмацняюцца рэпрэсіі, ці яны захоўваюцца прыкладна на адным узроўні. Дакладна можна канстатаваць, што яны не спыняюцца. Хоць, здавалася б, ёсьць шмат аргумэнтаў на карысьць таго, што ўзровень перасьледу грамадзян павінен пайсьці на спад. І падобныя прагнозы час ад часу зьяўляюцца ў экспэртным асяродзьдзі. На чым яны грунтуюцца?

Найперш, на тым, што з гледзішча ўстойлівасьці рэжыму ў шырокіх рэпрэсіях няма практычнай неабходнасьці. Усё зачышчана, значная частка палітычных праціўнікаў выціснутая за мяжу, захаваньню ўлады нічога не пагражае, таму можна было б і супакоіцца. Тым больш, што выбарчых кампаній няма, бліжэйшыя выбары (у мясцовыя саветы) будуць толькі ў 2028 годзе.

Да таго ж у рамках перамоўнага працэсу з ЗША спэцпрадстаўнік прэзыдэнта Злучаных Штатаў Джон Коўл упершыню паставіў пытаньне пра спыненьне рэпрэсій як складнік парадку дня беларуска-амэрыканскага дыялёгу. Паколькі афіцыйны Менск шмат паставіў на размарожваньне дачыненьняў з Вашынгтонам, то, здавалася б, варта рабіць крокі насустрач і ў гэтай тэме.

Інэрцыя сыстэмы

Але не. Рэпрэсіі не спыняюцца. Чаму? Некалькі прычын.

Найперш, гэта не зажытая траўма 2020 году, якая сядзіць як стрэмка ў сьвядомасьці Лукашэнкі, працягвае балець. Адсюль ніяк не задаволеная прага помсты.

Але акрамя такіх ірацыянальных матываў існуюць і чыста рацыянальныя разьлікі і падставы, якія дыктуюць працяг рэпрэсій. І тут галоўную ролю адыгрывае сіла інэрцыі сыстэмы, якая эвалюцыянуе ад аўтарытарызму да таталітарызму.

Розьніца ў тым, што ў звычайнай паліцэйскай дзяржаве грамадзян караюць за канкрэтныя дзеяньні, якія пагражаюць уладзе. А вось пры таталітарызьме перасьледуюць за прыналежнасьць да нейкага сацыяльнага слоя, нацыянальнасьці ці супольнасьці. У сталінскім СССР тэрарызавалі «буржуазію» і «кулакоў», у фашыстоўскай Нямеччыне — габрэяў і ромаў. У сёньняшняй Беларусі крыміналізуюць супольнасьці (чаты сваякоў зьняволеных, супрацоўнікаў ці студэнтаў ЭГУ, актывістаў ЛГБТ і інш.). Прычым, адсутнічае ўпэўненасьць, што грамадзянін нечакана ня стане ахвярай. Ніхто ня ведае, якую супольнасьць заўтра аб’явяць «экстрэмісцкім фармаваньнем». Вінаватым можа аказацца любы чалавек, і незразумела, як жыць, каб ня трапіць пад дзяржаўную «гільятыну».

Мае значэньне і неабходнасьць сынхранізацыі рэпрэсіўных практык з Расеяй. У РФ маштаб рэпрэсій узмацняецца, ахоплівае ўсё новыя сфэры грамадзкага жыцьця.

«Адліга» як небясьпека

Таксама для Лукашэнкі важна, каб вызваленьне некалькіх соцень палітвязьняў у рамках перамоўнага працэсу з ЗША грамадзтва не ўспрыняло як «адлігу». Таму трэба для захаваньня балансу ўзмацніць рэпрэсіі.

Лукашэнка неаднаразова апраўдваўся перад сілавікамі. Можна меркаваць, што да яго даводзяць настроі ў асяродзьдзі супрацоўнікаў сілавых структур, якія асьцерагаюцца, што зь пераходам да лібэралізацыі пад ціскам Захаду яны апынуцца «крайнімі», вінаватымі ў рэпрэсіях. Таму Лукашэнка асьцерагаецца проста ўключыць тормаз, каб ня выклікаць незадаволеньне тых структураў, якія зьяўляюцца ягоным апірышчам.

Акрамя таго, Лукашэнка робіць высновы з апошняга досьведу іншых краін. Вось у Іране рэжым аятол перастраляў з кулямётаў некалькі дзясяткаў тысяч пратэстоўцаў — і народ «супакоіўся». А ў Вугоршчыне Віктар Орбан ня стаў прымяняць гвалт для захаваньня ўлады, дазволіў лічыць галасы, у выніку прайграў. І Лукашэнка робіць высновы: стаўка на грубую сілу дае станоўчы вынік, а любая саступка праціўнікам небясьпечна і можа павярнуцца стратай усяго.

І ўрэшце ў рамках перамоўнага працэсу з ЗША важна не прадзешавіць. Калі вызваленьне палітвязьняў, спыненьне рэпрэсій — гэта тавар, які мае пэўны кошт, то прадаваць яго трэба толькі за адпаведную плату ў выглядзе адмены санкцый. Таму, лічыць Лукашэнка, варта пачакаць, што прапануюць амэрыканцы. А пакуль, на ўсялякі выпадак, заціскаць гайкі.

Подпишитесь на канал ex-press.live в Telegram и будьте в курсе самых актуальных событий Борисова, Жодино, страны и мира.
Добро пожаловать в реальность!
Если вы заметили ошибку в тексте новости, пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
ПОСЛЕДНИЕ НОВОСТИ
Общество
«Жду, пока везде будет Россия». Таксист с такой нашивкой ездит по Бресту
Общество
В Беларуси перестал работать еще один сервис "Яндекса"
Политика
«Неудивительно, что кое-кто так паникует от путинских «наступлений». Понимает, что на него могут наступить и даже не заметить»
В мире
Три месяца вагнеровцы вывозят золото из ЦАР в Беларусь — WSJ
Спорт
Футбол. Высшая лига. Борисовский БАТЭ проиграл в Могилёве "Днепру"
Общество
По-осеннему тепло и сухо, но к выходным испортится. Прогноз на следующую неделю октября
Общество
Лукашенко мало милиции, армии и спецслужб. Нужно еще и ополчение из сельсоветов
В мире
Пастухов: У Путина не получается с Европой то, что так легко прокатило с Трампом
Новости Жодино
В Смолевичском районе выявляют незаконные сливы нечистот у дорог
Новости Борисова
Набережная Березины: «Пролетарский молот» снова оказался в центре внимания
ВСЕ НОВОСТИ
ПОСЛЕДНИЕ НОВОСТИ
Общество
«Жду, пока везде будет Россия». Таксист с такой нашивкой ездит по Бресту
Общество
В Беларуси перестал работать еще один сервис "Яндекса"
Политика
«Неудивительно, что кое-кто так паникует от путинских «наступлений». Понимает, что на него могут наступить и даже не заметить»
В мире
Три месяца вагнеровцы вывозят золото из ЦАР в Беларусь — WSJ
Спорт
Футбол. Высшая лига. Борисовский БАТЭ проиграл в Могилёве "Днепру"
Общество
По-осеннему тепло и сухо, но к выходным испортится. Прогноз на следующую неделю октября
Общество
Лукашенко мало милиции, армии и спецслужб. Нужно еще и ополчение из сельсоветов
В мире
Пастухов: У Путина не получается с Европой то, что так легко прокатило с Трампом
Новости Жодино
В Смолевичском районе выявляют незаконные сливы нечистот у дорог
Новости Борисова
Набережная Березины: «Пролетарский молот» снова оказался в центре внимания
ВСЕ НОВОСТИ